Заснавальніка Wargaming абвінавачвалі ў звальненні супрацоўнікаў, якія падтрымалі вайну. А яшчэ стала вядома, у колькі ацанілі актывы «Лесты»

«Коммерсант» распавёў некаторыя падрабязнасці пра падставы, паводле якіх расійскі суд прызнаў экстрэмістамі заснавальніка Wargaming Віктара Кіслага і ўладальніка «Лесты» Маліка Хатажаева, а кампаніі, што ім належаць, перадаў у даход дзяржавы. Судовае разбіральніцтва па справе праходзіла ў закрытым рэжыме.

26 каментарыяў

Як піша выданне, расійская Генпракуратура ўсталявала, што Кіслы, які мае грамадзянства Беларусі і Кіпра, пасля пачатку вайны апраўдваў пазіцыю ўкраінскіх уладаў і накіроўваў прыбытак сваіх кампаній на фінансаванне Украіны.

У пазове гаворыцца, што ў 2022 годзе Кіслы падзяліў холдынг Wargaming на расійска-беларускі і міжнародны сегменты. Каб не страціць расійскі рынак, ён правёў намінальную рэструктурызацыю, зрабіўшы свайго падначаленага — кіраўніка санкт-пецярбургскага падраздзялення Маліка Хатажаева (ён таксама грамадзянін Кіпра) уладальнікам групы кампаній «Леста», якая належала Wargaming. ГК уключае ТАА «Леста», ТАА «Леста Геймс Эдженси», ТАА «Леста Геймс Москва», а таксама беларускія ТАА «ЛестаГеймз Лайн» і ТАА «Гейм Стрим», а таксама зарэгістраванае ва Ўзбекістане ТАА «Ист-Геймс».

Нягледзячы на змену ўладальніка, ГК «Леста», адзначалі пракуроры, працягвала кантралявацца Кіслым і прыносіць яму пастаянны прыбытак, за кошт якога, у прыватнасці, фінансавалася ўкраінская ўрадавая платформа «Юнайтэд24». Паводле афіцыйных заяваў кампаніі, у 2022–2023 гадах яна пералічыла туды $2 млн. Паводле дадзеных пазоўніка, згаданая пляцоўка накіроўвае атрыманыя ахвяраванні на закупку дронаў, транспартных сродкаў і іншага ваеннага абсталявання для УСУ.

У далейшым Wargaming запусціла ў сваіх гульнях праект «Wargaming United». Карыстальнікам прапаноўвалася купіць спецыяльныя віртуальныя наборы, прысвечаныя Украіне, у знак яе падтрымкі, адзначылі пракуроры. Паводле іх звестак, кампанія атрымала з продажаў больш за $1 млн і накіравала платформе «Юнайтэд24». «Такім чынам, холдынг „Wargaming“ стаў выкарыстоўвацца ў якасці механізму прапаганды кіеўскага рэжыму і яго фінансавання», — канстатаваў нагляд.

У пазове таксама гаварылася, што Кіслы ініцыяваў звальненне супрацоўнікаў расійскага падраздзялення Wargaming, якія выступілі за вайну. У прыватнасці, такая доля напаткала віцэ-прэзідэнта карпарацыі Сяргея Буркатоўскага. Пост з падтрымкай «аперацыі» ён апублікаваў 24 лютага 2022 года, але неўзабаве выдаліў. Між тым «Леста» ў сябе ў Telegram-канале і на сайце даказвае, які вялікі яе ўнёсак у падтрымку расійскіх вайскоўцаў.

Генпракуратура прыйшла да высновы, што дзеянні Кіслага, здзяйсняльныя праз падкантрольныя яму структуры, з’яўляюцца экстрэмісцкімі, «бо зводзяцца да публічнага апраўдання і фінансавання тэрарызму, дыскрымінацыі рускамоўнага насельніцтва, а таксама парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці РФ». У пазове падкрэслівалася, што зарэгістраваныя ў Маскве і Санкт-Пецярбургу ТАА «Леста», ТАА «Леста Геймс Эдженси» і ТАА «Леста Геймс Москва» з’яўляюцца высокаліквіднымі актывамі, за кошт якіх фарміруецца фінансавая база экстрэмісцкага аб’яднання, што складаецца з Кіслага і Хатажаева.

Для забеспячэння «інфармацыйнай бяспекі расійскай дзяржавы» і яе «абароны ад дэструктыўнага ўплыву з-за мяжы», а таксама спынення развіцця фінансавай базы ўдзельнікаў экстрэмісцкага аб’яднання пракуроры прасілі суд забараніць яго на тэрыторыі Расіі, а правы Кіслага і Хатажаева на групу кампаній «Леста» — ануляваць. Што і было зроблена судом.

Юрысты «Лесты» будуць падаваць апеляцыю. Актывы кампаніі ў дакументах, накіраваных у суд, ацэньваюцца ў гіганцкія для гульнявой індустрыі 135 млрд RUB ($1,7 млрд).

Креативный директор Wargaming, который поддержал войну, покинул компанию
Па тэме
Креативный директор Wargaming, который поддержал войну, покинул компанию
«Леста» ўсё растлумачыла: экстрэмісты — толькі Кіслы з Хатажаевым. Яна не 
Па тэме
«Леста» ўсё растлумачыла: экстрэмісты — толькі Кіслы з Хатажаевым. Яна не
«Леста» выклала адкрыты ліст з нагоды экстрэмісцкага статусу. Там шмат пра падтрымку вайны і згадваецца Беларусь.
Па тэме
«Леста» выклала адкрыты ліст з нагоды экстрэмісцкага статусу. Там шмат пра падтрымку вайны і згадваецца Беларусь.

Читать на dev.by