«Трэба быць прасцейшым». Як айцішнікам адмаўляюць, бо яны занадта крутыя
«Оверкваліфайд», «перараслі вакансію», «будзе сумна» — здаецца, адмова: «занадта крутыя для нас», — усё адно адмова, хоць і не так крыўдна. Даведаліся ў чытачоў, якім адмаўлялі, бо яны залішне добрыя — як яно.
«Зраблю ўсю працу за 3 месяцы — а далей будзе сумна»
- актуальная пазіцыя + досвед: DevOps тэхлід/архітэктар, досвед у ІТ — 17 гадоў
- пазіцыя на той момант: DevOps цімлід у вялікай кампаніі
- на якую прэтэндаваў: на аналагічную, кампанія невялікая
— Аднаго разу я атрымаў адмову праз тое, што «перарос» вакансію devops-цімліда, а кар’ерны рост да тэхнічнага дырэктара на гэтай пазіцыі не быў прадугледжаны. У кампаніі выказалі здагадку, што я зраблю ўсю працу за 3 месяцы — «а далей вам будзе сумна». Ад нуды я хутчэй за ўсё звольнюся, вырашылі яны, — і ім зноў прыйдзецца шукаць чалавека.
Я на той момант займаў пасаду цімліда, але ў кампаніі нашмат большага памеру. І, калі шчыра, не шукаў працы — адгукнуўся проста з цікаўнасці. Я нават думаў, што мяне не возьмуць праз запыты па заробку (хаця агучыў іх яшчэ да інтэрв’ю). А само сумоўе было нейкім занадта лёгкім, не «потным» — калі ты стамляешся, як быццам фізічна вашаваў.
«3+ месяцы шукаеш працу — то недацягваеш, то перацягваеш»
- актуальная пазіцыя + досвед: UI/UX-дызайнер, 5 гадоў досведу
- на якую прэтэндаваў: на аналагічную
— Якраз днямі атрымаў вось такі адказ ад кампаніі.
Я мідл з досведам працы 5 гадоў. У апісанні вакансіі наўпрост не было сказана, на які ўзровень яна разлічаная, таму адгукнуўся. Маё рэзюмэ зацікавіла эйчарку — яна так і напісала. Задала колькі пытанняў — мы пагутарылі па чэк-лісце.
Затым эйчарка перадала ўсю інфармацыю менеджару і напісала, што ў выпадку чаго са мной звяжуцца. Я пачакаў тыдзень і вярнуўся з пытаннем сам. Крыўдна! Шукаеш працу 3+ месяцы — але ў «тую самую» кампанію не трапляеш, бо ты то недацягваеш, то перацягваць. Я вызначыў цэннік у $1500: можа, да іх дыяпазону не пасуе?
«Сышоў у праектную дзейнасць, а патрэбны быў «бяры болей, кідай далей»
- актуальная пазіцыя + досвед: дырэктар па развіцці, 20 гадоў досведу
- досвед і пазіцыі, калі прызнавалі «оверкваліфайд»: 6-7 гадоў досведу на пасадах ад інжынера да тэхнічнага аналітыка
- на што прэтэндаваў: на аналагічныя пасады
— Неяк уладкоўваўся на завод General Motors у Санкт-Пецярбургу на пазіцыю энікея/ў падтрымку. Прайшоў сумоўе, і проста ў канцы інтэрв’юеры выдалі: вы для нас «оверкваліфайд».
Потым яшчэ пару разоў бывала, што проста на рэзюмэ прыходзіла адмова са сціплым: «У вас занадта высокая кваліфікацыя, вам будзе нецікава». Так, у першы раз было крыўдна, што мяне адсеялі, хоць і з фармулёўкай «супер-стар». Але потым я стаў ставіцца да такіх адмоў спакойней і нават з гумарам. Тым больш, што сам я нярэдка хадзіў на сумоўі проста для падтрымання тонусу — і таму адмовы былі чаканыя.
Калі падумаць, то магчыма, у кампаніях хацелі адмовіць «пазітыўна» — і знайшлі такі варыянт. А ў General Motors я быў не да кампаніі, бо ўжо тады ў большай ступені сышоў у праектную дзейнасць, а ім патрэбны быў хтосьці «бяры болей, кідай далей» ад ІТ.
