Польшча хоча ўвесці падатак на бігтэхаў. У ЗША прыгразілі наступствамі
Польшча не збіраецца адмаўляцца ад працы над падаткам для лічбавых гігантаў. Пра гэта заявіў у аўторак, 11 сакавіка, віцэ-прэм’ер і міністр лічбавізацыі краіны Кшыштаф Гаўкоўскі ў інтэрв’ю Radio Zet.
Напярэдадні, у панядзелак, амбасадар ЗША ў Польшчы Томас Роўз назваў нядаўна анансаваны польскімі ўладамі падатак на буйныя ІТ-кампаніі «не надта разумным» і «самагубчым». Роўз дадаў, што гэта нашкодзіць Польшчы і яе адносінам з ЗША, а таксама што прэзідэнт Дональд Трамп адкажа на гэта ўзаемнасцю.
У дэталі падатку, які распрацоўваецца, Гаўкоўскі не паглыбляўся. Аднак вядома, што ён будзе нацэлены на прыбыткі, якія атрымліваюць тэхналагічныя гіганты ў Польшчы, і на падтрымку мясцовых ІТ-кампаній. У размове з журналістамі міністр адзначыў, што яму «надакучыла», што іншыя краіны спрабуюць умешвацца ў заканатворчы працэс у Польшчы.
«Амбасадару варта ведаць, што ў Польшчы менавіта польскія ўлады, а таксама ўрадавыя і парламенцкія інстытуты прымаюць рашэнні аб тым, як будзе выглядаць заканатворчы працэс. Мы ні ад чаго не адмовімся і працягнем праводзіць кансультацыйныя работы, таму што Польшча мае права прымаць рашэнні. У Польшчы такое ж права, як і ў Францыі, Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія ўжо ўвялі лічбавы падатак. Чаму б Польшчы не працаваць над гэтым? Чаму б не абмяркоўваць магчымасць таго, каб буйныя карпарацыі, якія зарабляюць тут, плацілі больш падаткаў?» — цытуе Гаўкоўскага Polskie Radio.
Міністр фінансаў і рэгіянальнай палітыкі Польшчы Катажына Пелчыньска-Наленч у каментары каналу TVP Info адзначыла, што ў цэлым падтрымлівае ідэю такога падатку, аднак момант выбраны не самы адпаведны з улікам рызыкі гандлёвай вайны паміж дзвюма краінамі.
Як піша Reuters, адносіны паміж ЗША і Еўропай пахіснула палітыка Дональда Трампа ў сферы бяспекі і гандлю. Таксама вострыя спрэчкі паміж прадстаўнікамі ЗША і Польшчы разгарэліся наконт спадарожнікавага інтэрнэту Starlink для Украіны. Амерыканскі дзяржсакратар Марка Рубіа на выходных абвінаваціў кіраўніка польскага МЗС Радаслава Сікорскага ў хлусні і няўдзячнасці, а Ілан Маск адкрыта нахаміў яму ў сацсетках. У панядзелак за свайго суайчынніка заступіўся прэм’ер Дональд Туск, які заклікаў заакіянскіх «сяброў» стрымаць запал. Новы польскі падатак — яшчэ адна тэма слоўнай вайны паміж Варшавай і Вашынгтонам.
Читать на dev.by