СЕО Airbnb назваў альтэрнатыву для людзей, якія страцяць працу з-за ШІ
Людзі, якіх пазбавіць працы ШІ, змогуць знайсці новае месца ў Airbnb. Так сказаў генеральны дырэктар Airbnb Браян Чэскі на канферэнцыі Goldman Sachs Communacopia + Technology у Сан-Францыска.
Сэрвіс для арэнды жылля зараз пашырае кола паслуг і мае намер стаць «праграмай для ўсяго». Напрыклад, карыстальнікі могуць наймаць масажыстаў, кухараў, фатографаў сярод мясцовых жыхароў. Чэскі сцвярджае, што супрацоўнікі ў сферах гасціннасці і паслуг адносна добра абаронены ад аўтаматызацыі ШІ — пакуль. Хаця дадзеныя паказваюць, што, напрыклад, у гарадах, дзе ёсць робататаксі, заробкі кіроўцаў зніжаюцца.
У падарожжах людзі хочуць атрымаць асалоду ад атмасферы месца і адчуць жывы, душэўны кампанент, лічыць прадпрымальнік. «Думаю, што калі чалавек едзе ў Бардо і адкрывае бутэльку віна, ён наўрад ці хоча мець справу з ШІ. Калі чалавек едзе на возера Кома, ён наўрад ці хоча, каб дзверы яму адчыніў робат», — адзначыў ён.
Таму галіна гасціннасці не пацерпіць ад ШІ так моцна і хутка, як іншыя, мяркуе Чэскі. І што ў бліжэйшыя 5-10 гадоў галоўную ролю тут будуць займаць людзі.
«Спадзяюся, што калі ШІ выцесніць шмат працоўных месцаў, то прынамсі частка гэтых людзей знойдзе новыя магчымасці ў нас. Я думаю, што многія людзі прыйдуць менавіта да нас», — дадаў ён.
Генеральны дырэктар Anthropic Дарыа Амадэй у маі папярэджваў, што ШІ можа знішчыць да паловы пазіцый джуноў, і нядаўна зноў нагадаў пра свой прагноз у інтэрв’ю ВВС. Паводле яго слоў, найбольш уразлівыя супрацоўнікі ў юрыспрудэнцыі, кансалтынгу і фінансах. Даследчыкі Стэнфарда сцвярджаюць, што ШІ ўжо змяняе рынак працы ў ЗША.
Адзін з «хросных бацькоў» ШІ Джэфры Хінтан таксама лічыць, што тэхналогіям пакуль не ўдаюцца фізічныя маніпуляцыі, таму прадстаўнікі такіх прафесій, як сантэхнік, напрыклад, пакуль у бяспецы.
Читать на dev.by