Большасць айцішнікаў-беларусаў не гатовыя працаваць на РФ. Спыталіся пра этыку і кар'еру тых, хто ўжо працуе
Змест
Нашыя апытанні паказваюць, што амаль чвэрць ІТ-спецыялістаў, якія застаюцца ў Беларусі, разглядаюць расійскі рынак як альтэрнатыву заходняму. Для параўнання: на ўнутраны беларускі рынак згодныя працаваць прыкладна столькі ж айцішнікаў.
Вось фрагмент з вялікага рэсёрчу (4К анкет), даныя якога мы апрацоўваем проста цяпер (можна было выбраць некалькі варыянтаў адказу):
Ці гэта шмат, ці гэта мала, улічваючы кантэкст? Гэта істотная частка кам’юніці, таму мы вырашылі даследаваць яе матывацыі — верагодна, яны характарызуюць стан беларускага ІТ-рынку ў 2022-2023. Пагутарылі з тымі, хто ўжо рэалізаваў гэтую гатоўнасць.
Чаму расійскія кампаніі і праекты?
З намі пагутарылі 8 суразмоўцаў. Вось некалькі гісторый.
Кароткі пераказ: не хочуць пераязджаць, на беларускім рынку няма адпаведных вакансій, не задавальняюць дыяпазоны заробкаў, камусьці проста падабаецца праект і ўмовы.
Гісторыя 1. «Адправіў рэзюмэ шмат куды, але адказалі толькі ў адной кампаніі. І яшчэ тут цікавы стэк»
Кампанія беларуская, праект расійскі
— На мінулай працы надоўга заседзеўся на бэнчы. Зрабіў рэзюмэ — адправіў шмат куды, але, на жаль, адказалі толькі ў адной кампаніі. Так я і знайшоў новую працу. А яшчэ мяне прыцягнула тое, што на праекце трэба будзе выкарыстоўваць стэк тэхналогій, з якімі заўсёды хацеў пазнаёміцца. Умовы для працы добрыя: ёсць аддаленая/офіс, выдатная каманда і тэхніка як мае быць. Калі не браць у разлік, што цяпер адмаўляемся ад замежнага софту накшталт месенджараў.
Напэўна, калі б працаваў на дакладна такі ж праект, але еўрапейскі, атрымліваў бы больш. Але я і так атрымаў 2x у параўнанні з папярэдняй кампаніяй, бо ў ёй два рэв’ю заробку трапілі на прамежак часу, калі ў Беларусі з праектамі былі ўжо праблемы.
Гісторыя 2. «Тут выгадней»
Расійская аўтсорс-кампанія
— Працую ў расійскай аўтсорс-кампаніі, якая супрацоўнічае з РЖД. А наогул на працадаўцаў-расійцаў працую ад лістапада 2021 года — змяніў ужо двух. Калі на гэтую працу ўладкоўваўся, заробкавыя дыяпазоны на маю пасаду Java/Kotlin-распрацоўшчыка ў Беларусі былі істотна ніжэйшыя, тут выгадней.
Гісторыя 3. «Сфера — EdTech, атмасфера, умовы і бонусы добрыя»
Беларускі офіс кампаніі з расійскімі каранямі
— Працую ад канца 2022 года. Сумоўе прайшла на ізі, хоць сюды не бяруць «абы каго», — але ў мяне немалы досвед, таму я падышла. Я працую з Беларусі — у нас тут цэлы офіс, усе беларусы. Атмасфера ў камандзе выдатная, працуецца камфортна, плюс умовы і бонусы для супрацоўнікаў у нас добрыя, па заробку ўсё задавальняе (і ёсць прыемныя «плюшкі»). Нашая сфера — EdTech.
Гісторыя 4. «Калі 5 месяцаў шукаеш працу, па-іншаму глядзіш на такія рэчы»
Беларускі офіс кампаніі з расійскімі каранямі
— На мяне выйшла ў LinkedIn рэкруцёрка. Даволі доўга я ігнараваў падобныя канторы праз від іх дзейнасці — гэмблінг. Расійскія карані таксама адштурхоўвалі.
Але калі 5 месяцаў шукаеш працу, трапляеш на адзін праект, на другі, і яны праз месяц-другі пераглядаюць бюджэт на наступны год, але цябе ў гэты бюджэт не ўключаюць, — ты ўжо па-іншаму глядзіш на такія рэчы. Плюс я часта чуў ад розных кампаній з СНД: «Вашыя патрабаванні значна вышэйшыя за дыяпазон, да пабачэння!»
Афіцыйна кампанія беларуская, у ПВТ. Але цяпер у мінскім офісе 90% людзей з Расіі. Нават працоўны графік падбудавалі пад расійцаў і іх выходныя дні.
