Апошнія свіфты ў Беларусь закрываюцца. Што робяць айцішнікі
Рэлакуюць або звальняюць, шукаюць шчыліны ў банках, якія засталіся, думаюць пра змену рынкаў. А хтосьці ўжо ўсё прадугледзеў і спакойны.
Атрымліваць валютныя пераказы з-за мяжы ў Беларусі ўсё складаней. Вось і Прыёрбанк, апошняя апора ўваходных валютных свіфтоў, ад 15 мая губляе амерыканскі банк-карэспандэнт Citibank NA і спыняе аперацыі ў USD па карэспандэнцкім рахунку.
Паводле інфармацыі dev.by, для некаторых ІТ-кампаній, што абслугоўваюцца ў Прыёрбанку, гэта стала апошнім аргументам, яны прапаноўваюць супрацоўнікам пераехаць або звольніцца.
dev.by спытаўся ў чытачоў, чые інтарэсы пакутуюць праз «адміранне» доларавых плацяжоў, як яны вырашаюць праблему.
Экс-супрацоўнік: офіс закрываецца, хто не хоча ехаць — на мароз
Невялікая прадуктовая кампанія ў фінансавай сферы, абслугоўваецца ў Прыёрбанку. Мінскі офіс «закрываецца» — пакідаюць толькі бухгалтара і прыбіральшчыцу, бо кампанія ў спісе забароненых да продажу. Прычына — немагчымасць заводзіць грошы ў Беларусь і плаціць заробкі.
Ахвотныя могуць атрымаць PBH і з’ехаць у Польшчу, каб там працягнуць супрацоўніцтва з кампаніяй праз ІП. Кампанія з пераездам ніяк не дапамагае. Хто не хоча — на мароз, з кампенсацый аднаго заробку.
Такое рашэнне супрацоўнікам агучылі раптоўна дзесьці ў сярэдзіне сакавіка. Не ведаю, якую інфармацыю атрымала кіраўніцтва кампаніі (пра спыненне супрацоўніцтва з Citibank NA стала вядома толькі ў красавіку. — dev.by), але ўжо тады была нейкая сумятня з Прыёрам. Раней пра такія планы гаворкі не было.
У мяне няма статыстыкі, колькі супрацоўнікаў рашаюць пераехаць, а колькі — звольніцца, але, паводле адчуванняў, людзі ў асноўным звальняюцца. Проста тыя, хто хацеў і мог з’ехаць, зрабілі гэта раней, — траціна супрацоўнікаў і так ужо працавала з Польшчы ды іншых лакацый. Звальняюць дробнымі групамі раз на тыдзень, каб бухгалтарам і кадравікам было зручна.
Фрылансер: ніводны банк не гарантуе паспяховага SWIFT-пераказу
Працую з кліентамі з Аўстраліі. Атрымліваў SWIFT-пераказы на рахунак у Прыёрбанку, але цяпер гэта ўжо немагчыма.
Я адкрыў спіс усіх банкаў РБ, выкрасліў адтуль усе падсанкцыйныя і з расійскім следам банкі, а ў астатнія патэлефанаваў з пытаннем пра плацяжы з Аўстраліі.
Станоўча мне адказалі ў трох: БСБ, Цэптар банку і Тэхнабанку. Але, як толькі я пачаў паўторна звяртацца да іх у пісьмовай форме, адразу з’явілася купа нюансаў.
Дзесьці проста адказваюць «не, немагчыма», дзесьці кажуць, што з іх боку абмежаванняў на прыём плацяжоў няма, але яны могуць быць у банкаў-карэспандэнтаў. Дзесьці скідваюць спіс банкаў, з якіх пераказы даходзяць.
Цікава атрымалася з БСБ. Патэлефанаваў ім — сказалі, што прыняць плацеж з Аўстраліі ў доларах могуць. Потым напісаў у бот — сказалі, што не. Маўляў, як толькі плацеж зойдзе на тэрыторыю ЗША, яго абавязкова развернуць.
Тэхнабанк мае карэспандэнцкія рахункі ў Казахстане ў USD, але потым пераказ ідзе на амерыканскі банк. Як гэта спрацуе, незразумела.
БНБ адказалі вось што:
У кол-цэнтры Цэптар Банка мне сказалі, што пераказ мае прыйсці. У іх такая логіка была: калі з Эміратаў нядаўна прыйшоў плацеж, то і з Аўстраліі мае прыйсці. Я ўсё роўна ў гэта слаба веру. Цэптар, здаецца, ганяе грошы праз Raiffeisen. Не разумею, чаму ў іх мае атрымацца, калі ў іншых не працуе.
Напісаў ім ліст — цішыня. Пэўна, буду яшчэ ім пісаць.
Вось адказ з Парытэтбанка. У іхнім спісе не знайшлося майго банка.
Такім чынам, гарантый мне нідзе не даюць. Прапануюць мне самому даведвацца на баку адпраўніка, ці дойдзе іхні пераказ. Уяўляю, як я прапаноўваю сваім кліентам тэлефанаваць у банк і ўдакладняць.