«Такіх інжынераў не могуць загрузіць больш, чым на 1-4 гадзіны на дзень»
- актуальная пазіцыя + досвед: шматстаночнік з 22 гадамі досведу, «знаёмы амаль з усімі тэхналогіямі, якія з’явіліся ад 2000 года»
- на што прэтэндаваў: «ніколі канкрэтнай пазіцыі не пазначаю, толькі пералічваю праекты, у якіх удзельнічаў і ў якіх ролях знаходзіўся. А ў працэсе гутаркі вырашаем, чым цікава займацца»
Я — шматстаночнік, звычайна займаюся ўзмацненнем каманды, у якую мяне ўводзяць, ва ўсіх вымярэннях: тэхэкспертыза, аналіз, ТРИЗ, тэставанне, беспасярэдняя распрацоўка UI, бэк, захоўванне і апрацоўка.
Гэта можна ўявіць так: весляры ў чоўне ледзь грабуць і адзін аднаму перашкаджаюць, але на яго ставяць магутны рухавік і бубнача, які адбівае рытм. Човен разганяецца, весляры пачынаюць працаваць зладжана, разумеюць, як веславаць, — і праз які час рухавік і бубнача можна зняць.
Я лічу, формула такая: 1 оверкваліфайд фулстэк-інжынер = камандзе з двух-трох сярэдніх сеньёраў, аднаго аналітыка, двух тэсціроўшчыкаў і ліда. А калі ў нашага інжынера яшчэ развіты кругагляд, у гэтую каманду яшчэ варта дадаць продакт оўнара, то-бок + ТРИЗ.
І вось да такога чалавека грукаецца ў прыват малады эйчар — і прапаноўвае вакансію на ўмовах у 3-5 разоў горшых, чым ён ужо мае. І нічога, што ў першым жа радку ў спецыяліста ў профілі пазначана: 20 гадоў баявога стажу, што значыць «ведаю і ўмею ўсё». Гэтага эйчар не заўважае.
І вось сумоўе. Калі клічуць у стартап, то неўзабаве ён пачуе: вы для нас «оверкваліфайд». Бо на такога будзе завязаны ўвесь бізнэс, і трэба будзе з ім дзяліцца. Ды стартапу прасцей на $10-13 тысяч, якія ён запатрабуе, наняць каманду з танных спецыялістаў з невялікім досведам.
Сярэдняя памерам кампанія таксама наўрад ці возьме гэтага спецыяліста. Калі прыходзяць такія інжынеры, іх не могуць загрузіць больш, чым на 1-4 гадзіны на дзень, бо яны закрываюць свае задачы імгненна, выкарыстоўваючы напрацоўкі мінулых гадоў.
Іншыя за імі папросту не паспяваюць. А яны зноў «оверкваліфайд».
Буйная кампанія можа зацікавіцца такім. Магчыма, прапануе рэлакацыю ў ЗША, як гэта было са мной. На гутарках мне нярэдка казалі: «Табе ў Беларусі рабіць няма чаго». Але мне рэлакейт быў не цікавы. Магчыма, дарма, але я не шкадую пра свой выбар.
Я думаю, што фразу: «Вы нам не пасуеце, бо оверкваліфайд/у нас маладая каманда, а вы — стары», — варта перакладаць так:
- бюджэт не дазваляе наняць такога спецыяліста, і мы не бачым/не ведаем, як ён сябе пакажа, а рызыкаваць не гатовыя;
- кандыдат немалады, дасведчаны, але па нейкіх канкрэтных ведах не дацягвае — давайце не будзем яго крыўдзіць;
- праца адносна простая і яе шмат,але мы думаем, што па кваліфікацыі чалавеку будзе некамфортна працаваць у нас/праект не пасуе, спецыяліст не зможа ў ім раскрыцца;
- у нашага маладога кіраўніка завышанае пачуццё ўласнай значнасці.
Але ёсць таксама шмат дэталей.
Яшчэ я б дадаў, што эйчары, як правіла, закрываюць толькі «цякучку». А «мацёрых» у асноўным перацягваюць з асабістых знаёмстваў, калі ўмовы прапануюць уладальнікі бізнэсу і кіраўнікі каманд, а не рэкруцёры.