Зп у мяне вышэйшая за рынак — $5К пасля выплаты падаткаў. Не дацягвае да прапаноў з ЗША і Германіі, але для Беларусі — нішто сабе. Пры гэтым тут ёсць сваё жытло, машына, і выдаткі меншыя. Спачатку я разглядаў гэтую працу толькі як чарговы варыянт на месяц, а далей усё ж паспрабаваць у Германію. Але, на жаль, жонка пакуль супраць пераезду. Ды і я, калі шчыра, не хацеў бы губляць ва ўзроўні жыцця.
Гісторыя 5. «Глядзеў вакансіі еўрапейскіх і амерыканскіх кампаній, але там мала хто хоча працаваць з Беларуссю»
Аддаленая праца ў расійскай кампаніі
— Шукаў працу ад пачатку лютага, першапачаткова разглядаў вакансіі еўрапейскіх і амерыканскіх кампаній, але там мала хто хоча працаваць з Беларуссю. А калі і пачынаецца дыялог, то кампанія чакае, што ты пераедзеш, да чаго я цяпер не гатовы. У выніку я пачаў адгукацца на вакансіі ў СНД — так і знайшлася праца для мяне.
Прапанавалі больш, ніж я прасіў. І ў цэлым офер быў на ўзроўні еўрапейскіх рэйтаў. Дагэтуль я працаваў на польскую кампанію, там дыяпазон быў меншым, ніж мне ў выніку прапанавалі тут.
Гісторыя 6. «Мая мэта — пабудаваць дом»
ППД, два праекты для расійскіх банкаў
— Яшчэ 1,5 года таму я быў кіроўцам. Атрымліваў амаль 1000 долараў — на жыццё хапала. У ІТ пайшоў, каб купіць кватэру. Пасля курсаў шукаў працу ў Расіі, трапіў на праект для расійскага банка. Выявілася, там жа (толькі ў іншага вендара) працуе знаёмы — і атрымлівае ў 1,5 разу больш. Я з усімі дамовіўся, звольніўся — і наступнага дня працаваў праз іншага вендара на тым жа праекце. Пазней у мяне з’явіўся яшчэ адзін працадаўца (таксама праект для расійскага банка). Калі я папярэдзіў, што пайду да іншага вендара за падпрацоўкай, мне адказалі: калі ласка, галоўнае — выконвай працу добра і ў тэрмін.
Ад 1 студзеня я на ППД. Атрымліваю ў сярэднім каля 10 тысяч долараў (суразмоўца паказаў скрыншот з праграмы «Прафдаход»: у лютым выручка айцішніка склала больш за 30 тысяч рублёў; у лютым ён атрымаў каля 25 тысяч, падатак — 10%).
Мая мэта — пабудаваць дом. Як толькі дасягну яе, ад другой працы адмоўлюся — усё ж добра, калі маеш час яшчэ і на сябе.
Застацца без працы я не баюся: кампаніі сыходзяць з Беларусі — а банкі застаюцца, нікуды яны не сыдуць. А значыць, і праца будзе.
(На пытанні ніжэй спікер адказваць не стаў).
Мы задалі ўсім суразмоўцам пытанні пра нюансы супрацоўніцтва з кампаніямі з РФ ва ўмовах вайны.
Адносіны ў камандзе
Ці абмяркоўваеце вы з расійскімі калегамі вайну ва Украіне? Мабілізацыю?
«З калегамі-расійцамі з мінулай працы часта абмяркоўвалі вайну (або «СВА» — тут кожны сваё слова выкарыстоўвае), і амаль усе яны адмоўна да яе ставіліся, баяліся мабілізацыі. А ў цяперашняй кампаніі і камандзе, паводле адчуванняў, 90% яе падтрымлівае. Але гэтую тэму ў размовах спецыяльна ніхто не падымае. Неяк размаўлялі з адным калегам, ён проста сказаў: калі мабілізуюць — ён паедзе. Казаў яшчэ пра доўг і ўсе справы.
Наогул мабілізацыі баяліся першы месяц, потым усім стала ўсё роўна. У нашай кампаніі ўсе ў асноўным прыкрытыя дзяржавай — у іх адтэрміноўка.
Маё асабістае стаўленне: вайна — гэта жудасна, ніводная мэта не можа апраўдаць сродкаў, якія выкарыстоўваюцца. І нішто не можа вярнуць жыцці людзей з абодвух бакоў».
«У поглядах на вайну ў нас з калегамі разыходжанняў няма. Але мы стараемся гэтай тэмы і не падымаць. І, наколькі мне вядома, нікога з расійскіх калег у нас не мабілізавалі, таму канфліктаў на гэтай глебе ў нас не ўзнікае. Акрамя таго, у нас дагэтуль працуюць таксама людзі з Украіны. Іх засталося няшмат, але яны ёсць, — і мы аказваем ім падтрымку, якую можам».
