З'явіліся падрабязнасці канфлікту СЕО OpenAI з праўленнем, які прывёў да няўдалага перавароту
17 лістапада рада дырэктараў OpenAI нечакана абвясціла аб звальненні гендырэктара Сэма Альтмана. Выразнае тлумачэнне — акрамя абцякальнага абвінавачвання ў «няшчырасці» — адсутнічала, з’явіліся навіны пра амаль суцэльную падтрымку Альтмана сярод супрацоўнікаў, а адстаўка ўяўлялася неабдуманым крокам праўлення, якое паставіла ідэалогію вышэй за інтарэсы стэйкхолдараў і персаналу. Але цяпер сталі ўсплываць дэталі, якія праліваюць святло на рашэнне, што абярнулася супраць самога праўлення, і выстаўляюць гендырэктара як змоўшчыка і маніпулятара.
Напрыклад, як высветліў New York Times, Альтман настройваў сяброў праўлення адно супраць аднаго — асабліва тых, хто быў не згодны з яго памкненнем актыўна релізіць АІ-распрацоўкі. У OpenAI ад самага пачатку былі разыходжанні наконт таго, наколькі хутка і асцярожна кампаніі варта развівацца з улікам патэнцыйнай пагрозы тэхналогіі для чалавецтва.
У гэтым плане Альтман быў не згодны з даследчыцай Джорджтаўнскага ўніверсітэта Хелен Тонер, якая ўваходзіла ў праўленне. У кастрычніку яна апублікавала працу, у якой пахваліла канкурэнта OpenAI — стартап Anthropic — і раскрытыкавала паспешны рэліз ChatGPT.
Альтман патэлефанаваў Тонер з нагоды даклада і сказаў, што ён «можа прывесці да праблем» з Федэральнай гандлёвай камісіяй ЗША, якая і так ужо вядзе расследаванне ў дачыненні да OpenAI.
Тонер прапанавала напісаць прабачэнне перад праўленнем, але Альтман сам разаслаў сябрам праўлення імэйл са сваімі прэтэнзіямі да яе. Акрамя таго, Альтман спрабаваў пасварыць Тонер яшчэ з адной з дырэктарак — ІТ-прадпрымальніцай і вучонай з RAND Ташай Макколі.
Альтман тэлефанаваў іншым сябрам праўлення OpenAI і казаў, што Макколі нібыта хоча выціснуць Тонер з праўлення. У адказ на пытанні сяброў праўлення Макколі адказала, што Альтман папросту хлусіць.
Яшчэ адной важнай дзейнай асобай у канфлікце з’яўляецца сузаснавальнік і галоўны навуковец OpenAI Ілля Суцкевер, які ў выніку пазбавіўся месца ў праўленні. У яго былі напружаныя адносіны з Альтманам, а рознагалоссі былі на ідэалагічнай глебе.
Суцкевер у OpenAI меў рэпутацыю АІ-празорцы з навуковым падыходам, які не задавальняў інжынера Альтмана. Суцкевер турбаваўся, што Альтман занадта прыспешвае кампанію, і хацеў, каб распрацоўка тэхналогіі вялася больш асцярожна. Таксама Суцкевера хвалявала, што рашэнні наконт GPT-5 і планы маштабавання прадукту і кампаніі сталі прымацца ў абыход яго.
Апошняя кропля была ў кастрычніку, калі Альтман павысіў аднаго з даследчыкаў да ўзроўню Суцкевера, які ўспрыняў гэта як прыніжэнне. На знак пратэсту ён прыгразіў іншым сябрам праўлення, што сыдзе. Тыя прынялі гэта за ўльтыматум: ці ён, ці Альтман.
Іншым сябрам праўлення з бэкграўндам з навуковых і некамерцыйных арганізацый таксама не падабаўся агрэсіўны падыход, які набліжае Альтмана да айцішных бізнэсоўцаў. Да таго ж яны лічылі яго няшчырым і асцярожным. Калі зайшла гаворка пра адстаўку, яны баяліся, што як толькі Альтман даведаецца, то адразу зробіць усё магчымае, каб перашкодзіць гэтаму.
Акрамя гэтага, Альтман мог падрываць працоўны працэс у OpenAI і настройваў адно супраць аднаго супрацоўнікаў — на гэта праўленню восенню паскардзіліся менеджары кампаніі. Праўленне вырашыла пацікавіцца дзеяннямі Альтмана як гендырэктара. Пасля гэтага адзін з супрацоўнікаў расказаў, што Альтман азлобіўся на яго і ягоную каманду за крытыку.
Зрэшты, Альтман і сам не адмаўляў, што яго ўзаемаадносіны з цяпер ужо былым праўленнем былі зусім не простымі. А на абвінавачванні ў тым, што з ім складана працаваць, публічна не адрэагаваў.
Читать на dev.by