Нават на Балтыку не хапае. «Сеньёр-памідор» паскардзіўся на Польшчу і крызіс
«Кантрасны душ» для тых, каму надакучыла рубрыка #БагатыБураціна. Dzik распавядае гісторыю Сяргея, якому пасля пераезду ў Польшчу ледзь хапае на жыццё.
Warning! Гэта суб’ектыўны досвед. Калі вам цікавая агульная карціна, то вось тут мы сабралі падрабязную інфармацыю пра заробкі ў Польшчы, а таксама ўражанні ІТ-экспатаў ад пераезду і дынамікі ўзроўню жыцця:
«Сур’ёзныя пакупкі пакуль адклалі да лепшых часоў»
Senior BA, досвед 8+ гадоў
— Мы пераехалі ў Польшчу з жонкай і дзвюма дочкамі (5 і 2 гады) у 2021 годзе. Жонка працавала да нараджэння першага дзіцяці, цяпер — не. Я спачатку спрабаваў шукаць працу ў іншых краінах, але варыянтаў у Польшчы было больш. Напрыклад, немцы і амерыканцы нават не адказвалі на водгукі на вакансіі. У выніку аселі ва Уроцлаве — у працадаўцы з белкаранямі там офіс.
Працую на аўтсорсе і па ўмове, а працы. Заробак брута 16 000 злотых, нета — 11 000 злотых (каля $2750). Прыкладныя выдаткі на сям’ю на месяц выглядаюць так:
- Арэнда кватэры (двухпакаёўка) — $800
- Ежа, алкаголь, бытавая хімія — $550
- Рэстараны, кавярні, дастаўка ежы — $150
- Харчаванне ў садзе/ школе, дзіцячыя гурткі — $400
- Спорт, хобі — $100
- Падарожжы — $150 (хайкінг, выезд у найбліжэйшыя гарады)
- Медыцына — $ 75 на месяц
- Дробныя выдаткі, адзенне — каля $125
- Падпіскі (Netflix і іншае) — $100
- Тэлефон, інтэрнэт — $40
- Адзенне — $100
- Гарадскі транспарт, таксі — $60;
- Стрыжкі, манікюр і іншае — $100
- Усяго: $2750
На цэны ў крамах мы глядзім, але спецыяльна за зніжкамі не ганяемся. За маніторынг трат адказваю я: з дапамогай таблічкі ў эксэлі магу штосьці з выдаткаў скараціць, каб купіць пыласос (напрыклад). Але, з улікам нашага доўгатэрміновага мінусу, гарызонт планавання ў нас усяго 1-2 месяцы.
Не скажу, што мы проста бядуем, але сур’ёзныя пакупкі (ровар, плэйстэйшэн, карэкцыя зроку, зубныя імпланты, новы тэлефон, мэбля, планшэт) пакуль адклалі да лепшых часоў.
Збіраць грошы ў нас атрымліваецца рэдка, наадварот, невялікая скарбонка ў памеры каля $4000 павольна растае. Адкладаем $100-200 адразу пасля заробку, але пры канцы месяца ўсё (а часам і больш) даводзіцца вымаць, каб дажыць да заробку.
«Не разумею, як жывуць сярэднія палякі і мідлы з дзецьмі. Хочацца іх абняць і разам паплакаць»
Хоць мой даход у лічбах пасля пераезду вырас, але выдаткі непамерна павялічыліся. Асабліва ўдарыла па бюджэце інфляцыя: пасля пачатку вайны перагляду заробку не было, а цэны на ўсё выраслі (па адчуваннях) на 30%.
Сюды ж дадаліся выдаткі на другое дзіця і арэнду (у Мінску мы здымалі двухпакаёўку за $300, а тут — за $800). Хацелася б здымаць трохпакаёўку, але цяпер нам гэта не па кішэні. Затое на прыватны дзіцячы садок не шкадуем: ён апраўдвае чаканні (хоць яго перавагі перад дзяржсадам нам пакуль таксама не зразумелыя).
Раней мы аддавалі перавагу бесталковаму пляжнаму адпачынку ў Еўропе, а цяпер нават Балтыйскага мора дазволіць сабе не можам. Увесь наш адпачынак — гэта паркі ў горадзе, хайкінг і недалёкія падарожжы на цягніку.
Вось і выходзіць, што я тыпу сеньёр-памідор, якому заробку на сям’ю ледзь хапае. Пры гэтым для маёй нетэхнічнай спецыяльнасці і пасады такая сума — гэта вельмі нават нядрэнна. Я рэальна не разумею, на што жывуць мідлы з дзецьмі і палякі са сваімі сярэднімі заробкамі. Хочацца іх абняць і разам паплакаць.
«Праца з 18-20К злотых брута мне толькі сніцца, так што застаецца быць аптымістам»
Падпрацоўкі я не шукаў, бо з Blue card я магу працаваць толькі па ўмове, а працы. Я спрабаваў шукаць больш аплачваную працу, але цяпер суіскальнікаў у Польшчы значна больш, ніж вакансій для маёй пазіцыі. Так што праца з 18-20К злотых брута мне толькі сніцца.
Думаю, у маёй сітуацыі больш за ўсё вінаватая інфляцыя, крызіс у эканоміцы (і ў прыватнасці — у ІТ) і развіццё АІ. Многія ІТ-гіганты хочуць назапасіць падушку бяспекі, так як бачаць здзіманне рынку. Гэта выклікае «эфект даміно». І тут ужо незразумела, дзе курыца, а дзе яйка.
Так што застаецца толькі быць аптымістам: чакаць аднаўлення рынку, а in the meantime прапампоўваць свае скілы, каб стаць больш карысным бізнэсу спецыялістам.
Читать на dev.by