Дарэчы, з усіх сумоўяў, што былі ў мяне, пэўна, самае цікавае ў Fitbit: трэба было ля дошкі нахрапам вырашыць вытворчую задачу і з пункту гледжання архітэктуры, і распрацоўкі. На другім месцы сумоўе ў «Яндэксе» — за гадзіну трэба было вырашыць 3 задачы па алгарытмізацыі, якія звычайныя распрацоўшчыкі вырашаюць каля 5-10 працоўных дзён.
«Вы нам не пасуеце, трэба быць прасцейшым»
- актуальная пазіцыя: вядучы інжынер-праграміст, (распрацоўвае софт на мікракантролеры ад 2010 года), аўтар артыкулаў для спецыялізаваных часопісаў
- пазіцыя на той момант (люты 2022): вядучы інжынер-электронік
- на якую прэтэндаваў: інжынер-электронік (праграміст мікракантролераў)
— У лютым я атрымаў вось такі адказ ад адной кампаніі: «Вы нам не пасуеце, трэба быць прасцейшым», — ён прыйшоў праз 3 хвіліны пасля таго, як я адправіў сваё рэзюмэ з суправаджальным лістом.
Назвы кампаніі я ўжо не згадаю. Памятаю, што яна арандавала плошчы ў раёне завода «Гарызонт» і шукала распрацоўшчыка на AVR-мікракантролерах для стварэння абсталявання для квэст-пакояў. У апісанні вакансіі гаварылася, што кандыдат мае валодаць Arduino, знаць праграму Sprint Layout для малявання прымітыўных друкарскіх плат і схем і валодаць яшчэ некаторым софтам — паводле іх спісу.
У суправаджальным лісце я пазначыў, што пералічаным софтам валодаю ў поўнай меры (хаця ў рэзюмэ гэтага і не пазначана), так як пачынаў свой шлях у электроніцы і праграмаванні з гэтых праграм. Адначасна пазначыў, што ў апісанні вакансіі ёсць памылка — такога софту не існуе, а ёсць падобны з розніцай у адну літару. Таксама пазначыў, што валодаю ведамі на больш глыбокім узроўні, чым ім патрабуецца.
І гэта была праўда: досвед распрацоўкі на мікракантролерах AVR, як неабходна ім, у мяне ад 2010 года. Больш за 30 праектаў на розных працах + больш за дзесятак асабістых. На іншых мікракантролерах таксама шмат досведу. Ад 2018 праграмую stm32, ад 2011 — Microchip PIC, ад 2015 — silabs.
Ад 2010 да 2015 года я нават пісаў навучальныя артыкулы па Arduino і AVR у часопісах «Радыё», «Радыёаматар», «Радыёмір», «Радыёкот» і да т. п. Гэта я таксама пазначыў у суправаджальным лісце — са спасылкамі.
«Людзі баяцца браць дасведчанага чалавека — а раптам падседзіць»
— У мяне падобная праблема праз «надта прыгожае» рэзюмэ і вельмі вялікі досвед, які пазначаны ў ім.
Падаючыся на вакансію тэхнічнага дырэктара, я не раз чуў: прабачце, вы нам не пасуеце. Часам быў адказ: у нас малады калектыў — і гэта гучала смешна, мне самому тады было 33 гады.
Я ўсё ж дапускаў, што справа можа быць ва ўзросце. Або ў недахопе ведаў. Але з часам я зразумеў: людзі тупа баяцца браць дасведчанага чалавека — а раптам падседзіць або створыць нездаровую канкурэнцыю. Але з падобным я сутыкаўся, толькі калі падаваўся ў кампаніі, што працуюць у Расіі і ў Беларусі, для замежных кампаній гэта не характэрна.
Што ж я рабіў: ставіў эксперыменты. Перамяншаў свой досвед, спрашчаў, скарачаў рэзюмэ, пакідаючы толькі што патрабуе канкрэтная вакансія, а таксама скупыя фразы па тэхнічным боку. І часцей за ўсё праблема вырашалася — тут жа вынікалі водгукі. Часам я і на сумоўі хлусіў пра свой рэальны досвед, перамяншаючы яго.
Читать на dev.by