ПВТ упершыню ад сакавіка 2022 расказаў, колькі кампаній і айцішнікаў сышло і прыйшло
ПВТ апублікаваў інфармацыю аб колькасці новых рэзідэнтаў у 2022–2023 гадах. Апошні раз гэтымі данымі Парк падзяліўся ў сакавіку 2022.
Выявілася, за паўтара года з парку сышло 170+ кампаній (на траціну больш, ніж прыйшло). Колькасць супрацоўнікаў усіх кампаній ПВТ скарацілася за гэты час на 25%.
Новыя рэзідэнты
За 2022–2023 гады ПВТ прыняў 130 новых рэзідэнтаў (уключаючы ІП), з іх летась — 66, сёлета — 64.
Гэта вельмі мала, улічваючы актыўнасць кампаній у папярэднія гады. У параўнанні з 2021 годам набор рэзідэнтаў скараціўся ў 3 разы, а ў параўнанні з самым прадукцыйным 2019 годам амаль у 5 разоў (тады ў Парк увайшло 319 кампаній).
Верагодна, сёлета яшчэ будзе 1-2 наборы рэзідэнтаў. Якасны склад пры гэтым прыкметна змяніўся. І летась, і сёлета ў ПВТ увайшло шмат «зялёных» кампаній, якія толькі-толькі былі зарэгістраваныя. А большасць новых рэзідэнтаў першага сёлетняга набору — невялікі аўтсорс з украпінамі распрацоўкі для дзяржсектара.
Сышлі з ПВТ
Зрэшты, за апошнія паўтара года ПВТ не толькі прымаў, але і выключаў рэзідэнтаў як з уласнай ініцыятывы, так і з ініцыятывы саміх кампаній. І адток выявіўся большым за колькасць пачаткоўцаў.
На пачатку 2022 года ў ПВТ было каля 1065 рэзідэнтаў, сёння іх, мяркуючы з інфармацыі на афіцыйным сайце, 1018. Атрымліваецца, што за мінулы і гэты гады з ПВТ сышло 170+ кампаній, або на 36% больш, ніж прыйшло.
А ад 2020 года, калі пачалася першая хваля рэлакацыі айцішнікаў, з ПВТ сышло каля 280 кампаній.
У адрозненне ад новых рэзідэнтаў сярод тых, хто сышоў — шмат буйных і вядомых кампаній як беларускіх, так і замежных.
Найвядомейшыя:
- заснаваныя беларусамі — Flo, Wargaming, Gurtam, Wannaby, OneSoil, Vochi, Verv;
- замежныя — WorkFusion, Appodeal, Softeq Development, Arteza, EIS Group, Playrix, SK hynix, Kaseya.
Колькі спецыялістаў страціў ПВТ
Колькасць спецыялістаў у кампаніях ПВТ ад 2022 года таксама скарацілася, нягледзячы на прыток новых рэзідэнтаў.
Паводле інфармацыі на афіцыйным сайце, у кампаніях Парка на сёння працуе больш за 60 тысяч супрацоўнікаў. Увесну мінулага года іх было 78+ тысячы чалавек. То-бок за 1+ год штат кампаній ПВТ скараціўся прыкладна на 18 тысяч чалавек, або амаль на 25%.
Варта дадаць, што на сёння ў ПВТ працуе прыкладна столькі супрацоўнікаў, колькі і на пачатку 2020 года.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by