smalldickenergy: гісторыя Эндру Тэйта, самага ненавіснага мужчыны ў сеціве
Сварка паміж Грэтай Тунберг і Эндру Тэйтам скончылася арыштам «самага ненавіснага мужчыны ў інтэрнэце». Пакуль адныя радаваліся, іншыя задаліся пытаннем: як расісту, мізагіну і ашуканцу ўдалося сабраць шматмільённую аўдыторыю фанатаў? І чаму нават блакаванні ў сацсетках не дапамагаюць даць рады віруснай папулярнасці такога кантэнту сярод падлеткаў?
Сварка паміж Грэтай Тунберг і Эндру Тэйтам скончылася арыштам «самага ненавіснага мужчыны ў інтэрнэце». Пакуль адныя радаваліся, іншыя задаліся пытаннем: як расісту, мізагіну і ашуканцу ўдалося сабраць шматмільённую аўдыторыю фанатаў? І чаму нават блакаванні ў сацсетках не дапамагаюць даць рады віруснай папулярнасці такога кантэнту сярод падлеткаў?
30 снежня ў Бухарэсце румынскія сілавікі арыштавалі скандальнага блогера і ягонага брата Трыстана на 30 дзён. Абодвух падазраюць у гандлі людзьмі, згвалтаванні і стварэнні арганізаванай злачыннай групоўкі. Супрацоўнікі спецслужбаў правялі ператрус у асабняку Тэйта і выявілі наяўныя грошы і зброю.
Румынскае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і тэрарызмам заявіла, што ў справе — шэсць пацярпелых. Іх прымушалі ўдзельнічаць у парнаграфічных роліках, якія потым прадавалі ў інтэрнэце. Мяркуецца, што жанчыны былі вэб-мадэлямі. «Яны падвяргаліся фізічнаму і псіхалагічнаму гвалту […] і сэксуальнай эксплуатацыі з боку сяброў групы», — гаворыцца ў паведамленні.
Яшчэ ў сакавіку мінулага года Daily Mirror апублікавала інтэрв’ю з Тэйтам, у якім ён горда прызнаваўся пра прыдуманую ім з братам схему: кліенты плацілі нанятым 75 жанчынам за званкі $4 на хвіліну, а Тэйты прысабечвалі большую частку грошай. Блогер выхваляўся, што ўлада нічога не можа ім зрабіць, а яны з братам Трыстанам зарабляюць мільёны фунтаў стэрлінгаў.
Адкуль ён з’явіўся
Эндру Тэйт нарадзіўся ў ЗША ў 1986 годзе. На пачатку нулявых мужчына пачаў прафесійна займацца кікбоксінгам і нават заваяваў сусветныя тытулы. У 2016 годзе ён стаў удзельнікам брытанскага рэаліці-шоу «Вялікі брат», але неўзабаве яго выключылі: у сеціве з’явілася відэа, на якім ён дзяжыць жанчыну. Тады Тэйт заявіў, што ролік — фэйкавы і назваў яго «поўнай хлуснёй, якая спрабуе выставіць яго ў дрэнным святле».
Тады былы спартовец вырашыў заняцца коўчынгам і завёў блог. Яго парады па хуткім заробку, спакушэнні дзяўчат і ператварэнні ў мача знайшлі вялікі водгук. У роліках Тэйт пазіраваў на фоне люксавых брэндаў, са зброяй і курыў цыгары. Яго акаўнт у TikTok неўзабаве набраў папулярнасць, сярод фанатаў Тэйта знайшлося шмат падлеткаў, а ролікі з ім паглядзелі больш за 11 мільярдаў разоў.
Сацсеткі пазапаўнялі ролікі з Тэйтам, у якіх ён казаў шакавальныя рэчы. Напрыклад, блогер казаў, што «ахвяры сэксуальнага гвалту самі нясуць адказнасць за напад», месца жанчын — дома, яны не могуць кіраваць машынай і з’яўляюцца ўласнасцю мужчын. Але благая слава згуляла Тэйт на руку — праз правакацыйнасць прагляды раслі, а следам — і яго вядомасць.
Крыніца: @tate.finances/TikTok
Акрамя расізму і гамафобіі Тэйт вызначыўся выказваннямі пра «выдуманасць» дэпрэсіі як псіхічнага дыягназу. Блогера стаў запрашаць у свой падкаст аматар канспіралогіі Алекс Джонс, Тэйта бачылі ў кампаніі ультраправага блогера Пола Джозэфа Уотсана, актывіста Томі Робінсана і Дональда Трампа-малодшага. Пасля сустрэчы з ім Трамп-малодшы напісаў «The tate family support trump FULLY. MAGA».
