«Рэаліі Еўропы». Як маюцца розныя офісы Godel Technologies

Мы расказвалі, як маюцца каманды EPAMWargamingiTechArtAnderseniSsoftIBA, Exadel. Цяпер абмяркуем, як працуецца ў розных лакацыях супрацоўнікам Godel Technologies.

86 каментарый
Змест

Да восені 2021 года Godel Technologies уваходзіла ў топ-10 найбуйнейшых ІТ-кампаній Беларусі. У беларускіх офісах у Мінску і абласных цэнтрах працавала больш за 1,2 тысячы чалавек.

Warning!

Гэты цыкл публікацый — падборка свежых водгукаў аб працы ў розных ІТ-кампаніях у 2022-2023 на рынку, што змяняецца. Тут няма інфармацыйных нагод. Гэта суб’ектыўны досвед і ўражанні супрацоўнікаў з розных офісаў, якія пажадалі выказацца.

Спадзяемся, кампаніі таксама знойдуць фідбэк карысным. Калі кампанія захоча даць каментары, мы дадамо яе пазіцыю.

За апошнія 2,5 гады штат беларускага офіса скараціўся ў некалькі разоў. Большая частка супрацоўнікаў Godel Technologies рэлакавалася ў Польшчу, дзе цяпер асноўная каманда кампаніі. «У Беларусі засталіся тыя, хто даўно працуе ў кампаніі і не плануе пераезду», — распавядалі супрацоўнікі.

Усяго ў кампаніі працуе каля 2 тысяч спецыялістаў. Акрамя Польшчы і Беларусі падраздзяленні Godel ёсць у Літве, Грузіі, Балгарыі, ААЭ.

Плюсы і мінусы працы ў Godel Technologies (суб’ектыўна!)

Плюсы

  • «Дружны калектыў, вялікія бонусы пры рэлакацыі».
  • «Мультыспорт, страхоўка».
  • «Шмат зносін на англійскай мове з кліентамі».
  • «Сучасныя падыходы ў распрацоўцы».
  • «Хуткае вырашэнне індывідуальных пытанняў, розныя актыўнасці па-за праектамі».
  • «Гнуткі графік працы, максімальны давер з боку кампаніі».

Мінусы

  • «Маленькі выбар праектаў. Раней можна было спакойна пераходзіць з аднаго на другі. Якасць асобных праектаў прымушае жадаць лепшага».
  • «Акцэнт на развіццё толькі польскай лакацыі».
  • «Унутраны кар’ерны рост запаволіўся. Не зразумела, што рабіць, калі тэхналогіі на праекце не падабаюцца, хочацца развівацца далей, а няма дзе».
  • «Ёсць адчуванне, што некаторыя супрацоўнікі, прапрацаваўшы ў кампаніі шмат гадоў, не гараць жаданнем далей развівацца, адсюль няўважлівасць і адсутнасць матывацыі працаваць на праекце».
  • «Замарозка заробкаў і складаныя працэдуры іх перагляду (узняцця)».
  • «Часта даводзілася рабіць простую манатонную працу, напрыклад, выцягнуць даныя, намаляваць форму. Гэта не дапамагае развівацца, даводзіцца займацца самастойнымі актыўнасцямі».
  • «Вельмі суб’ектыўная ацэнка спецыялістаў на перфоманс рэв’ю. Можна стаць лідом не па ведах, а па сяброўстве ў камандзе».
  • «Часта даводзілася рабіць працу не па сваім асноўным досведзе. Напрыклад, быць фулстэкам, нягледзячы на невялікі досвед працы Frontend-распрацоўшчыкам, або пітоншчыкам, хоць на гэтай мове я ні разу не пісаў і прыйшлося перавучвацца».

Беларусь

У Беларусі засталося больш за 300 супрацоўнікаў — у 4 разы менш, чым да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Пасля 24.02 кампанія прыпыніла найманне ў Беларусі (з афіцыйнага сайта знікла інфармацыя пра вакансіі ў Мінску і іншых беларускіх гарадах). А цяпер на сайце кампаніі Беларусь не згадваецца ў пераліку лакацый.

Рэлакейт

— Пасля падзей 2020 рэлакацыя супрацоўнікаў была кропкавай. Усім, хто пераязджаў да 2022, кампанія дапамагала з дакументамі, пошукамі і аплатай жытла за некалькі месяцаў. Вайна ва Украіне кардынальна памяняла планы. Многія заказчыкі больш не хацелі працаваць з кампаніяй з Беларусі і Godel прыйшлося тэрмінова рэлакаваць людзей за мяжу.

