SpaceX паказала скафандр для выхаду ў адкрыты космас
Кампанія паказала скафандры EVA (Extravehicular Activity), прызначаныя для першага выхаду ў адкрыты космас з борта карабля Crew Dragon.
Новыя мадэлі створаныя на аснове скафандраў, якія ўжо выкарыстоўваюцца пры правядзенні місій SpaceX. Інжынеры ўнеслі мноства змен у канструкцыю, каб зрабіць скафандр прыдатным для выкарыстання ў адкрытым космасе. Напрыклад, палепшаная тэрмарэгуляцыя і ўдасканаленая канструкцыя рухомых частак.
Шлем скафандра быў мадэрнізаваны: цяпер ён мае новае пакрыццё для эфектыўнейшай абароны вачэй астранаўта ад сонечнага святла. У шлеме ёсць праекцыйны дысплэй, на які будзе выводзіцца інфармацыя пра стан скафандра ў часе выхаду ў адкрыты космас.
Скафандры EVA выкарыстоўваюць у місіі Polaris Dawn. Спонсар праграмы Polaris мільярдэр Джарэд Айзекман і яшчэ тры члены экіпажа адправяцца ў турыстычны палёт, у часе якога запланаваны выхад у космас. У Crew Dragon няма шлюзавай камеры, таму адбудзецца разгерметызацыя карабля.
Два члены экіпажа выйдуць у адкрыты космас, іншыя два астранаўты застануцца на караблі. Для перамяшчэння па-за межамі карабля экіпаж выкарыстае прыладу Skywalker, размешчаную ля пярэдняга люка. У ходзе выканання задачы астранаўтам трэба будзе сабраць даныя аб эфектыўнасці скафандраў.
У SpaceX адзначылі, што скафандры стануць важным крокам на шляху да стварэння маштабаванай канструкцыі скафандраў для будучых працяглых місій, у тым ліку будаўніцтва базы на Месяцы і Марсе. Кампанія плануе адправіць экіпаж у космас на пачатку лета гэтага года.
Читать на dev.by