Stack Overflow скарачае амаль 30% штату, другі раўнд за год
Папулярны сярод праграмістаў сайт Stack Overflow звальняе 28% каманды. Пра гэта ў карпаратыўным блогу паведаміў гендырэктар Прашант Чандрасекар.
Паводле яго слоў, кампанія мае засяродзіцца на прыбытковасці. Ён не стаў удакладняць прычын звальненняў, але адзначыў, што праз макраэканамічныя складанасці адбываецца пераразмеркаванне бюджэту ў кліентаў Stack Overflow.
«Сёлета мы зрабілі шмат захадаў, каб знізіць выдаткі, — напісаў Чандрасекар. — На жаль, гэтых змяненняў выявілася недастаткова, і мы прынялі надзвычай цяжкае рашэнне скараціць штат кампаніі прыкладна на 28%».
Stack Overflow вядомы як чарадзейная палачка для айцішнікаў. Але ў кампаніі ёсць прадукты і для карпаратыўных кліентаў, напрыклад Stack Overflow for Teams, які дазваляе арганізацыям весці ўласныя базы ведаў.
Колькасць супрацоўнікаў, якія страцілі працу, не называецца. Штат Stack Overflow налічваў больш за 500 чалавек, то-бок звальненні закрануць прыкладна 100 работнікаў.
У маі Stack Overflow скараціў 10% каманды — 58 чалавек. У жніўні кампанія казала, што праз рост папулярнасці генератыўнага АІ, які ўмее вырашаць некаторыя кодарскія задачкі, трафік на сайт упаў у параўнанні з мінулым годам. Таксама сёлета Stack Overflow запатрабаваў ад АІ-кампаній плаціць за выкарыстанне свайго кантэнту і забараніў посціць адказы, напісаныя штучным інтэлектам, паколькі яны часта няякасныя. Тым не менш у ліпені было абвешчана аб інтэграцыі генератыўнага АІ у платформу — напрыклад, у пошук — у рамках праекта OverflowAI.
Читать на dev.by