Дзе гэтыя «праграмісты»? Польскай апазіцыі, што перамагла на выбарах, не падабаецца PBH
У «Грамадзянскай кааліцыі» пераймаюцца, што айцішнікі, якія атрымалі візы, не працуюць у ІТ або — яшчэ горш — працуюць над урадавымі заказамі.
Дэпутаты Сейма ад «Грамадзянскай кааліцыі» Ян Грабец і Ганна Гіль-Пёнтэк на перадвыбарнай прэс-канферэнцыі зрабілі заяву аб небяспецы, якую нібыта нясе выдача віз PBH.
«Ад пачатку расійска-ўкраінскай вайны беларусам выдадзена 65 тысяч віз, — сказаў Ян Грабец. — А мы ведаем, якую дапамогу Беларусь аказвае ў гэтай вайне Расіі. Яшчэ 1700 віз было выдадзена расійцам.
Канцылярыя прэм’ера не змагла даць звесткі, дзе гэтыя «праграмісты» (двукоссе дэпутат паказаў пальцамі. — dev.by) працуюць. Ці працуюць яны ў Польшчы, ці працуюць яны ў кампаніях, якія выконваюць дзяржзаказы, звязаныя з ІТ-рашэннямі, крытычна важнымі для функцыянавання дзяржавы. Адказаў на гэтыя пытанні ў канцылярыі прэм’ер-міністра мы не знайшлі.
Гэта турбуе нас. Калі польская дзяржава не ведае, дзе працуюць праграмісты, якія тысячамі прыехалі з Расіі і Беларусі ў апошнія два гады, то мы ў вельмі небяспечнай сітуацыі».
Паводле даных Упраўлення справамі замежнікаў, ад жніўня 2020 года да чэрвеня 2023 візы PBH атрымалі 113 906 грамадзян Беларусі. З іх больш за 40% (больш за 48 тысяч чалавек) атрымалі такія візы ад снежня 2022 да чэрвеня 2023 года.
У сваю чаргу Ганна Гіль-Пёнтэк расказала пра гандаль картамі паляка на рускамоўных тэлеграм-каналах і сайтах. У доказ яна прадэманстравала раздрукоўкі аб’яў з такіх рэсурсаў.
— Як вынікае з адказу на адзін з маіх запытаў, у 2022 годзе зваротаў за картамі паляка было звыш 26 тысяч. То-бок маштабы вялікія. Карта паляка, якая мелася спрасціць жыццё людзям, што знаходзяцца па-за межамі радзімы, але ідэнтыфікуюць сябе як палякі, з’яўляецца прадметам гандлю. Гэта яшчэ горш, ніж гандаль нашай бяспекай на азіяцкіх і афрыканскіх кірмашах.
Апошняя згадка адносіцца да шматслойнага візавага скандалу, які разгарэўся пры канцы жніўня на перадвыбарнай хвалі. Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро (CBA) Польшчы пачало праверку ў сувязі з рэкорднай колькасцю віз і дазволаў на працу, выдадзеных замежнікам. Яны нібыта актыўна прадаваліся ў краінах Афрыкі і Блізкага Усходу.
Асобныя сюжэтныя лініі — пра індыйскую кампанію VFS Global, якая аказвае паслугі пасярэднікаў у падачы заяў на візы ў 70 краінах, і Беларусь, дзе VFS Global, па сутнасці, з’яўляецца манапалістам. Тое, што ў Беларусі квітнее бізнэс па продажы слотаў, ні для кога не сакрэт, але публічна карупцыйныя схемы пакуль не раскрытыя. Насуперак агучаным намерам, МЗС Польшчы не скасоўвае кантракта з VFS Global у Беларусі.
Затое ў польскіх медыя гучаць новыя абвінаваўчыя намёкі — маўляў, неўзабаве пасля звароту па польскія візы некаторых беларусаў затрымлівалі проста каля ВЦ.
Што гэта значыць для PBH і рэлакантаў?
Наколькі сур’ёзна пагражаюць настроі часткі дэпутатаў рэлакантам, пакуль незразумела. Нагадаем, заява прагучала перад выбарамі і несла крытычны пасыл на адрас урада Матэвуша Маравецкага.
На выбарах 15 кастрычніка «Грамадзянская кааліцыя» набрала больш за іншыя апазіцыйныя партыі (30,7%) і цяпер у кааліцыі з «Трэцім шляхам» і «Лявіцай» можа сфармаваць урад.
З аднаго боку, гэта дае ёй магчымасць актыўна ажыццяўляць антыбеларускія тэзісы. З другога, не выключана, што пра «ІТ-пагрозу» проста забудуць. У «Грамадзянскай кааліцыі» і акрамя праграмістаў шмат заяўленых праблем.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by