«Палітычных» менш, сеньёраў — таксама. Як змяніўся рэлакант за тры гады
ІТ-спецыялісты ўзроўню Senior і Lead сталі радзей з’язджаць з краіны. І ўсё менш айцішнікаў рэлакуецца праз палітыку, хоць гэты фактар па-ранейшаму дамінуе, паказаў наш вялікі рэсёрч.
Рэлакейт з кампаніяй ці без
Да 24.02.2022 айцішнікі ў асноўным самастойна вырашалі пытанні, звязаныя з працоўнай міграцыяй. Асабліва гэта заўважна па 2020 годзе. Больш за 61% удзельнікаў анкеты тады з’ехалі з Беларусі пераважна самі.
У 2022 да працэсу актыўна падключыліся ІТ-кампаніі — амаль 57% айцішнікаў рэлакаваліся з іх дапамогай. Гэта быў год, калі ІТ-кампаніі масава вывозілі з краіны цэлыя каманды і бізнэсы.
У 2023 годзе сітуацыя з рэлакацыяй вярнулася да «даваеннай» — 37% айцішнікаў з нашай анкеты (мінімум за тры гады) пераехалі з дапамогай беларускіх кампаній, гэта нават менш, чым у 2021.
Многія беларускія кампаніі скарацілі або згарнулі праграмы рэлакацыі праз крызіс і дэфіцыт праектаў. Большасці ахвотных з’ехаць айцішнікаў (54%) прыйшлося самастойна вырашаць пытанне.
Палітычныя, эканамічныя і «карпаратыўныя» мігранты
Большасць айцішнікаў, якія з’ехалі з Беларусі ў розныя гады, адносіць сябе да палітычных мігрантаў. Пік «палітычнай» міграцыі ў ІТ прыпадае на 2020-2021, «карпаратыўнай» (патрабаванне кампаніі) — на 2022, эканамічнай — на 2023.
Амаль кожны чацвёрты з мігрантаў-2022 вылучае «карпаратыўны» фактар — яны з’ехалі з ініцыятывы або патрабавання кампаніі, іншыя прычыны не былі істотнымі.
У 2023 такіх — 16,9%, усё яшчэ ў два разы больш, чым да 24.02.22, нягледзячы на згортванне карпаратыўных рэлакейт-праграм у крызіс. Верагодна, хвалю працягвалі падсілкоўваць таксама тыя, хто не мог знайсці працу ў Беларусі або баяўся за перспектывы ў будучыні.
Мідлоў больш, сеньёраў менш
«Якасць» мігрантаў змянілася за апошнія чатыры гады.
У 2023 годзе ІТ-спецыялісты ўзроўню сеньёр і лід з’язджалі радзей, чым у 2020-2022. Верагодна, на гэты момант многія ахвотныя сталі ўжо «вымытымі». Акрамя таго, выдаткі на пераезд такіх спецыялістаў частка кампаній магла палічыць немэтазгоднымі на фоне крызісу.
Сярод леташніх рэлакантаў больш за ўсё выявілася мідлоў — 36,6%. Таксама ў структуры рэлакантаў стала больш джуноў — 6,1% (у 2022 — 3,2%).
Читать на dev.by