Нягледзячы на правілы мадэрацыі, якія забараняюць падобны кантэнт, TikTok мала што рабіў для абмежавання гэтых ролікаў. Алгарытмы актыўна прасоўвалі ролікі сярод маладых карыстальнікаў. І толькі пасля шуміхі, якая ўзнікла ў СМІ, Тэйта заблакавалі ўсе папулярныя сацыяльныя сеткі, у тым ліку Twitter. Аднак пасля прыходу ў кампанію Ілана Маска профіль Тэйта разблакавалі. Гэта прывяло да новага скандалу.
Гісторыя з кардонкай з-пад піцы
Блогер папрасіў у экаактывісткі Грэты Тунберг адрас электроннай пошты, каб расказаць ёй пра сваю калекцыю аўтамабіляў і іх шкодныя выкіды ў атмасферу. Тунберг вырашыла патроліць Тэйта і сказала даслаць адказ на адрас [email protected]. Цяпер гэта чацвёрты паводле папулярнасці твіт за ўсю гісторыю сацсеткі. Праз дзесяць гадзін блогер выклаў дзвюххвілінны ролік, у якім паліць цыгару і спрабуе спрачацца з экаактывісткай.
У сярэдзіне роліка можна ўбачыць, як мужчыну перадаюць піцу. Карыстальнікі правялі калектыўнае расследаванне і высветлілі, што надпіс на кардонцы піцы паказвае, дзе цяпер знаходзіцца Тэйт. Аднак афіцыйна румынскія ўлады не пацвярджалі, што высачылі блогера праз гэты ролік. «Вось што здараецца, калі вы не адпраўляеце на перапрацоўку кардонкі з-пад піцы», — напісала Тунберг пасля затрымання Тэйта.
this is what happens when you don’t recycle your pizza boxes
Дзіўна, але ўвесь гэты час Тэйту ўдавалася пазбягаць будзь-якой адказнасці. Блогера абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да некалькіх жанчын, аднак у выніку яму не было выстаўлена ніякіх абвінавачванняў, акрамя парушэння правілаў кіравання ў 2018 годзе. Аднойчы сам Тэйт апісаў выпадак, калі жанчына выбіла тэлефон з яго рук. Паводле яго слоў, у бойцы ён выпадкова ўдарыў жанчыну і зламаў ёй сківіцу.
«Тэйт — гэта галівудская форма мужнасці, але яна глыбокая, як лужына».
У іншым відэа ён прызнаўся, што ў дачыненні да яго брытанская паліцыя праводзіць расследаванне: у яго доме прайшоў ператрус, былі канфіскаваныя гаджаты, а Тэйт паспеў праседзець у камеры двое сутак. Пасля вызвалення блогер з’ехаў у Румынію, патлумачыўшы, што хоча пазбегнуць абвінавачванняў у згвалтаванні. «Я не гвалтаўнік, але мне падабаецца ідэя проста рабіць тое, што я хачу. Мне падабаецца быць свабодным», — дадаў ён.
У Румынію выправіўся і яго брат Трыстан, з якім Эндру жыў у асабняку. Ужо румынская паліцыя нечакана з’явілася ў іх пасля звароту амерыканскіх дыпламатаў, якія сцвярджалі, што ў будынку ўтрымліваюць 21-гадовую амерыканку. Тэйтаў дапыталі і адпусцілі. Гэта яшчэ больш падагравала папулярнасць блогера ў сацсетках. Толькі за жнівень 2022 года ролікі з яго імем паглядзелі больш за мільярд разоў.
Акадэмія маскуліннасці
Тэйт паспяхова манетызаваў сваю папулярнасць. Ён стварыў анлайн-акадэмію Hustler’s University. Прыхільнікі Тэйта атрымлівалі запрашальныя лісты, у якіх ім прапаноўвалі месячныя абанементы за 39 фунтаў і бонусы, калі тыя прывядуць сваіх сяброў. Усяго за тры месяцы праект прынёс блогеру 127 тысяч удзельнікаў і мільёны фунтаў стэрлінгаў даходу. Падлеткі і мужчыны з Вялікабрытаніі і ЗША сталі часткай гэтай сумнеўнай піраміды.
