«Бурбалка? Не, не чулі». Бігтэхі сказалі, што працягнуць шалёна марнаваць грошы на ШІ
Размовы пра бурбалку на рынку ШІ не перашкаджаюць тэхнагігантам выдаткоўваць на яго ўсё больш. Google, Meta і Microsoft на гэтым тыдні далажылі аб рэкордных прыбытках і адначасова паабяцалі інвестарам, што выдаткі на ШІ-інфраструктуру будуць расці яшчэ хутчэй, чым раней, піша Business Insider.
Тры кампаніі ўкладваюць сотні мільярдаў даляраў у дата-цэнтры, GPU і ўсё, што сілкуе іх ШІ-ініцыятывы. І ўсе тры ўжо папярэдзілі, што ў 2026 годзе выдаткі зноў павялічацца.
Google прагназуе $91-93 млрд капітальных выдаткаў за год (у ліпені чакалі $85 млрд, у красавіку — яшчэ менш). «Мы інвестуем, каб адказваць попыту і выкарыстоўваць магчымасці, што пашыраюцца», — заявіў CEO Сундар Пічаі. У апошнім квартале кампанія зафіксавала рэкордную выручку — $102,3 млрд.
У Microsoft капвыдаткі за квартал склалі $34,9 млрд супраць $24,2 млрд кварталам раней, выручка вырасла на 18% амаль да $78 млрд. Фіндырэктар Эмі Худ заявіла, што ў 2026 годзе кампанія павялічыць выдаткі на графічныя і звычайныя працэсары ў параўнанні з 2025-м. Дарэчы, чысты прыбытак у Microsoft вырас на 12% да $27,7 млрд, але калі б не інвестыцыі ў капітал OpenAI, мог бы быць на $3,1 млрд больш.
У Meta абноўлены прагноз па капвыдатках на 2025 год дасягнуў $70-72 млрд (супраць ранейшых $66-72 млрд). Фіндырэктар С’юзан Лі адзначыла, што ў 2026-м рост выдаткаў на ШІ працягнецца, у асноўным за кошт неабходнай інфраструктуры. Квартальная выручка перавысіла чаканні аналітыкаў і склала $51,2 млрд.
Па ацэнках Business Insider, агулам тры кампаніі разам з Amazon зальюць у інфраструктуру пад ШІ ў 2025 годзе каля $320 млрд — гэта больш за ВУП Фінляндыі. Тым часам Nvidia — галоўны пастаўшчык чыпаў для генератыўнага ШІ — заявіла, што ў яе ўжо ёсць замоваў на ШІ-чыпы на $500 млрд.
«Людзі чакалі вялікіх лічбаў, і яны іх атрымалі», — адзначаюць у фірме Irving Investors.
Аналітыкі сумняваюцца ва ўстойлівасці ўсёй гэтай ШІ-канструкцыі. У DA Davidson лічаць, што попыт рэальны, і тое, што кампаніі будуюць дата-цэнтры, — нармальна. Але прызнаюць, што ў галіне ўжо «ёсць элементы бурбалкі»: напрыклад, калі кампаніі бяруць дзясяткі мільярдаў у доўг пад спекулятыўныя інвестыцыі ці «схематоз», ці калі Nvidia інвестуе ў CoreWeave, а тая купляе ў Nvidia чыпы, — гэта ўжо не добра.
Нават калі мы маем справу не з бурбалкай, тэмпы ўкладанняў рана ці позна запаволяцца, але інвестары наўрад ці змогуць угадаць, калі. А калі гэта бурбалка, то калі яна лопне, балюча будзе не Google, Meta ці Microsoft — у іх дастаткова кліентаў і сваіх задач, каб загрузіць магутнасці. Праблемы пачнуцца ў кампаній другога эшалону кшталту CoreWeave ці Oracle, у якіх можа аказацца лішак вылічальных магутнасцяў, з якімі ім проста будзе няма чаго рабіць.
Аналітыкі Apptopia ў кастрычніку заўважылі, што колькасць актыўных карыстальнікаў OpenAI выйшла на плато. Але бігтэхі не маюць намеру спыняцца — яны наадварот паскараюцца.
Читать на dev.by