Далёка не ўсе супрацоўнікі хацелі і былі гатовыя рэлакавацца. Каб стымуляваць пераезд, прапанавалі вялікі рэлакейт-бонус. Наколькі я ведаю, сумы бонусу адрозніваліся па лакацыях. Напрыклад, тым, хто рэлакаваўся ў Польшчу, выплачвалі 10 тысяч долараў (грос) пад гарантыі адпрацоўкі ў кампаніі два гады. Пры пераездзе адразу выплачвалі 5 тысяч долараў з умовай, што супрацоўнік прапрацуе ў кампаніі год. Яшчэ 5 тысяч долараў супрацоўнік атрымліваў праз год з абавязкам адпрацоўкі яшчэ 12 месяцаў. Пры звальненні бонус вяртаўся.

Вялікі бонус, наколькі я ведаю, перасталі выплачваць пасля жніўня 2022. Кампанія пакінула дапамогу з дакументамі і вярнула аплату жытла ў новай лакацыі за адзін месяц. На пачатку 2023 праз усё большы бэнч у Польшчы праграму рэлакацыі фактычна згарнулі.

Праекты

— Пытанні пра перспектывы праектаў у кампаніі пачалі гучаць ужо пасля 2020 года, калі ў Беларусі адключалі інтэрнэт. Усіх хвалявала, што будзе з праектамі, ці не адмовяцца кліенты ад паслуг, што будзе з камандай, калі заказчык вырашыць сысці. Але кампанія працягвала працаваць у штатным рэжыме. Магчыма, кіраўніцтва змагло пераканаць заказчыкаў, што ўсё добра, не варта хвалявацца.

Усё змянілася пасля лютага 2022. Многія заказчыкі адмовіліся працаваць з офісам у Беларусі. Але сышлі не ўсе, частка праектаў засталася. Зрэшты, многія праекты знаходзіліся ў статусе «пакуль зялёнае святло ёсць, але заўтра яно можа стаць чырвоным». Некаторыя праекты потым усё роўна выводзілі з Беларусі. Кампаніі стала складаней пераконваць заказчыкаў працягваць працаваць з беларускай камандай і давялося выбраць стратэгію скарачэння праектаў для лакацыі. Sales managers перасталі прапаноўваць каманды з Беларусі.

Звальненне

— Вясной 2022 года кампанія прапаноўвала рэлакейт усім супрацоўнікам. Мне прапанавалі офер з заробкам нета на 30% большым, чым у Мінску, па B2B.

Прапанаваны заробак брута не толькі ў мяне, але і ў многіх калегаў, быў меншы за 20 тысяч злотых па B2B.

Але не ва ўсіх была магчымасць хутка сарвацца і з’ехаць. Я папрасіў кампанію пачакаць. Скончыў курсы польскай мовы, падрыхтаваў сям’ю да камфортнага пераезду. Але ў выніку летась мне прапанавалі звольніцца.

На момант майго сыходу ў кампаніі ў Беларусі працавала каля 330 чалавек. Магчыма, цяпер ужо менш, бо звольнілі не толькі мяне, але і многіх калег. Гэта былі супрацоўнікі, якія не паспелі пераехаць альбо не планавалі наогул пераезду.

Калі кантракт заканчваўся, яго не падаўжалі і нічога не выплачвалі. З даўжэйшымі кантрактамі людзей скарачалі з выплатай заробку за адзін месяц. Звальненне было рандамным і больш тычылася інжынераў.

Хваля скарачэнняў была звязаная з нежаданнем заказчыкаў працаваць з кампаніяй у Беларусі і скарачэннем праектаў. То-бок, з аднаго боку, кампанія шмат зрабіла, каб большасць супрацоўнікаў пераехала, але, з другога боку, мала падтрымала тых, хто вырашыў застацца. Нас проста выкінулі за борт у складаны час.

Польшча

За 2021–2023 гады Godel адкрыла ў Польшчы 5 офісаў — у Лодзі, Гданьску, Беластоку, Уроцлаве, Варшаве. Там працуе больш за 1,2 тысячы спецыялістаў, або больш за 60% ад усяго глабальнага штату.

За 2022 год даход кампаніі ад продажаў у Польшчы склаў 159,1 мільёна злотых (больш за 35 мільёнаў долараў).

Для параўнання: за перыяд ад лістапада 2020 года да снежня 2021 года даход быў у 10 разоў меншы — 15,1 мільёна злотых (блізу 4 мільёнаў долараў).

Валавы прыбытак кампаніі вырас за 2022 год на 14,5 мільёна злотых (на 3+ мільёны долараў), чысты прыбытак склаў 10,8 мільёна злотых (блізу 2,4 мільёна долараў).

