Што чакае ІТ у 2023. Прагнозы топаў
Belarus IT Companies Club пацікавіўся ва ўласнікаў і дырэктараў ІТ-кампаній станам бізнэсу і планамі.
Многія адкрылі прадстаўніцтвы/офісы за мяжой, частка плануе гэта зрабіць. Пры гэтым палова кампаній скараціла штат у Беларусі. Больш за 40% чакаюць падзення попыту на аўтсорсінгавыя ІТ-паслугі ў новым годзе.
Публікуем асноўныя лічбы і высновы.
Рэлакейт
Кампаніі чакана працягваюць павялічваць сваю прысутнасць за мяжой.
83% рэспандэнтаў паведамілі, што кампанія ўжо мае замежныя прадстаўніцтвы. Для параўнання вясной станоўчых адказаў было 59%, восенню 2021 года яшчэ менш — 56%.
Больш за палову кампаній маюць на сёння офіс па-за межамі Беларусі. Яшчэ чвэрць плануе адкрыць яго. Поўнасцю або часткова вывезлі каманды 29% кампаній.
Найманне ў Беларусі
Чакана змяняецца сітуацыя ў беларускіх офісах. Штат супрацоўнікаў пры канцы года зменшыўся ў паловы кампаній.
Замарозка наймання, зрэшты, кранула толькі частку гульцоў. Толькі 32% рэспандэнтаў заявілі, што кампаніі не наймаюць спецыялістаў у Беларусі. Гэта шмат, але ў красавіку гаворка вялася пра 45%. Астатнія выстаўляюць менш вакансій альбо вярнуліся да ранейшага рэжыму наймання. Пры гэтым 9% нават павялічылі найманне.
Колькасць кампаній, у якіх няма бэнчу і якія актыўна наймаюць субпадрад, скарацілася ад 47% да 31%. Год таму без бэнчу працавалі 70%. 37% пазначылі, што бэнч расце. Увесну такіх было толькі 27%.
Цікава, але рэспандэнты заявілі, што не адчуваюць вострага дэфіцыту кадраў. Большасць (53%) адзначылі, што тэхнічных спецыялістаў на рынку стала больш альбо іх колькасць засталася нязменнай.
Заробкі
Запыты па заробку ў тэхнічных спецыялістаў у параўнанні з вясной не змяніліся альбо знізіліся — пра гэта паведамілі 75% рэспандэнтаў. Год таму сітуацыя была супрацьлеглай: пра павелічэнне заробкавых запытаў казалі 87% рэспандэнтаў.
У цэлым сітуацыя з узроўнем заробкаў у кампаніях змянілася. 54% рэспандэнтаў пазначылі, што сярэдні ўзровень заробкаў у іх кампаніі застаўся ранейшым (вясной было 80%). Гэта значна адрозніваецца ад сітуацыі мінулага года, калі 84% удзельнікаў апытання казалі пра павышэнне ўзроўню заробкаў. Цяпер пра павышэнне заявілі толькі 38% рэспандэнтаў. Знізілі заробкі ў лістападзе 2022 года 8% кампаній (вясной — 13%).
Адносіны з заказчыкамі
Санкцыі ў дачыненні да Беларусі адбіліся на паводзінах кліентаў. Толькі ў пятай часткі ІТ-кампаній ва ўзаемаадносінах з кліентамі нічога не змянілася. У астатніх выпадках заказчыкі альбо адмаўляюцца працаваць з беларускай юрыдычнай асобай, альбо не могуць праводзіць плацяжы ў мясцовыя банкі, альбо патрабуюць рэлакацыі распрацоўшчыкаў.
Але нават рэлакейт не заўсёды ратуе: 6% кліентаў не хочуць працаваць з беларускімі камандамі і пасля пераезду. Таму 76% уласнікаў цяпер лічыць за лепшае пазіцыянаваць свой бізнэс як небеларускі.
Яшчэ адзін важны момант: 43% кампаній, паводле слоў рэспандэнтаў, страцілі пастаянных кліентаў праз санкцыі і сітуацыю ў рэгіёне.
Кошт ІТ-паслуг
Больш за палову кампаній адзначылі зніжэнне попыту на ІТ-паслугі ў параўнанні з пачаткам года, а каля 40% прагназуюць гэты трэнд і на 2023 год. Пры гэтым 49% рэспандэнтаў захавалі рэйты на ранейшым узроўні і амаль столькі ж павысілі кошт сваіх паслуг. Вясной на павышэнне вырашыліся толькі 7%, большасць вырашыла не пераглядаць рэйты ў нестабільны перыяд.
Вось так выглядае «сярэдні рэйт» у кампаніях за senior-распрацоўшчыка для вонкавых кліентаў.
- За 45$ на гадзіну і вышэй паслугі senior-распрацоўшчыка прадае 41% кампаній (у красавіку 2022 — 29%);
- За 40-45$ — 12% кампаній (як і вясной);
- За 30-40$ — 33% кампаній (у красавіку было 44%);
- Рэйты ніжэйшыя за 30$ на гадзіну выстаўляюць 5% кампаній. (вясной — 15%).
Фінансавы стан ІТ-кампаній
59% рэспандэнтаў адзначылі, што іх фінансавы стан пры канцы года застаўся стабільным або палепшыўся. Пра пагаршэнне заявіў 41% рэспандэнтаў. У параўнанні з красавіком 2022 года гэты паказчык знізіўся: вясной, на піку ваеннага канфлікту ў рэгіёне, пра пагаршэнне фінансавага стану заяўлялі 63% кампаній. Год таму прасадку адчувалі ўсяго 11%.
У буйных кампаніях на 100+ супрацоўнікаў больш за палову рэспандэнтаў (52%) чакаюць павелічэння выручкі больш чым на 10% па выніках 2022 года. Памяншэнне прагназуе 11% рэспандэнтаў. На тым жа ўзроўні выручка чакаецца ў 37% кампаній.
А вось так ІТ-кампаніі ацэньваюць рэнтабельнасць у выпадку скасавання льгот для рэзідэнтаў ПВТ. Адразу 44% кіраўнікоў лічаць, што ў выпадку скасавання льгот іх кампанія не зможа захаваць дастатковую рэнтабельнасць.
Што чакае ІТ-галіну ў 2023 годзе?
41% рэспандэнтаў прагназуе падзенне попыту на аўтсорсінгавыя ІТ-паслугі ў 2023 годзе.
Траціна не чакае ніякіх ваганняў у попыце. 26% упэўненыя, што попыт падвысіцца.
Читать на dev.by