Як айцішнікі рэлакуюцца пасярод размеркавання (і што за гэта можа быць)

Спыталіся ў чытачоў, якія рэлакаваліся проста падчас адпрацоўкі па размеркаванні пасля ВНУ, як ім гэта ўдалося.

Іх гісторыі ўкладваюцца ў тры сцэнары. Два з іх мы разабралі з юрыстам.

39 каментарыяў
Змест

1. Кампенсавалі ВНУ сродкі

— Я рэлакавалася, адпрацаваўшы 22 месяцы, заставалася ўсяго 3 — і я выплаціла БДУІР 2477 рублёў за іх, — напісала адная чытачка. 

Яна адпрацоўвала размеркаванне EPAM, і ў новай краіне ўладкавалася туды ж — у мясцовы офіс. 

— Тым, чый праект рэлакавалі на патрабаванне заказчыкаў, кампанія дапамагала — магла выдаць пазыку, па-мойму, не больш за $5000. Гэтыя грошы не трэба было аддаваць, калі ты адпрацуеш у новай лакацыі больш за два гады. Але на маім праекце заказчык не быў супраць, каб супрацоўнікі працавалі з Беларусі. 

А вось гісторыя іншага чытача: ён пераехаў у Польшчу, калі да канца адпрацоўкі заставалася ўсяго паўгода.

— Прыйшлося заплаціць радыётэхнічнаму каледжу амаль 2900 рублёў — на той момант каля $1000. Дапамог рэлакейт-бонус — мне далі каля $2300. Але ў каледжы расказалі, калі б я прыйшоў на тры дні раней, налічылі б менш, бо нешта там змянілася ў законах. 

Адзін са спікераў кампенсаваў БДУ, які ён скончыў летась, 53 715 рублёў — ён паспеў адпрацаваць па размеркаванні ўсяго месяц.

— Усяго трэба было адпрацаваць 24 месяцы, а я паспеў толькі 1 — аплаціў, што засталося, і з’ехаў у Польшчу. Частку грошай я ўзяў са сваіх запасаў, бо на той момант ужо год працаваў у ІТ, яшчэ частку аплаціла сястра — яна айцішніца. Дый кампанія таксама дапамагла — мне выплацілі матэрыяльную дапамогу ў памеры 15 000 рублёў. 

Ці разглядаў я варыянт не плаціць — так, але ў такім разе трэба было б застацца ў Беларусі, а гэта пагражала стратай бягучага праекта. Магчыма, мне доўга і безвынікова шукалі б іншы, я б не рос, у тым ліку па заробку, а можа быць, і горш за тое. 

А так я заплаціў — і пачаў спакойна працаваць у новай краіне. І нават заробак пасля рэлакацыі мне паднялі. За год я без праблем збяру і вярну сястры тую частку сумы, з якой яна дапамагла. 

2. Пераехалі, але лічацца ў кампаніі, куды размеркавалі

Пра яго нам расказалі некалькі чалавек.

— Мая адпрацоўка пачалася ў сакавіку 2022 года. У мяне былі дамоўленасці з кампаніяй, у якой я дагэтуль прапрацавала 1,5 года, — але ў лютым, якраз за 2 дні да пачатку вайны, я вырашыла сысці. 

Мой працадаўца даў месяц на тое, каб я знайшла новае месца, — і іншым часам я б лёгка пераразмеркавалася за гэты час. Але ішла вайна. Кампаніі скарацілі найманне. 

У паніцы я стала шукаць альтэрнатыўныя варыянты, і ў выніку размеркавалася да знаёмых знаёмых. А праз тыдзень знайшла працу — з рэлакацыяй.

Фармальна я працую ў Беларусі — лічуся ў кампаніі ў знаёмых на 0,1 стаўкі, кампенсую ім мінімальны заробак і ўнёскі ў ФСАН. Па сутнасці, сама сабе плачу. Але цана пытання нязначная ў параўнанні з тым, колькі мне давялося б заплаціць ВНУ.

Мы запыталіся ў чытачкі, пра якую суму вялася гаворка. Яна не ведае, бо не цікавілася ў ВНУ. Спаслалася на тых, ад каго «чула, што гэта нешта каля 15 000 рублёў». Назваць ВНУ яна адмовілася.