Рэлакейт

— З пачаткам вайны ва Украіне большасць кліентаў была згодная на перавоз супрацоўнікаў у Польшчу. Быў выбар: альбо заставацца ў кампаніі з магчымасцю рэлакацыі, альбо пазней падпісаць дамову аб скасаванні дамовы. Многія пагаджаліся на пераезд. Заставаліся, у асноўным, людзі сямейныя, у каго другая палавіна не магла знайсці працу па спецыяльнасці ў Еўропе, альбо тыя, каму трэба было даглядаць бацькоў. А бліжэй да канца мінулага года амаль усе кліенты прасілі перавезці супрацоўнікаў у ЕС.

Пры пераездзе ў 2022 годзе кампанія праводзіла шмат сесій на тэму «як атрымаць мельдунэк/ДНЖ/ПМЖ». Супрацоўнікам распавядалі пра побыт у Польшчы, як уладкавацца ў дзіцячы садок, трапіць да доктара і г. д. і да т. п. Таксама выплачвалі вялікія бонусы, але з іх потым выплачваліся падаткі.

Супрацоўнікі і цяпер пераязджаюць, але не ведаю, ці атрымліваюць яны бонусы.

— Рэлакацыйны бонус для сеньёра складаў 5 тысяч долараў. Пасля пераводу ў злотыя і выплаты падаткаў ён ужо не быў такім вялікім. І яшчэ 5 тысяч долараў выплачвалі праз год, калі застанешся з кампаніяй. У выпадку звальнення бонус трэба вярнуць. Замест бонусу можна было выбраць дапамогу ў пошуку жытла, плюс кампанія давала аплачанае жытло на месяц.

Зарплата

— Пры рэлакацыі кампанія разглядала твой тайтл, досвед, рэйты праекта. Звычайна джуніярам павышалі заробак у 2 разы, мідлам на 15-20%, сеньёрам на 10%, ліды маглі заставацца з тым жа заробкам альбо + невялікі адсотак. Але ўсё было індывідуальна.

Летась кампанія замарозіла перагляд заробкаў. Плануецца размарозка з красавіка, але, думаю, павышэнне заробкаў будзе не вельмі высокім.

— Пры пераездзе ў Польшчу мне прапаноўвалі выбраць — umowa o pracę або B2B. На B2B прапаноўвалі крыху вышэйшы заробак, бо падаткі трэба плаціць самастойна. Па umowa o pracę зарплата была меншай, але тут не трэба думаць аб падатках, бухгалтары і легалізацыі, так як кампанія зробіць усё за цябе.

Пасля пераезду я зразумела, што мая зарплата ўсё ж замалая, а да перагляду было яшчэ каля паўгода. Я папрасіла пазачарговы перагляд. Спачатку мне адмовілі, потым павысілі заробак, але менш, чым я прасіла. Пры гэтым моцна не ўгаворвалі, то-бок калі захачу звольніцца — калі ласка.

Ад мінулага года перагляды заробкаў у Польшчы замарожаныя. Я даведалася пра гэта на мітынгу ў маі. Абяцаюць, што пазней размарозяць, але на наступным мітынгу паведамляюць аб працягу замарозкі. Чула, што ў асаблівых выпадках могуць перагледзець, але што гэта за выпадкі, мне невядома. Ведаю, што некаторым рэлакантам пасля пераезду дагэтуль не пераглядалі зарплаты. Бонусы са спазненнем, але выплачваюць.

Праекты, найманне, звальненні

На сайце кампаніі размешчана толькі тры вакансіі для працы ў Польшчы — для Junior Business Analyst, Middle / Senior Devops Engineer І English Teacher.

У мінулым годзе ў польскім офісе Godel былі скарачэнні. Паводле слоў супрацоўнікаў, у першую чаргу з бэнчу і праектаў, якія падыходзяць да канца. Акрамя таго, адным з крытэраў для звальнення быў узровень англійскай. 

Кампанія патлумачыла, што звальненні былі вымушанай антыкрызіснай мерай праз дэфіцыт праектаў і вялікі бэнч.

Паводле слоў супрацоўнікаў, тым, хто быў аформлены як ІП, далі на пошук працы два месяцы. Пазней некаторым ІП прапанавалі альтэрнатыўны варыянт: звальненне праз месяц або сыход на неаплатны бестэрміновы бэнч — без гарантый.

— У 2022 годзе быў станоўчы прагноз на новыя праекты, таму кампанія актыўна ханціла людзей. Але па выніку чаканай колькасці праектаў не з’явілася. Альбо кліент сам пацярпеў фінансава, альбо ж, праз новыя высокія еўрапейскія рэйты, вырашыў шукаць працоўную сілу ў таннейшых краінах (Індыя, Пакістан). Акрамя таго, кампанія павялічыла выдаткі бюджэту на заробкі, бо падвысіла іх пры рэлакацыі. У выніку Godel таксама сутыкнулася з крызісам, што вымусіла скараціць прыблізна 15% штату.

