Новы развод? Кампанія патрабуе ў айцішніка з Беларусі «бронь» — за $150
Франтэнд-распрацоўшчык Багдан Серадзюк расказаў у лінкедзіне: ён адгукнуўся на вакансію, выканаў тэставае — і яго запрасілі на аплачвальную стажыроўку.
Кампанія — у Расіі, яе прадстаўнік у перапісцы запатрабаваў, каб трэйні падаў бронь ад службы ў войску. Даў кантакт пасярэдніка, які нібыта дапаможа за $100-150 атрымаць такую бронь праз фіктыўнае працаўладкаванне ў адную з дзвюх «акрэдытаваных кампаній у Гомелі» — «праз яго рабілі ўсе, хто ў нас працуе з РБ».
Багдан расказаў нам, што вакансіі ён глядзіць усюды — не толькі на джаббордах, але і ў тэлеграме. У адным з каналаў натрапіў якраз на тую.
А вось яна ж на сайце.
1. Багдан атрымлівае офер — стажыроўка за $8 на гадзіну ад кампаніі без сайта і офіса
Перапіска датуецца 27 снежня. Атрымаўшы рэзюмэ Багдана, нехта Дзяніс адказаў, што кампанія ў іх невялікая, эйчара няма, таму ён, цімлід, заняты яшчэ і такой працай. (Пазней Багдан высветліць, што рэквізітаў, сайта і офіса ў кампаніі таксама няма: «Сайт адсутнічае, бо мы не кампанія, а каманда», «Усе супрацоўнікі аддалена працуюць з розных куткоў цяпер ужо свету — большая частка з’ехала з краіны».)
Далей быў спіс пытанняў, у якім удакладнялася, што ў кандыдата з ваенным білетам.
Багдан адказаў — ён беларус, у мірны час да службы ў войску не годны.
Распрацоўшчык атрымаў тэставае — кажа, што яно было сапраўдным.
10 студзеня Дзяніс праверыў тэставае заданне, прапанаваў стажыроўку з аплатай $8 на гадзіну — і зноў пацікавіўся, «ці маецца адтэрміноўка/бронь».
Багдан даслаў фота ваеннага білета з расшыфроўкай, што гэта азначае ў Беларусі. Але суразмоўца ўдакладніў, што не, гэтага не дастаткова — «патрэбная працоўная бронь, пашукайце, дзе вы можаце яе аформіць».
2. Багдан атрымлівае кантакт Рустама, які «дапамагае браніраваць беларусаў»
Багдан пракансультаваўся з эйчарам на папярэднім месцы працы і пацвердзіў свае здагадкі, што яму, беларусу, гэта не трэба для працы. Але не, яго суразмоўца настойваў (а потым падчас перапіскі яшчэ некалькі разоў паўтараў), што «ў нас нават ад беларусаў просяць бронь», — а потым падзяліўся «кантактам, які рабіў броні нашым хлопцам з РБ».
3. Рустам прапануе фіктыўнае афармленне «ў акрэдытаваную ІТ-кампанію або ў сотавую» ў Гомелі — ад $100 да $150
Багдан пачаў перапіску з «Рустамам». Пытанне, нашто наогул беларусу бронь, той праігнараваў. Адказаў дзелавіта: «Ці патрэбная вам бронь? Так/не. Мяне астатняе не цікавіць».
Далей Рустам вярнуўся з адказам: ён можа фіктыўна аформіць Багдана на стажыроўку «ў акрэдытаваную ІТ-кампанію або ў сотавую» ў Гомелі — заробку не будзе, абавязкаў таксама. Кошт паслугі — ад $100 да $150 у залежнасці ад кампаніі. Тэрмін броні — 6 месяцаў, «потым можна падоўжыць».
Багдан скінуў нам «узоры броні», што яму даслаў суразмоўца: гэта звычайная дамова на стажыроўку ў кампаніі, а яшчэ вось такі бланк — абодва дакументы ў Word.
4. Багдан просіць кампанію аплаціць бронь, а потым вылічыць з заробку. Так нельга
Паралельна Багдан напісаў свайму «будучаму цімліду» — спытаў, ці зможа кампанія кампенсаваць яму выдаткі на афармленне броні. Прапанаваў вылічыць гэтую суму з першага заробку. Дзяніс адказаў галасавым: ён думае, «усё ок тут будзе», але трэба ўдакладніць у кіраўніка.
А ў наступным паведамленні паскардзіўся, што «атрымаў па шапцы» — відавочна, паабяцаўшы вырашыць пытанне з кампенсацыяй станоўча — «проста фірма не гатовая зараз браць на сябе выдаткі» на стажораў. Але яму трэба закрыць вакансію «як мага хутчэй». «Таму падумайце да пятніцы — можа быць, вы зможаце гэтую праблему вырашыць».