Удзельнікам, у тым ліку хлопчыкам у веку 13 гадоў, абяцалі заробак да 10 тысяч фунтаў стэрлінгаў на месяц. Удзельнікам Hustler’s University расказвалі пра крыптаінвестыцыі і дропшыпінг. За кожнага новага прыцягнутага кліента карыстальнікам абяцалі 48% камісійных. Каб павысіць шанцы продажаў, людзям рэкамендавалі распальваць спрэчкі ў сацсетках і ствараць больш віруснага кантэнту з Тэйтам.
У адным з падручнікаў для «студэнтаў» сказана: «У ідэале вам трэба спалучэнне 60-70% фанатаў і 30-40% ненавіснікаў. Вам патрэбныя спрэчкі, вам патрэбная вайна». «Студэнты» атрымлівалі відэа з блогерам, у якіх той разважаў пра ўсё. Падчас такога навучання Тэйт раіў мужчынам піць газаваную ваду замест водаправоднай, заводзіць сабак, а не котак.
«Я думаю, ён сапраўды прыстойны хлопец. Многае з таго, што ён сказаў, было вырванае з кантэксту. І многае з гэтага было жартам, проста спробай прыцягнуць увагу людзей. Я бачыў яго ролікі, з прыгожымі жанчынамі. Калі вы знаходзіцеся на такім узроўні статусу, як ён, мяне б шакавала, калі б вам трэба было рабіць тое, што, як яны кажуць, ён рабіў», — кажа 30-гадовы брытанец Роб Парк, адзін з удзельнікаў Hustler’s University.
Парк прызнаецца, што не ва ўсім згодны з Тэйтам, але нават пасля закрыцця анлайн-школы і абвінавачванняў блогера ў махлярстве лічыць, што яго ролікі многае далі: цяпер брытанец гуляе на біржы і сочыць за курсамі акцый. Што праўда, пакуль Роб нічога не зарабіў, але верыць, што атрыманыя веды яму спатрэбіліся. Часта ў сацсеткі трапляюцца каментары «студэнтаў» Тэйта, якія, як і Парк, абараняюць Тэйта ад нападкаў.
«Я заўжды лічыў гэта паказухай, таму ніколі не звяртаў на яго ўвагі. Але многія мужчыны глядзяць на гэта і думаюць: «Божухна, гэты хлопец такі надзвычайны. Ён увасабленне мужнасці, — кажа 22-гадовы Бэн Уэст. — Калі вы размаўляеце з фанатамі, то ўбачыце людзей, якія багомяць яго, пагодзяцца з яго ідэалогіяй і падтрымаюць тое, што ён кажа. Але як толькі вы згадаеце штосьці канкрэтнае, непрымальнае з таго, што ён сказаў, яны скажуць: «Вох, я з гэтым не згодны».
Падлеткі вар’яцеюць
Ажыятаж вакол ролікаў з Тэйтам паказаў, наколькі алгарытм сацсеткі схільны да маніпуляцый з боку зламыснікаў. Для гэтага не трэба ніякіх дадатковых намаганняў — алгарытм усё зробіць за вас, прычым пад пагрозай апынецца адная з самых уразлівых груп і самая шматлікая ў праграме — падлеткі. Мізагінныя ролікі Тэйта могуць радыкалізаваць маладых карыстальнікаў, якія будуць пераймаць яго ў жыцці.
Журналісты The Guardian правялі эксперымент і стварылі пусты акаўнт у TikTok ад імя трынаццацігадовага падлетка. Даволі хутка ў стужцы з’явілася першае відэа з Тэйтам, пасля яго прагляду пры новым уваходзе ў праграму першыя чатыры ролікі ў стужцы таксама выявіліся прысвечанымі блогеру. Брытанскія настаўнікі ўжо адзначылі, што ў тым ліку праз папулярнасць ролікаў Тэйта ў школах назіраецца ўсплёск сэксуальных дамаганняў і сэксісцкіх выказванняў з боку хлопчыкаў.
Тэйт не валодае ўнікальным талентам і не знайшоў геніяльнага спосабу падмануць сістэму. Перш за ўсё ён выказвае тыя думкі, якія заўжды знойдуць водгук у пэўнай аўдыторыі. Большасць яго фанатаў — гэта маладыя людзі, няўпэўненыя ў сабе, якія шукаюць прыклад для пераймання ў пошуках ідэнтычнасці. Тэйт стаў сумніўным спосабам сацыялізацыі і той ідэяй, якая дапамагае знайсці «сваіх». Як заявіла журналістка Vox Рэбека Джэнінгс, найлепшы спосаб супрацьстаяць гэтаму — ігнараваць любыя паведамленні Тэйта.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.
скатился, раньше Алексей Земсков норм видосы про стройку снимал...