Усе чакаюць рэцэсію — ці прыйдзе яна? Удзельнікі ІТ-рынку тлумачаць, да чаго рыхтавацца
Скарачэнні, замарозка, бэнч — ці гэта ўсё насур’ёз і надоўга? Спыталіся экспертаў.
Крызіс у ІТ здаецца ўжо чымсьці паўсюдным і само сабою зразумелым. Сусветныя ІТ-гіганты рэжуць штаты і скарачаюць вакансіі, аўтсорс-кампаніі ў розных рэгіёнах адпраўляюць супрацоўнікаў на бэнч і дахаты. Наш рэгіён не выключэнне. У буйнога аўтсорсу скараціліся заказы, а разам з гэтым замерзлі і найманне, і зп, і аптымізм. Здаецца, усе чакаюць рэцэсію.
Што праўда, зусім нядаўна на фондавым рынку здарылася ажыўленне: акцыі кампаній прыкметна падраслі. Асабліва адзначылася Apple: яе капіталізацыя за адзін дзень 10 лістапада вырасла на $191 млрд. Прычына пацяплення, як піша Bloomberg, у мякчэйшых, ніж чакалася, даных па інфляцыі ў ЗША. Але поспех уражвае толькі на кароткім адцінку, у параўнанні з леташнімі каціроўкамі ўсё па-ранейшаму дрэнна.
dev.by паразмаўляў з удзельнікамі рынку пра тое, што адбываецца і як глабальны трэнд адбіваецца на ІТ у нашым шматпакутным рэгіёне.
«Скарачэнні не прыпыняцца»
Ігар Маханёк, венчурны інвестар, кіраўнічы партнёр Geek Ventures:
2022-ы — год адкату назад па ўсім свеце. Ёсць шмат прычын, але асноўная ў тым, што ў 2020-2021-м рынак перагрэўся.
Кавід прынёс лёгкія грошы, і многія кампаніі трацілі больш, чым гэта мела сэнс з пункту гледжання будучых даходаў.
А ў 2022 годзе сышлася маса негатыўных фактараў, якія паўплывалі на заробкі кампаній. Вайна ва Украіне прывяла да кучы праблем, у тым ліку разагнала інфляцыю. У выніку цэнтрабанкі (перш за ўсё амерыканскі) вымушаныя былі падняць стаўкі, што пацягнула за сабой скарачэнне даходаў. І каб перажыць гэты час, бізнэс стаў скарачаць выдаткі.
Некаторыя кампаніі, напрыклад, у сферы нерухомасці, пачалі звальняць яшчэ ўвесну. Хтосьці рабіў гэта на ўсялякі выпадак, бачачы, што рынак падае. А ў чацвёртым квартале хваля скарачэнняў дакацілася і да тэхналагічных кампаній.
У тэхналагічных кампаніях асноўныя выдаткі — на людзей. І ў перыяд ад 2017 года яны значна павялічыліся: заробкі, акцыі, бенефіты — для супрацоўнікаў усё было супер-фрэндлі.
І калі прыйшоў час рэзаць косты, то лагічным выявілася пачынаць з супрацоўнікаў.
Вядома, ёсць крайнія выпадкі. Калі Twitter звальняе 50% персаналу, гэта следства не рынкавых фактараў, а змены кіраўніцтва: проста Ілан Маск мяняе стратэгію кампаніі.
Прасцей за ўсё звальняць у аўтсорсе: там, як правіла, няма вялікіх выхадных дапамог, скарачэнні не спалучаныя з піяр-ударам або ўдарам па культуры кампаніі. І калі адныя кампаніі масава звальняюць, іншым лягчэй наймаць. Гэтыя фактары працуюць разам.
Фактар пандэміі — гэта не толькі лёгкія грошы. Праз кавід выраслі выдаткі на аддаленых супрацоўнікаў, іх negotiation power узрасла. У выніку леверыдж заробкаў паменшыўся. Аўтсорс ужо не можа рабіць сэрвісы нашмат танней у параўнанні з тым, як калі б заказчык наймаў распрацоўшчыкаў сам.
На кожнае скарачэнне рынак рэагуе пазітыўна. Як толькі Meta абвясціла lay off, яе акцыі пайшлі ўверх. Не таму што павялічыліся даходы, а таму што зменшыліся выдаткі.
Тое ж самае з Apple і Amazon. Іншая рэч, што кампаніі не могуць памяняць кадравую палітыку толькі таму, што іх акцыі растуць два дні запар — важная дынаміка ў даўжэйшай перспектыве. Да таго ж рынак можа рэагаваць на пазітыўныя чаканні надта загадзя.
Таму я б не ўскладаў спадзеваў на нядаўні ўсплёск на фондавым рынку і не чакаў бы, што скарачэнні прыпыняцца. Думаю, яны працягнуцца і закрануць практычна ўсе кампаніі.
Пытанне толькі ў тым, ці зачэпіць кампаніі па другім разе.
У мабільнай распрацоўцы дадатковы фактар уплыву — ATT (App Tracking Transparency) правіла Apple. Зрабіць прыбытковы бізнэс у мабільнай сферы цяпер складаней, чым год-два таму.
