Найпапулярнейшы выдавец мабільных гульняў закрывае офіс у Мінску. Раней ён абяцаў не сыходзіць з ПВТ

Кампанія «Кажыгульні» — беларуская юрыдычная асоба папулярнага паблішара SayGames — ліквідуецца. Пра гэта паведамляецца на kartoteka.by.

12 каментарыяў

Афіцыйна ліквідацыя кампаніі пачалася 19 чэрвеня. Рашэнне было прынятае ўласнікам. Пры гэтым кампанію яшчэ не выдалілі са спіса рэзідэнтаў на сайце ПВТ.

SayGames з’яўляецца адным з самых паспяховых праектаў з беларускімі каранямі па стварэнні мабільных гульняў. 

Кампанія была заснаваная ў 2017 годзе. Сузаснавальнік і гендырэктар — Ягор Вайханскі. 

На дадзены момант у партфоліа паблішара 100+ запушчаных праектаў і больш за 4 мільярды спамповак ва ўсім свеце. SayGames з’яўляецца самым папулярным выдаўцом мабільных гульняў з беларускімі каранямі. 

Гульні SayGames перыядычна станавіліся хітамі, а кампанія апыналася ў сусветным топ-10. 

  • У 2019 годзе гульня Sand Balls трапіла ў лік самых прарыўных у свеце.
  • У 2020 годзе SayGames апынулася ў дзясятцы найпапулярнейшых мабільных паблішаращ года па версіі аналітычнай платформы Sensor Tower.
  • Па выніках 2021 года яшчэ адная аналітычная платформа App Annie ўключыла SayGames у топ-10 найлепшых сусветных распрацоўшчыкаў.
  • Летам 2023 года аналітычная кампанія Data.io ўключыла SayGames у топ-30 найлепшых выдаўцоў у рэгіёне EMEA па карыстальніцкіх тратах за перыяд ад студзеня 2022 года да ліпеня 2023 года.

У 2022 годзе кампанія правяла рэструктурызацыю, у выніку якой ліквідавала беларускую юрыдычную асобу «СэйГеймс». У Беларусі засталася працаваць кампанія «Кажыгульні» (яшчэ ў 2021 годзе ўвайшла ў ПВТ).

— Мы былі і застаемся ў Беларусі. Праводзім рэструктурызацыю, нашая кампанія ў ПВТ — гэта «Кажыгульні». З намі ўсё добра, мы не сыходзілі з ПВТ і не збіраемся, — казаў тады COO SayGames Дзяніс Вайханскі. На той момант паблішар працягваў наймаць супрацоўнікаў у Мінску.

Таксама ў 2022 годзе SayGames перайшла на гібрыдную мадэль манетызацыі. Кампанія запусціла гульні, якія спалучаюць манетызацыю на аснове рэкламы і куплю ў праграме. Такі пераход выявіўся эфектыўным. Прыбытак ад купляў у праграмах вырас на 350% — ад 11 мільёнаў долараў у 2021 годзе да 37,5 мільёнаў долараў у 2022 годзе

Пры канцы студзеня 2023 года юрыдычная асоба «Кажыгульні» апынулася ў спісе кампаній з акцыянерамі з недружалюбных краін, якім забаранілі адчужаць долі (акцыі) у беларускіх юрасобах без дазволу Мінфіна (пазней указ пра спісы быў перайначаны).

Галаўны офіс SayGames знаходзіцца на Кіпры. У Мінску доўгі час працавала асноўная каманда. Аднак цяпер на сайце кампаніі няма згадкі пра Беларусь. Кампанія шукае новых супрацоўнікаў у Польшчы (у Варшаве) і на Кіпры (у Лімасоле і Пафасе). 

Асноўная каманда паблішара знаходзіцца ў Польшчы. Польская юрыдычная асоба SayGames была зарэгістраваная вясной 2021 года.

За мінулы год польская юрыдычная асоба атрымала даход сумай 25,6 мільёна злотых (6,4 млн долараў). У параўнанні з 2022 годам даход вырас больш як удвая. Чысты прыбытак геймдэў-кампаніі за мінулы год склаў 0,8 мільёна злотых (0,2 млн долараў), як і ў 2022 годзе. 

