Reddit падаў у суд на Perplexity: «кантэнт хочуць, а плаціць не хочуць»
Reddit падаў у суд на Perplexity і тры сэрвісы па зборы дадзеных — SerpApi, Oxylabs і AWMProxy, піша The Verge. Іх абвінавачваюць у «незаконным абыходзе абароны дадзеных у прамысловых маштабах» і ў тым, што яны ні перад чым не спыняцца, каб прыбраць да рук бясцэнны кантэнт платформы.
У Reddit кажуць, што гэтыя кампаніі паводзяць сябе як «рабаўнікі банкаў», якія, «разумеючы, што не могуць узламаць сейф, ломяць браніраваную машыну з гатоўкай».
Reddit сцвярджае, што Perplexity з’яўляецца кліентам прынамсі аднаго з гэтых сэрвісаў і «гатова на ўсё, каб атрымаць дадзеныя Reddit, у якіх адчайна мае патрэбу для сваёй пошукавай сістэмы — акрамя пагаднення з намі, як гэта зрабілі некаторыя канкурэнты».
Паводле іску, у маі 2024 года Reddit адправіў Perplexity ліст з патрабаваннем спыніць збор дадзеных. Тая запэўніла, што не выкарыстоўвае кантэнт Reddit для навучання мадэляў і прытрымліваецца правілаў для краўлераў. Але неўзабаве пасля гэтага колькасць спасылак на Reddit у выніках Perplexity вырасла.
Каб праверыць падазрэнні, Reddit апублікаваў пост, які мог бачыць толькі Google. Кампанія сцвярджае, што праз некалькі гадзін яго змест усплыў у Perplexity. Reddit робіць выснову, што Perplexity «наўпрост ці праз пасярэднікаў збірае вынікі пошуку Google з кантэнтам Reddit, а затым хутка выкарыстоўвае гэтыя дадзеныя».
Галоўны юрыст Reddit Бэн Лі лічыць сітуацыю сімптомам больш шырокай праблемы: «ШІ-кампаніі вядуць гонку за якасным чалавечым кантэнтам — і гэта сілкуе індустрыю „адмывання дадзеных“. Вэб-скрэйперы абыходзяць абарону, крадуць дадзеныя і перапрадаюць іх тым, хто шукае матэрыял для навучання. Reddit — ідэальная мэта, бо гэта адна з самых вялікіх і жывых калекцый чалавечых размоў».
Ён назваў Oxylabs, AWMProxy і SerpApi класічнымі прыкладамі парушальнікаў: «Не маючы магчымасці напрасткі збіраць кантэнт з Reddit, яны хаваюць сваю асобу і месцазнаходжанне, маскуюць скрэйперы і крадуць кантэнт з пошуку Google. А Perplexity свядома купляе гэтыя дадзеныя, замест таго каб заключыць з намі законнае пагадненне».
У Perplexity заявілі, што пакуль не атрымалі іск, але гатовы «рашуча адстойваць права карыстальнікаў на свабодны і сумленны доступ да публічнай інфармацыі». «Наш падыход застаецца адказным і прынцыповым — мы прадастаўляем дакладныя адказы з дапамогай надзейнага ШІ і не пацерпім пагроз адкрытасці і грамадскім інтарэсам», — сказаў кіраўнік па камунікацыях Perplexity Джэс Дуайер у каментарыі The Verge.
Читать на dev.by