Мне здаецца, кампанія дрэнна пралічыла рэаліі Еўропы. Не былі ўлічаныя цэны, сацыяльныя адлічэнні, рэйты супрацоўнікаў. У польскіх офісах еўрапейскіх і амерыканскіх кампаній плацяць вышэй за сярэдняе і працуюць менш, чым у кампаніях з беларускімі каранямі. Таму, думаю, палякі не асабліва рвуцца да нас.

Самы вялікі працэнт палякаў — у офісе ў Лодзі. Але, думаю, у горадзе не так шмат ІТ-кампаній. Мне здаецца, праз ніжэйшы заробак палякі абыходзяць Godel бокам. Акрамя таго, 95% офіса — беларусы/ўкраінцы, таму мясцовым не вельмі камфортна быць у сваёй краіне ў чужым асяроддзі.

Офіс у Лодзі, супрацоўнікі ў футболках «600 lat Łodzi»

— Не так даўно сышлі два вельмі вялікія праекты, але з’яўляюцца і новыя, можа быць, 1-2 на месяц. Людзі праз адсутнасць пераглядаў заробкаў перыядычна звальняюцца, кампанія іх не трымае. Бэнч быццам бы стаў меншым, аплачваецца на 100%. Але парадокс, што знаходзяцца супрацоўнікі, якія сядзелі на бэнчы год і спакойна чакалі праектаў, пры гэтым іх не звальнялі.

— У некаторых узровень жыцця ўпаў да джуноўскіх часоў у Беларусі. Гэта змушае адкрываць профіль у лінкедзіне ў пошуках новай кампаніі.

Літва

У віленскім офісе Godel на сёння зарэгістравана каля 90 супрацоўнікаў. За апошні год каманда фактычна не змянілася.

На сайце кампаніі размешчана толькі адная вакансія для працы ў Літве — для Middle / Senior Devops Engineer.

За снежань мінулага года сярэдні заробак у віленскім офісе Godel склаў 4,2+ тысячы еўра (брута). Сярод літоўскіх ІТ-кампаній з беларускімі каранямі Godel па ўзроўні сярэдняй зарплаты апынулася на 17 месцы.


Дзякуй, што чытаеце нас, дарагі юзер. Некалькі разоў на тыдзень (часам радзей, і дарма) вы заходзіце на dev.by. Часы бываюць розныя (наш cash flow  упаў у разы, напрыклад).

Але нягледзячы на жах за акном, мы працягваем працаваць, слухаць і чуць вас, знаходзіць абнадзейлівыя гісторыі, зашкварныя выпадкі, фіксаваць усё, што адбываецца з беларускім ІТ. Дапамажыце dev.by заставацца з вамі. Мы вам яшчэ спатрэбімся.

Сапорціце dev.by праз PatreonDonorbox (зручна ў Беларусі) або крыпту:

  • Bitcoin (BTC): 0×276e0eC1bf16cfB5E0934382B6e09Ce1836b28Ba
  • Etherium (ETH): bc1q2ghxe9fmtmwr4sgz27k58j9ql0vfs25ucxlx5t

Дзякуй. Калі плацеж штомесячны — дзякуй два разы!

Колькі ІТ-бізнэсаў адкрылі беларусы ў Польшчы, Літве і Латвіі пасля 2020. І як яны маюцца
Па тэме
Колькі ІТ-бізнэсаў адкрылі беларусы ў Польшчы, Літве і Латвіі пасля 2020. І як яны маюцца
EPAM и другие хайрят в Польше, хоть и не так активно. Вот кого и на какие деньги
По теме
EPAM и другие хайрят в Польше, хоть и не так активно. Вот кого и на какие деньги
Godel звольніць частку каманды ў Польшчы. Адзін з крытэраў — узровень англійскай
Па тэме
Godel звольніць частку каманды ў Польшчы. Адзін з крытэраў — узровень англійскай
«Зарплаты разморозили не всем». Как дела у Exadel в Беларуси, Польше и Литве
По теме
«Зарплаты разморозили не всем». Как дела у Exadel в Беларуси, Польше и Литве
На рынку ІТ-вакансій у Беларусі зноў дно — пакуль самае глыбокае. Мы вымералі
Па тэме
На рынку ІТ-вакансій у Беларусі зноў дно — пакуль самае глыбокае. Мы вымералі

Читать на dev.by