Яшчэ адзін наш чытач рэлакаваўся падчас адпрацоўкі па размеркаванні ў Грузію — і працягнуў працаваць у кампаніі, куды размеркаваўся, аддалена. У жніўні, калі тэрмін адпрацоўкі выйшаў, — малады чалавек звольніўся.

А вось яшчэ дзве гісторыі:

— Я пераехаў у Польшчу ў 2021 годзе, як толькі скончыў БДУІР. Не адкупляўся — папрасіў у кампаніі ў Беларусі перавесці мяне на аддаленую працу на мінімальную стаўку, сам працую ў польскім філіяле. І тут мне плацяць нармальны заробак.

— Працую ў маленькім прадукце, у Беларусі мне выплачваюць мінімальную стаўку на беларускую карту — і ўсё, а з польскім офісам у мяне дамова на фултайм.

А мой сябар працаваў у буйным аўтсорсе, так яго нават пасля звальнення пакінулі лічыцца. Цяпер ён за мяжой, працуе на свайго амерыканскага заказчыка напрамую, — а ў той кампаніі яму працягвае «капаць» размеркаванне.

З апошняга сапраўднага заробку яму вылічылі грошы, што цяпер выплачваюць як мінімальны заробак. 

Яшчэ адзін чытач прызнаўся, што, рэлакуючыся, збіраўся заплаціць ПДУ, які ён скончыў, за 5 неадпрацаваных месяцаў — і нават папрасіў дэканат скласці разліковы рахунак. Выйшла 2611 рублёў.

— Але менеджар адгаварыў мяне, і я паехаў у Польшчу, застаючыся працаўладкаваным у Беларусі. У жніўні 2022 года скончылася маё размеркаванне — і я працаўладкаваўся на месцы. 

Наступствы

Юрыст Антон Гашынскі каментуе гэты сцэнар.

— Лічыцца ў кампаніі і не працаваць — незаконна.

Гэта цягне адказнасць для наймальніка ў першую чаргу. Неабгрунтаванае павелічэнне выдаткаў можа быць вытлумачана як ухіленне ад выплаты падаткаў.

Акрамя таго, калі працаўнік вяртае наймальніку налічаны яму заробак наяўнымі або безнаяўнымі пераказамі, то для службовых асоб наймальніка можа быць крымінальная адказнасць за крадзеж грашовых сродкаў з выкарыстаннем свайго становішча.

А калі гэта аддаленая праца?

Аддаленая праца па законе магчымая. Аднак важна, каб працаўнік фактычна працаваў, а не проста лічыўся на прадпрыемстве — тады праблем не будзе ні ў наймальніка, ні ў яго працаўніка. 

Калі чалавек працягвае лічыцца ў наймальніка ў Беларусі, а паралельна працуе за мяжой, яму неабходна штогод дэклараваць свае даходы. Пры гэтым паўстане пытанне падатковага рэзідэнцтва. Падача дэкларацыі можа паслужыць падставай для пачатку камеральнай праверкі ў дачыненні да працаўніка, у тым ліку з прыцягненнем праваахоўных органаў.

І калі будзе вызначана, што чалавек толькі лічыцца ў Беларусі, а працуе на асноўным месцы за мяжой, — у наймальніка ўзнікнуць праблемы.

У самога працаўніка — таксама: ён вымушаны будзе пакрыць выдаткі на сваё навучанне плюс даналічыць падаткі, калі атрымліваў заробак у краіне, з якой у Беларусі няма пагаднення або стаўкі падаткаў там былі меншыя, ніж у Беларусі. 

3. (Непапулярны варыянт) проста з’ехалі

Так паступіў яшчэ адзін наш чытач. 

— Я скончыў БДУ ў 2020 годзе і сам знайшоў кампанію для размеркавання. Пасля выбараў удзельнічаў у акцыях пратэсту, і на адным з маршаў мяне злавілі сілавікі — і збілі так, што я трапіў у бальніцу. 

Паколькі была высокая верагоднасць, што па мяне прыйдуць, я вырашыў з’ехаць з краіны. У кампаніі маё рашэнне прынялі з разуменнем. Але яны не маглі звольніць мяне, пакуль я не адпрацую ўвесь тэрмін — або мне трэба было знайсці іншую працу і ўзгадніць перавод з БДУ. Найхутчэйшае рашэнне, што мы знайшлі, — звольніць мяне за прагулы, што і было зроблена. Я паляцеў у Польшчу. 