Увогуле, упэўненасці няма ў аніводным банку, на свіфты разлічваць нельга. Адзінае, што абнадзейвае — опцыя з Paysend, пра якую вы напісалі ў сваім артыкуле. Думаю, буду прасіць заказчыка рабіць пераказы праз гэты сэрвіс. Так, чытаў пра спісанні, але ж гэта быў тэхнічны момант: яны не разлічылі гэтых курсаў у сваёй бізнэс-мадэлі і на ляту змянілі ўмовы.
І яшчэ: калі б не ППД, які дазваляе атрымліваць узнагароду на картку, я не ведаю, як бы я цяпер атрымліваў грошы і плаціў падатак. Бо ІП, наколькі ведаю, працуюць толькі з пераказамі на рахунак.
Заснавальнік геймдэў-кампаніі: застаецца працаваць пад заказ іншай кампаніі або шукаць выдавецтва ў «нейтральнай» краіне
Мы распрацоўваем відэагульні, выпускаем прадукты ў Steam. Выплаты атрымлівалі на рахунак у Прыёрбанку праз банк-карэспандэнт Citibank NA. На дзіва, выплата пры канцы красавіка прайшла — верагодна, апошняя.
Каб атрымліваць плацяжы далей, разглядаем БСБ і БНБ. У іх доларавы карэспандэнт Raiffeisen. Аднак ёсць рызыка, што і там плацяжы «адваляцца». Па вялікім рахунку, з пачаткам праблем у Прыёра не засталося ўстойлівых да цяперашняй сітуацыі банкаў.
Варыянтаў застаецца не вельмі шмат.
- Спрабаваць працаваць на ўнутраны або расійскі рынак.
На расійскім рынку яшчэ можна спрабаваць у геймдэў. Вядома, абароты не тыя, што на глабальных пляцоўках, але паспрабаваць варта.
А на беларускім рынку адзіны варыянт — працаваць пад заказ канкрэтнай арганізацыі. Мы робім захады ў бок распрацоўкі софту ў сферы камп’ютарнага праектавання і аптымізацыі сістэм.
- Рэлакаваць кампанію. Але гэта не варыянт, у нашай маленькай каманды пакуль няма магчымасці з’ехаць.
- Працаваць праз выдавецтвы ў іншых краінах. Многія краіны дагэтуль пераказваюць грошы ў РБ нават без банка-карэспандэнта. Некаторыя могуць нават у крыптавалюце.
Два месяцы таму паступала прапанова ад аднаго канадскага выдавецтва. Схема такая:
- Яны выдаюць наш прадукт на пляцоўцы Steam пад сваім імем.
- Усе грошы ад продажаў паступаюць на іх рахунак.
- Выдавецтва раз на квартал у адпаведнасці з дамовай пераказвае нашую долю прыбытку з канадскага рахунку на беларускі.
А, Канада ўвяла санкцыі супраць Прыёра? Тады, на жаль, з Канадай ужо не атрымаецца.
Надзейнейшым падаецца варыянт, калі выдавецтва знаходзіцца ў «нейтральнай» дзяржаве, якая прымае плацяжы з ЗША, і можа адпраўляць іх у Беларусь. Напрыклад, у Казахстане.
Атрымліваецца, што рэальныя опцыі такія:
- Расійскі рынак.
- Пошук кліентаў у РБ і праца пад заказ.
- Бегаць з банка ў банк, атрымліваючы пераказы з ЗША, пакуль яны прыходзяць.
Пакуль сочым за сітуацыяй, рыхтуемся да любых варыянтаў.
Заснавальнік сэрвіснай кампаніі: калі што, пяройдзем на еўра
Мы абслугоўваемся ў Прыёры. Калі плацяжы ў доларах спыняць, значыць, пяройдзем на еўра.
Вядома, пасылаць еўра з ЗША не рашэнне. У нас delivery chain пабудаваны так, што ўсе заказы сцякаюцца ў штаб-кватэру ў Германіі, а адтуль ужо ідзе іх размеркаванне (і грошай таксама) па дэліверы-цэнтрах у розных краінах. Так што рашэнне для нас простае — пры разліках галаўнога офіса з беларускім не ўжываць долары ў якасці валюты плацяжу.
Ну, гэта пакуль ЕС не наклаў санкцыі на Прыёр.
Гіпатэтычна яшчэ застаецца варыянт заводзіць грошы праз «зусім трэція краіны», напрыклад, Казахстан, Турцыю і да т. п. Але для гэтага там трэба адкрываць юрыдычныя асобы.
Сябар айцішніка: дамаўляецеся пра крыпту — і вуаля!
Калі вы «фізік», атрымаць ад заказчыка грошы даволі лёгка: проста дамаўляецеся аплачваць у крыпце і — вуаля. Не, гэта не я — сябар так атрымлівае. Можна проста запасіць, а потым злятаць у Турцыю/Грузію і прывезці гатоўку. Або вывесці праз біржу.
Ад dev.by. Падатковая РБ не лічыць легальным атрыманне ўзнагароджання за працу ў крыптавалюце. Пра выплату падаткаў наш чытач таксама нічога не кажа. Так што наўрад ці прапанаваны спосаб вырашае праблему.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў.
Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 170 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі. У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by