Яшчэ Багдан папрасіў свайго «будучага цімліда» паказаць яму гатовы дакумент, які падаў яму хаця б адзін з супрацоўнікаў, тых самых «нашых хлопцаў з РБ», — як прыклад. Але Дзяніс адмовіў, спаслаўшыся на «асабістыя звесткі».
5. Багдан робіць выгляд, што хоча заплаціць
Распрацоўшчык вярнуўся да размовы з Рустамам, стаў абмяркоўваць, як заплаціць за бронь. Наш суразмоўца кажа, што на той момант ён ужо быў упэўнены, што яго «разводзяць». Але працягнуў гульню — з цікавасці.
Рустам скінуў Багдану спіс крыптаабменнікаў, але той, вядома ж, не змог разабрацца. Тады пасярэднік даслаў яму спасылку на відэа, якое тлумачыць, як заплаціць з карты, а потым і ўвесь шлях падрабязна.
Ужо па нашай просьбе Багдан удакладніў у Рустама, як часта яму прыходзіць запыт на бронь ад беларусаў і колькім ён рабіў. Той адказаў: «Цяпер раблю траім і вам. Дагэтуль вельмі шмат — як толькі ў РФ пачалася мабілізацыя, людзі баяцца, што і ў РБ будзе тое ж самае».
Ці можа ІТ-кампанія забраніраваць грамадзяніна РБ?
Мы звярнуліся да юрыста: дык ці мае права працадаўца з Расіі патрабаваць ад беларуса нейкую там «бронь»?
У Расіі абвешчаная «частковая мабілізацыя» і ёсць спіс відаў дзейнасці кампаній, якія могуць прэтэндаваць на ўнясенне ў рэестр акрэдытаваных ІТ-кампаній, — яго зацвердзіла Мінлічбы (і кампаній з Гомеля там, вядома, няма). У Беларусі не абвяшчалі мабілізацыі. Спісаў «акрэдытаваных ІТ-кампаній» таксама няма.
Замежніка (напрыклад, грамадзяніна РБ, які працуе ў Расіі), не могуць мабілізаваць у расійскае войска — адпаведна, і забраніраваць яго па расійскіх спісах і законах нельга.
Наш суразмоўца адзначае, што ў беларускім заканадаўстве ёсць паняцце «на перыяд мабілізацыі і на ваенны час».
— Згодна з законам «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі», пад «бронь» падпадаюць арганізацыі, якія маюць мабілізацыйнае заданне, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва раёна і працягваюць працу ў ваенны час. То-бок для таго, каб кампанія мела магчымасць браніраваць супрацоўнікаў, яна мусіць быць «карыснай» у ваенны час.
Забраніраваць працаўнікоў такіх арганізацый могуць і ў мірны час. Але гэта відавочна не тычыцца супрацоўнікаў ІТ-кампаній.
Яшчэ цікавы момант: паводле закона «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» ў Беларусі браніраванню падлягаюць толькі ваеннаабавязаныя — то-бок тыя, што знаходзяцца ў запасе ўзброеных сіл або іншых воінскіх фармаванняў. А грамадзяне, якія падлягаюць прызыву на ваенную службу (прызыўнікі), да 27 гадоў, не браніруюцца.
Ёсць і іншыя патэнцыйныя «забраніраваныя»
У каментарах яшчэ два распрацоўшчыкі, з якіх адзін беларус, прызналіся, што выконвалі тэставае для тых жа людзей з «DevCrew». І таксама потым «пачаліся размовы пра бронь», пасля якіх абодва згарнулі камунікацыю з «патэнцыйным працадаўцам».
Адзін з іх напісаў пост у лінкедзіне тры тыдні таму. Калі коратка, усё той жа Дзяніс гатовы быў яго ўзяць у каманду, але патрэбны «белы білет», — і ён даў кантакт, які «можа ўсё вырашыць» за… $200.
У каментарах мяркуюць, што гэта адаптацыя старога разводу да новых рэалій: «Чуў падобныя гісторыі ад прадаўцоў, ад якіх патрабуюць медкніжку пры прыёме на працу. Потым цудоўным чынам аб’яўляецца чалавек ад працадаўцы, які можа хутка зрабіць медкніжку. Яму адпраўляюць грошы — і ні кніжкі, ні вакансіі».
Рэдакцыі патрэбная вашая дапамога проста цяпер.
Нам можна дапамагчы праз Patreon. Выберыце штомесячны ўзровень падтрымкі: 10, 20, 30, 100 ці 500 долараў — або ўнясіце любую суму.
А яшчэ мы прымаем крыптавалюту.
Bitcoin bc1qae22u3sg8es6j22pg4mmyrdvvym0vxjyesxhhw
Etherium 0×831a6641721E70af32dDa262F4110eB704af8c05
Tether USD (USDT) on ETH Network 0×831a6641721E70af32dDa262F4110eB704af8c05
Zcash t1R5UM9VMR1hJvJqTJ9w5bAmHxrDLJ9Nxmh
Дзякуй, што вы з намi.
Читать на dev.by