БДУ падаў пазоў да свайго былога студэнта прв спагнанне сродкаў, затрачаных дзяржавай на яго падрыхтоўку. Справа разглядалася амаль год таму ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска — без прысутнасці адказчыка і пазоўніка. У выніку суд завочна вырашыў спагнаць з маладога чалавека ў даход дзяржавы 19 917 рублёў, а таксама дзяржпошліну 995,85 рубля.

Наш чытач гэтай сумы не аплачваў і «ад таго часу нават не цікавіўся, што там з доўгам за вучобу», кажа ён. 

— Па месцы маёй старой прапіскі прыходзяць лісты, яны назапашваюцца, але іх ніхто не забірае. 

Наступствы

Антон Гашынскі:

— Можа быць прынятае завочнае рашэнне аб спагнанні з працаўніка грашовых сродкаў за неадпрацоўку.

У гэтым выпадку можна падаць у суд заяву пра яго скасаванне. Ён можа пазначыць, што не ведаў пра дату і месца разгляду справы, быў пазбаўлены права даваць тлумачэнні ў справе і падаць пярэчанні на пазоў. У такім выпадку рашэнне будзе скасаванае і справа будзе разглядацца нанова. 

Калі рашэнне суда аб спагнанні грашовых сродкаў (калі такое будзе прынятае) набудзе законную моц, яно будзе прымусова выконвацца судовымі выканаўцамі.

На маёмасць працаўніка, яго рахункі можа быць накладзены арышт. З яго мабільнага нумара будуць спісаныя грашовыя сродкі, накладзеныя абмежаванні на выезд за межы краіны, абмежаваныя права кіроўцы ды іншыя (правы на паляванне, захоўванне зброі і да т. п.) тэрмінам на 5 гадоў па рэкамендацыі супрацоўнікаў АПВ. 

Калі ж у працаўніка няма маёмасці, яму не істотныя абмежаванні правоў, і ён не плануе прыязджаць у Беларусь, то такія пастановы яму нічым не пагражаюць. Але трэба ўлічваць, што сума доўгу можа пастаянна індэксавацца.

Плюс да гэтага з працаўніка будзе спагнаны збор на карысць АПВ за прымусовае выкананне — 10% ад сумы доўгу.

Да таго ж для падаўжэння пашпарта (альбо ў выпадку, калі трэба атрымаць беларускае грамадзянства для дзіцяці, народжанага за мяжой), неабходна будзе прыехаць у Беларусь, дзе ўжо, магчыма, будуць накладзеныя абмежаванні на выезд — і з’ехаць без пагашэння сумы доўгу ўжо не атрымаецца.

Чытайце нашыя разборы пра аддаленую замену пашпарта і атрыманне пашпарта для нованароджаных (у Польшчы):

Колькі каштуе расплаціцца з ВНУ?

Чытачы дасылалі нам разліковыя рахункі з ВНУ. Вось прыклад ад спікера, які кампенсаваў БДУ 53 715 рублёў — ён паспеў адпрацаваць па размеркаванні ўсяго месяц.

— За два гады мне налічылі 56 050 рублёў, таму рахунак за 23 месяцы выставілі на 53 715. 

Разліковы рахунак паказаў чытач

Сумы ў такіх разліковых рахунках вышэйшыя за кошт навучання для студэнтаў-«платнікаў». 

Напрыклад, згодна з загадам рэктара БДУ студэнтам, якія паступілі ў 2022 годзе на мехмат за ўвесь перыяд навучання прыйдзецца заплаціць 15 139 рублёў, на ФПМІ — 16 936. А нашаму чытачу налічылі 56 050 рублёў. 

Іншы наш чытач, студэнт апошняга курса ФКСіС, цікавіўся, якую суму трэба будзе кампенсаваць БДУІР, каб не адпрацоўваць па размеркаванні. Яму назвалі прыблізны кошт — каля $10 000. Аднак згодна з прэйскурантам на сайце ВНУ, цяперашні першакурснік за 4 гады навучання заплаціць БДУІР 15 840 рублёў, то-бок крыху больш за палову ад гэтай сумы. 