«У нас ёсць разыходжанне ў меркаваннях з заказчыкамі, але камунікацыя ўсё ж ідзе ў прыязнай манеры, дый працуюць з намі масквічы — а яны жывуць у сваім свеце. Хоць, ведаеце, забіла, калі яны ўсе-ўсе пабеглі глядзець пасланне Пуціна: што ён скажа. А мы засталіся жартаваць: ну што скажа — «адныя і тыя ж прамовы».
З каманды ў нас нікога не мабілізавалі.
Дарэчы, многія, хто ў нас працуе, употай з’ехалі з Расіі і з Беларусі».
«У нас з расійскімі калегамі гаворка пра вайну ні разу не заходзіла. Але мы ў цэлым няшмат гутарым на нейкія тэмы, акрамя працоўных».
У Расіі «прызвалі ўсіх» — так званы праект «стварэння адзінага электроннага рэестра воінскага ўліку», па сутнасці, уводзіць забарону на выезд і паражэнне ў правах для тых, хто не прыйдзе ў ваенкамат. Ці гэта неяк паўплывала на вашых калег?
«Навіны пра „электронныя позвы“ нядаўна абмяркоўвалі. Вядома, хлопцаў гэта напружвае, але яны імкнуцца не падаваць выгляду».
«Апошніх навін пра e-позвы ў нас у камандзе не абмяркоўвалі, магчыма, таму што ва ўсіх адтэрміноўкі».
«Вядома, паўплывала: тыя, з кім удалося паразмаўляць, не ведаюць, што рабіць і якія ёсць варыянты, нічога не плануюць, у паніклым стане. І жартуюць пра «пераезд у Казахстан».
Этыка
Як вы думаеце, ці этычна супрацоўнічаць з расійскімі кампаніямі/праектамі, якія плацяць падаткі ў дзяржбюджэт, падчас поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну?
«Я лічу, што гэта не этычна. Але нічога парабіць не магу. А вось мая дзяўчына са мной не згодная: яна не лічыць, што вайна — падстава разарваць працоўныя сувязі, якія сфармаваліся, і з’ехаць. А я не хацеў бы перакрэсліваць нашыя з ёй стасункі».
«Я не лічу, што працаваць на расійскія праекты падчас вайны дрэнна. Сферу, у якой я працую, увогуле не варта звязваць з вайной і палітыкай. Дый, калі шчыра, цяпер больш думаеш пра тое, як бы не застацца без працы ў такі час».
«Не схаваю, гэтая думка тачыла і точыць дагэтуль. Але, на жаль, па суадносінах умовы/задавальненне ад працы і калектыву гэтая прапанова для мяне найлепшая. Калі шукала працу, усе астатнія варыянты былі ў разы горшыя.
Магчыма, хтосьці мяне асудзіць, але ўсе мы, тыя, што засталіся, так ці інакш з’яўляемся «шрубкамі» гэтай сістэмы».
«Вядома, я не лічу этычным працаваць на Расію. Не думаю, што адэкватны чалавек наогул можа неяк апраўдваць і падтрымліваць рашэнні яе ўладаў. Але я звярнуў увагу на гэтую кампанію, бо не знайшоў іншай, у якой не губляў бы ў заробку і мог пакуль заставацца ў Беларусі. А калі на адной шалі вагаў маральныя пакуты, а на іншай матэрыяльныя патрэбы — выбар відавочны.
Яшчэ я такі чалавек, які не можа штосьці зрабіць без прадуманага да дробязей плана: для мяне сарвацца і з’ехаць у невядомасць — занадта дзіка і безразважна».
«Так, я для сябе ўвесь час стаўлю пытанне аб этычнасці працы на расійскім праекце — і пры першай магчымасці змяніў бы яго, не раздумваючы. Але ў кампаніі цяпер крызіс з праектамі, а жадання сыходзіць на бэнч няма».
«Я думаю, гэта залежыць ад кампаніі. У Расіі шмат крутых распрацоўшчыкаў, як і шмат крутых кампаній, якія і самі развіваюцца, і развіваюць свет, — яны не павінныя знікаць праз тое, што робіць улада».
