Samsung забараніла супрацоўнікам карыстацца ChatGPT і падобнымі — аж да звальнення
Samsung з меркаванняў бяспекі забараніла супрацоўнікам карыстацца АІ-чатамі, такімі як ChatGPT, Google Bard і Microsoft Bing, піша Bloomberg. Раней у кампаніі з неасцярожнасці супрацоўнікаў адбыліся ўцечкі канфідэнцыйнай інфармацыі.
Новае патрабаванне да найбуйнейшых падраздзяленняў паўднёвакарэйскага тэхнагіганта данеслі ў карпаратыўнай рассылцы ў панядзелак. Нягледзячы на карысць такіх АІ-платформаў для эфектыўнасці працы, даныя, якія перадаюцца ім, захоўваюцца на іншых серверах, што робіць немагчымым іх выдаленне і ставіць пад пагрозу трапляння ў рукі трэціх асоб, адзначыла кампанія.
Цяпер супрацоўнікам няможна выкарыстоўваць генератыўныя АІ-інструменты на карпаратыўных камп’ютарах, планшэтах, смартфонах і ва ўнутраных сетках. Гаджатаў, якія прадаюцца спажыўцам, напрыклад, Android-смартфонаў і ноўтбукаў пад кіраваннем Windows, гэта не закране.
Акрамя гэтага, супрацоўнікам, якія карыстаюцца ChatGPT на асабістых прыладах, забаронена зліваць карпаратыўную і персанальную інфармацыю, звязаную з інтэлектуальнай уласнасцю Samsung. За парушэнне гэтых патрабаванняў кампанія прыгразіла звальненнем.
Раней чатбот OpenAI забанілі некаторыя банкі з Уол-Стрыт, уключаючы JPMorgan Chase, Bank of America і Citigroup. Таксама ненадоўга праз праблемы са зборам карыстальніцкіх даных і верыфікацыяй малалетніх карыстальнікаў ChatGPT блакавалі ў Італіі.
Читать на dev.by