Каб зразумець, як у ВНУ налічваюць кампенсацыю, мы задалі пытанне ў чат-бот рэктара БДУІР — папрасілі дэталёва растлумачыць, якія выдаткі закладваюць у кошт. І вось які адказ атрымалі:

Больш зразумела не стала. Тады мы звярнуліся да пункта, які рэгулюе парадак кампенсацыі сродкаў, затрачаных на падрыхтоўку маладых спецыялістаў. Згодна з ім, у суму кампенсацыі за навучанне на бюджэце ўключаюць:

  • заработную плату працоўных і служачых;
  • унёскі (адлічэнні) на сацыяльнае страхаванне;
  • мяккі інвентар і абмундзіраванне;
  • іншыя расходныя матэрыялы і прадметы забеспячэння;
  • камандзіроўкі і службовыя раз’езды;
  • аплату транспартных паслуг;
  • аплату паслуг сувязі;
  • аплату камунальных паслуг;
  • аплату бягучага рамонту абсталявання і інвентару;
  • аплату бягучага рамонту будынкаў і памяшканняў;
  • іншыя бягучыя выдаткі;
  • стыпендыі;
  • набыццё абсталявання ды іншых асноўных сродкаў;
  • капітальны рамонт.

Усё гэта дзеліцца на сярэднюю колькасць студэнтаў-бюджэтнікаў — і канкрэтны студэнт выплачвае «сваю долю».

Кароткая выснова: калі не плануеш адпрацоўкі, вучыцца на платным — танней.

Як справы з размеркаваннем сёлета?

Спыталіся ў студэнтаў апошніх курсаў тэхнічных ВНУ, як цяпер праходзіць размеркаванне.

Чытачы пішуць, што пераважная большасць размяркоўваецца па месцы сваёй працы — па заяўках.

— Заявак з дзяржарганізацый на нашую спецыяльнасць хапала, але ўсе, хто прыйшлі з імяннымі заяўкамі, па іх жа і былі размеркаваныя — у асноўным людзі ідуць у аўтсорс-кампаніі, хтосьці ў банкі, — напісаў студэнт БДУІР.  

Падобны каментар пакінула і яшчэ адная студэнтка БДУІР:

— У маёй групе вельмі мала бюджэтнікаў, у асноўным усе размеркаваліся па заяўках, толькі пара чалавек не знайшла працу, таму іх размеркавалі ў дзяржарганізацыі, але яшчэ не факт, што яны будуць там адпрацоўваць — ёсць магчымасць пераразмеркавацца або пайсці ў магістратуру. 

Сама дзяўчына будзе працаваць у невялікі вэб-студыі.

Яшчэ адзін студэнт ФКСіС БДУІР напісаў, што сітуацыя такая:

  • «менш заявак ад вялікіх беларускіх кампаній, і, тым не менш, большасць размяркоўваецца менавіта па заяўках з прыватных фірмаў;
  • больш заявак ад дзяржарганізацый;
  • можна „адкупіцца“, каб не праходзіць адпрацоўкі, але ў такім разе бюджэтнік мусіць заплаціць сумарна ў 2 разы больш, ніж за 4 гады навучання плацілі платнікі — прыкладна $10 000 з чалавека;
  • няможна размяркоўвацца ў маленькія кампаніі, у якіх няма дамовы пра размеркаванне з ВНУ — а гэта якраз мой выпадак. У дэканаце сказалі, што такую дамову можна аформіць за $2000».
Спросили студентов БГУИР, как дела с распределением-2022. Всё ок, но мало кто обсуждал с компанией, что потом
По теме
Спросили студентов БГУИР, как дела с распределением-2022. Всё ок, но мало кто обсуждал с компанией, что потом
Кароткая гісторыя беларускага ІТ-цуду. З малюнкамі і адкрытым фіналам
Па тэме
Кароткая гісторыя беларускага ІТ-цуду. З малюнкамі і адкрытым фіналам
Компании впервые массово перевозят джунов. Как им в новых локациях? 3 истории
По теме
Компании впервые массово перевозят джунов. Как им в новых локациях? 3 истории
Як айцішнікі-джуны шукалі працу ў Беларусі і Польшчы ў 2022. 5 гісторый
Па тэме
Як айцішнікі-джуны шукалі працу ў Беларусі і Польшчы ў 2022. 5 гісторый

Читать на dev.by