«Пытанне пра вайну складанае, бо ў мяне шмат сваякоў ва Украіне. Але я яе бачу крыху па-іншаму: Расія ваюе не з Украінай, а з Захадам на чале з ЗША. А Украіна апынулася ў цэнтры ўсіх гэтых падзей. Можа, гэта спроба апраўдаць сябе за тое, што працуем на расійскіх праектах, але мы стараемся дапамагаць людзям, што бягуць з Украіны. І тым, хто бяжыць ад расійскай мабілізацыі, не жадаючы ваяваць, мы таксама дапамагалі. Многія мае калегі вайны не падтрымліваюць, але гаворка пра гэта, на шчасце, амаль не заходзіць. Адзін наш калега быў мабілізаваны і паранены. Я стараюся з ім не кантактаваць — гэта маральна цяжка».
Будучая кар’ера
Ці не асцерагаецеся вы, што расійскія кампаніі ў партфоліа ў будучыні перашкодзяць вашай кар’еры, працы на заходніх рынках?
«Не. Я думаю, калі спецыяліст добры і кампанія хоча яго займець, гэта не стане перашкодай».
«Мне здаецца, заказчыку мусіць быць важны мой досвед, а не краіна, у якой я раней працаваў. Такое стаўленне і для мяне будзе арыенцірам пры далейшым працаўладкаванні».
«Я ні разу не бачыў працадаўцы або кампаніі, якія сапраўды правяралі ўсё тое, што напісана ў людзей у лінкедзіне. Чалавек можа напісаць што заўгодна, галоўнае — каб ён мог пацвердзіць гэта навыкамі і ведамі. Ніводная кампанія на Захадзе, у якой я працаваў як ІП наўпрост, раней не патрабавала, каб я адсканаваў і пераклаў працоўную. Так што калі раптам на сумоўі я зразумею, што праз гэтую кампанію ў мяне будуць праблемы, я проста апушчу яе ў размове або замяню на штосьці падобнае функцыяналам».
«Вядома, я разумею, што ў будучага працадаўцы да мяне могуць узнікнуць пытанні, што я рабіў на мінулым праекце. Але, як мне здаецца, ІТ-адмыслоўцы не вінаватыя — усім патрэбныя грошы. Крызіс усюды — нават у еўрапейскіх кампаніях, новае месца працы знайсці складана».
«Мне здаецца, што цяпер рынак змяняецца ў бок таго, што людзей усё роўна шукаюць паводле здольнасцей, а не паводле партфоліа».
«Вядома, баюся. Тым больш, што ў галаве яшчэ тлее думка пра пераезд. Але жыць мне трэба цяпер і карміць сябе таксама».
«Раней я баяўся, што мяне не возьмуць у нейкую кампанію праз тое, што ў мяне няма „вышкі“ і ў цэлым тэхнічнай адукацыі, але, як высветлілася, мала хто глядзіць на гэта. Самае важнае для кампаніі — узровень твайго прафесіяналізму. Думаю, тут тое ж самае (натуральна, я маю на ўвазе тых людзей, якія проста працуюць на расійскія кампаніі, а не тых, хто падтрымлівае вайну)».
Вы дачыталі гэты матэрыял да канца. Калі вы тут апынуліся, значыць, хутчэй за ўсё, вас штосьці зачапіла. Выдаткуйце яшчэ 30 секунд, калі ласка.
Беларускае ІТ нельга ўявіць без dev.by.
Мы ўжо амаль 15 гадоў робім важныя і сумленныя матэрыялы, дапамагаем кожнаму з вас дзяліцца прафесійным досведам і думкамі, робім беларускую версію. Мы радаваліся поспехам індустрыі разам, звярталі ўвагу на несправядлівасць, даем слова кожнаму.
Сёння рэдакцыя dev.by — каманда аддаленых беларусаў з 10 чалавек. Яшчэ ў нас ёсць менеджмент, бэкофіс і, вядома, тэхнічныя спецыялісты. У нас 600+ тысяч чытачоў штомесяц і дзясяткі тысяч у тэлеграм-каналах і сацыяльных сетках. Мы выпускаем 300+ навін і вялікіх тэкстаў, накшталт таго, што вы толькі што чыталі. Усе беларускія медыя цытуюць dev.by.
Ва ўсіх цёмныя часы. І мы ідзем праз ідэальны шторм разам з кам’юніці. Нашыя рэкламныя даходы, якія былі крыніцай фінансавання рэдакцыі, скараціліся ў некалькі разоў.
Пры гэтым мы ўпэўненыя, што тым больш важна працягваць заставацца месцам сустрэчы беларускай ІТ-супольнасці — усіх, хто застаецца і з’язджае.
Вы можаце нам дапамагчы. Пры канцы мінулага года мы запусцілі падпісную кампанію — пачалі збіраць данаты ад чытачоў. Мы хочам у 2023 сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. Цяпер іх 170.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Цяпер сярэдні чэк — каля 10$, але мы радыя любой суме. Штомесячныя плацяжы робяць нашыя планы больш прадказальнымі, але вы самі глядзіце, як вам зручна :)
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by