Расійскім айцішнікам сталі прапаноўваць ніжэйшыя заробкі пры найманні
У студзені ў Расіі знізіўся ўзровень заработнай платы, прапанаванай ІТ-спецыялістам працадаўцамі ў вакансіях. Пра гэта пішуць «Ведамасці» са спасылкай на джабборд HeadHunter.
Медыянны прапанаваны заробак для джуноў у студзені склаў прыкладна 100 тысяч расійскіх рублёў (прыкладна $1430) — на 13% менш, ніж годам раней, а для мідлоў упаў да 160 тысяч — на 11%.
Высокакваліфікаваным распрацоўшчыкам патэнцыйныя працадаўцы гатовыя плаціць да 250 тысяч расійскіх рублёў на месяц — для іх заробак не зменшыўся, а вырас на 4%. У HeadHunter карэкцыю ўзроўню прапанаваных заробкаў тлумачаць прытокам джуноў ад вясны 2022 года. Там адзначаюць, што суадносіны рэзюмэ на адную ІТ-вакансію цяпер дасягнулі амаль 4, а на пачатку мінулага года было 1,8.
Таксама працадаўцы рэагуюць на «некаторы дэмпінг з боку кандыдатаў у плане якасці навыкаў і чаканых заробкаў». Паводле даных найбуйнейшых мабільных аператараў краіны, трафік на анлайн-курсах па ІТ вырас на 80% у студзені-жніўні 2022 года.
Пры гэтым скарачэнне прапанаваных заробкаў не адбілася на ўзроўні фактычных даходаў спецыялістаў галіны, вынікае са звестак аналітыкаў HeadHunter. Фактычны заробак ІТ-спецыялістаў-пачаткоўцаў у 2023 годзе вырас на 9% (да 97 тысяч рублёў), спецыялістаў сярэдняга ўзроўню — на 11% (158 тысяч), а высокакваліфікаваных кадраў — на 5% (211 тысяч).
У кадравым агенцтве Ancor адзначаюць, што ў 2021 годзе на аднаго ІТ-эксперта прыпадала 5-6 офераў, а цяпер — 2-3. Там кажуць, што рост заробкаў у галіне знізіўся пасля спаду ажыятажу, і калі раней суіскальнік за месяц мог у 2 разы павялічыць свае заробкавыя чаканні, то цяпер такой магчымасці ўжо няма. Эксперты адзначаюць, што сфера паслуг праграмістаў пераходзіць ад рынку кандыдата да рынку працадаўцы.
Читать на dev.by