Позва, ужонд. Выбіраем слова года беларускіх айцішнікаў
Пры канцы года розныя краіны, інстытуты, выданні выбіраюць слова года. Так, беларускі праект «Толькі пра мову» назваў галоўнае слова 2022 — «вайна». Такі выбар зрабілі карыстальнікі сацсетак разам з камісіяй лінгвістаў.
dev.by вырашыў, што ў айцішнікаў таксама можа быць сваё слова. Прапаноўваем свае варыянты, чакаем вашых. Выбірайце.
Гамарджоба
Ці нават вось так: გამარჯობა. Для многіх айцішнікаў з Беларусі грузінскае прывітанне стала звыклым.
Самазаняты
Гэта той, кім мог бы стаць распрацоўшчык-ІП пасля скасавання спрошчанай сістэмы падаткаабкладання ў 2023 годзе. Але не стане, бо ўлады, насуперак абяцанням, не дазволілі айцішнікам працаваць з выплатай падатку на прафесійны даход.
Ужонд
Месца паломніцтва рэлакантаў у Польшчы. Яны там здабываюць песэль, мельдунэк ды іншыя радасці польскага жыцця.
Прадоўжаныя візы
З’ява, якая з’явілася дзякуючы пандэміі і шчодрасці палякаў. Беларусы ж прызвычаіліся да думкі, што візы/карты побыту будуць жыць да апошняга віруса кароны, але нядаўна Польшча вырашыла адвязаць тэрмін дзеяння дакументаў ад эпідсітуацыі. Зрэшты, візы і спадзевы яшчэ трываюць.
Падатковы рэзідэнт
Гэта проста і складана. Увесь год айцішнікі вылічвалі свой рэзідэнцкі статус (а прынцып 183 дзён, выяўляецца, працуе не заўжды), вывучалі пагадненні аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання, спрабуючы зразумець, каму і колькі падаткаў вінныя. Высновы часам атрымліваліся так сабе, але папярэджаны значыць узброены.
Запіс на візу (хоць якую)
Бясспрэчны мем 2022-га. Аж да канца лістапада запісацца ў ВЦ было чэленджам: скрыпты ўжо не працавалі, чарга ў PAIH рухалася павольна, і толькі асобныя турфірмы і прыватныя дапамагатары рабілі магію за вялікія грошы. У польскіх ВЦ развіднелася раптоўна: проста рэгістраваць наведвальнікаў сталі праз Міжбанкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі (МСІ). Дапамагатары пайшлі прэч, даты з’явіліся.
Апастыль
Яшчэ адзін жаданы дакумент 2022-га для тых, хто ўжо з візай (або мае намер яе неўзабаве атрымаць). Дорага і доўга. Ну, вы памятаеце, як гэта было ўвесну.
Позва
Антонім апастыля. Яе ніхто не жадаў, хоць яна бясплатная і раптоўная. Застаецца важным фактарам трывогі.
Пашпарт
Біяметрычны, старога ўзору, паскораны, які заўгодна, але толькі каб у консульстве. Замена дакументаў стала важным пытаннем для многіх беларусаў у 2022-м. А хтосьці нават адчуў дыскрымінацыю праз сваё грамадзянства. Зычым, каб у новым годзе ваш пашпарт быў у парадку.
Трымайцеся
Слова-код, якое нам часта даводзілася выкарыстоўваць у гэтым годзе. Можа, яно і не палягчае жыцця адрасата, але дорыць крышачку цяпла. Будзьма трымацца і надалей.
Дадавайце свае словы года ў каменты.
Рэдакцыі патрэбная вашая дапамога проста цяпер.
Нам можна дапамагчы праз Patreon. Выберыце штомесячны ўзровень падтрымкі: 10, 20, 30, 100 ці 500 долараў — або ўнясіце любую суму.
А яшчэ мы прымаем крыптавалюту.
Bitcoin bc1qae22u3sg8es6j22pg4mmyrdvvym0vxjyesxhhw
Etherium 0×831a6641721E70af32dDa262F4110eB704af8c05
Tether USD (USDT) on ETH Network 0×831a6641721E70af32dDa262F4110eB704af8c05
Zcash t1R5UM9VMR1hJvJqTJ9w5bAmHxrDLJ9Nxmh
Дзякуй, што вы з намi.
Читать на dev.by