Што за гісторыя з Apple
У iOS 14.5, якая выйшла ўвесну 2021 года, Apple змяніла налады прыватнасці: распрацоўшчыкі праграм больш не маюць па змоўчанні доступу да IDFA (The Identifier for Advertisers) — унікальнага ідэнтыфікатара прылады, дзякуючы якому рэкламадаўцы адсочвалі актыўнасць карыстальнікаў і наладжвалі таргетынг.
Каб IDFA запрацаваў, карыстальнік мусіць даць відавочную згоду. Калі праграма не падтрымлівае фрэймворк App Tracking Transparency (ATT), ёй няма доступу ў AppStore.
Вось як расказваў пра наступствы ўведзенай канфідэнцыйнасці адзін з удзельнікаў рынку:
— Як зарабляюць мабільныя гульні? Яны купляюць рэкламу на Facebook, адразу таргетуючыся ў чэк, які атрымаюць ад карыстальніка. Цяпер гэтая мадэль перастала працаваць добра. Першыя званочкі пачуліся летась з выхадам iOS 14.5: праграмы абавязалі запытваць у карыстальніка дазвол на адсочванне яго актыўнасці для рэкламных мэт.
Атрыбуцыя рэкламы ўпала, шмат якія мабільныя распрацоўшчыкі перасталі эфектыўна купляць рэкламу, у выніку іх даходы скараціліся, камусьці прыйшлося закрыць офіс.
Цяпер мабільныя распрацоўшчыкі спрабуюць зразумець, у якой частцы продажы знізіліся праз эканамічны спад, а ў якой — праз ананімізацыю. Зразумела, што абодва фактары працуюць, але іх прапорцыі зусім няясныя.
А ў iOS 16 абарона ад трэкінгу яшчэ вышэйшая. І важнае пытанне для распрацоўшчыкаў сёння — ці ёсць дзіркі ў абароне Apple.
«Перыяды спаду наперадзе»
Радзівон Жытомірскі, заснавальнік GP Solutions:
— Мы (пакуль) не заўважылі зніжэння попыту, абумоўленага менавіта рэцэсіяй. Ёсць праблемы, якія з’явіліся пасля 24 лютага — але яны звязаныя не з рэцэсіяй, а з рэакцыяй заходняй супольнасці на вядзенне баявых дзеянняў з тэрыторыі Беларусі.
Тут ёсць шэраг фактараў, якія дзейнічаюць рознанакіравана, падмацоўваючы і зніжаючы попыт. З аднаго боку, зніжэнне попыту на беларускіх распрацоўшчыкаў і тая ж рэцэсія. З іншага — зніжэнне прапановы паслуг з Украіны ў сувязі з тэхнічнымі, псіхалагічнымі, лагістычнымі цяжкасцямі, якія ўзнікаюць у распрацоўшчыкаў.
Складваецца ўражанне, што гэтыя фактары ў пэўнай меры нівелююць адзін аднаго, і, такім чынам, уплыў рэцэсіі (пакуль) не прыкметны.
Пажывём — пабачым. Асноўныя «рэцэсійныя» перыяды наперадзе — гэта чацвёрты квартал гэтага года і першы квартал 2023-га. Што праўда, «рэцэсійнасць» чацвёртага квартала стане зразумелай не раней за снежань, бо статыстыка ВУП за кастрычнік была пазітыўнай як для ЕС, так і для ЗША.
«Рэцэсія як Гадо: усе чакаюць, што яна прыйдзе заўтра»
Барыс Канцавы, заснавальнік Intetics:
— Крызісу, акрамя вайны, дакладна няма. Так, бізнэс сёлета развіваецца павольней, чым летась. Але гэта праз вайну і нашыя ўнутраныя пытанні.
Пра рэцэсію ўсе кажуць, але прычын асабліва не называюць. Нібыта вырасла інфляцыя, пакупная здольнасць бедных слаёў, наадварот, звалілася — адсюль і рэцэсія. Але не ўпэўнены, што пакупная здольнасць найбяднейшых можа аказаць такі ўплыў.
Іншы фактар — крэдытныя рэсурсы сталі дарагімі, і гэта ўжо сур’ёзней. У выніку нейкія інавацыйныя праекты не атрымаюць інвестыцый і не адбудуцца. З іншага боку, стартапы рэдка фінансуюцца крэдытамі. А для венчура рызыка застаецца ранейшай.
Private Equity, кансерватыўныя прыватныя інвестары, могуць прамяняць стартапы на банкаўскі сектар. Але даходнасць там усяго 3% — дробязь у параўнанні з жаданымі 12-25%.
Увогуле, чаму ўсе торгаюцца [у свеце], мне незразумела.
Рэцэсія цяпер у дакладнасці як у п’есе «У чаканні Гадо»: усе чакаюць, што Гадо прыйдзе заўтра, а ён усё не прыходзіць.
Што праўда, думка матэрыяльная — мо й прыйдзе.
Вось у РБ зусім іншыя праблемы. Да Беларусі рэцэсія на Захадзе, калі яна і здарыцца, не мае ніякага дачынення.
Читать на dev.by