Польшча хоча ў 1,5 разу павялічыць кошт нацыянальнай візы
МЗС Польшчы падрыхтаваў праект пастановы, які прадугледжвае павелічэнне консульскага збору за прыём і разгляд заявы на атрыманне нацыянальнай візы тыпу D — ад 80 да 135 еўра. Пра гэта піша канал для айцішнікаў у Польшчы Dzik Pic.
Адная з прычын падаражэння — «рост выдаткаў на адміністрацыйнае забеспячэнне візавага працэсу». Таксама ў МЗС лічаць, што павелічэнне платы будзе перашкаджаць нелегальнай міграцыі.
У міністэрстве лічаць, што сённяшняя плата за прыём і апрацоўку заявы на нацыянальную візу адносна невысокая. У гэтай сувязі візу ўспрымаюць як «лёгкадаступны інструмент для нелегальнай міграцыі ў Польшчу і/або Шэнгенскую зону». І гэта «заахвочвае выкарыстанне нацыянальнай візы для мэтаў, адрозных ад заяўленых (напрыклад, знаходжанне/праца ў іншых краінах Шэнгенскай зоны)», — растлумачыла МЗС выданню Rzeczpospolita.
Планаванае змяненне закране грамадзян краін, якія плацяць за візу D па поўнай: Турцыі, Індыі, Непала, Узбекістана, Філіпін, Казахстана, Бангладэш, Грузіі, Азербайджана.
Читать на dev.by