Хто яшчэ з вядомых мабільных распрацоўшчыкаў закрыў (закрывае) офіс у Беларусі ў 2024

Playtika

Ізраільская геймдэў-кампанія. Офіс распрацоўкі Playtika ў Мінску быў адкрыты ў 2012 годзе. На піку ў кампаніі працавала больш за 600 чалавек (пры канцы 2021 года). Мінскі офіс уваходзіў у топ-20 найбуйнейшых ІТ-кампаній у Беларусі. У публічных справаздачах кампаніі ад другой паловы 2020 года Беларусь фігуравала ў фактарах рызыкі праз нестабільную палітычную сітуацыю.

Афіцыйна працэдура ліквідацыі кампаніі была запушчаная пры канцы красавіка. Але пра сыход Playtika з Беларусі стала вядома яшчэ ў студзені. Першапачаткова, паводле слоў супрацоўнікаў, планавалася, што беларуская каманда дапрацуе да канца лютага.

Пазней топ-менеджмент кампаніі скарэктаваў планы. Супрацоўнікам паведамілі, што апошні працоўны дзень для ўсіх, хто застанецца ў Беларусі — 30 красавіка.Пасля гэтай даты доступу да карпаратыўных рэсурсаў з Беларусі не будзе.

Belka Games

Адзін з найбуйнейшых мабільных распрацоўшчыкаў з беларускімі каранямі.

У 2019 годзе Belka Games прыцягнула інвестыцыі ад AppLovin, якая на той момант ацэньвалася ў 2 мільярды долараў. У 2021 годзе Belka Games увайшла ў топ-3 найбуйнейшых паблішараў з беларускімі каранямі па памеры выручкі. Кампанія атрымала за год 130,7 мільёна долараў — амаль на 50% больш, чым у 2020 годзе. Таксама Belka Games увайшла ў топ-100 мабільных паблішараў свету па версіі App Annie, у топ-20 па выручцы ў рэгіёне ЕМЕА.

Вайна ва Украіне вымусіла кампанію скарэктаваць стратэгію развіцця. У лістападзе 2022 года Belka Games заявіла аб сыходзе з Расіі і рэлакацыі амаль усёй расійскай каманды ў іншыя краіны. Офіс (прыкладна са ста чалавек) у Беларусі на той момант працягваў працаваць. Але, паводле слоў крыніц, яшчэ ў 2021 годзе кампанія ўвяла мараторый на найманне ў РБ. 

Працэдура ліквідацыі юрыдычнай асобы ў Беларусі была запушчаная пры канцы снежня 2023 года. 

Apalon

Мабільны распрацоўшчык з беларускімі каранямі. Закрыццё кампаніі стала наступствам продажу інтэлектуальнай уласнасці прадуктаў Mosaic Group (мацярынскай кампаніі Apalon) італьянскай кампаніі Bending Spoons.  У Apalon працавала каля 150 чалавек, з іх больш за 100 — у мінскім офісе.

Два десятка мобильных разработчиков отключили монетизацию Unity в играх в знак протеста — среди них Say Games и Playgendary
По теме
Два десятка мобильных разработчиков отключили монетизацию Unity в играх в знак протеста — среди них Say Games и Playgendary
«Нечакана скончыліся грошы». Экс-супрацоўнік Teslasuit пра закрыццё мінскага офіса
Па тэме
«Нечакана скончыліся грошы». Экс-супрацоўнік Teslasuit пра закрыццё мінскага офіса
Apalon ликвидирует юрлицо в Беларуси
По теме
Apalon ликвидирует юрлицо в Беларуси
Кампанію ў Мінску закрывае яшчэ адзін вядомы мабільны распрацоўшчык
Па тэме
Кампанію ў Мінску закрывае яшчэ адзін вядомы мабільны распрацоўшчык
Playtika афіцыйна ліквідуе бізнэс у Беларусі
Па тэме
Playtika афіцыйна ліквідуе бізнэс у Беларусі

Читать на dev.by