Стартап з інвестыцыямі Мельнічка заключыў угоду на патэнцыйныя $1+ млрд з японскім фармгігантам
Такійская кампанія Chugai Pharmaceutical, якая ўваходзіць у групу швейцарскага фармацэўтычнага гіганта Roche, падпісала пагадненне з біятэх-стартапам Gero для сумеснай распрацоўкі прэпаратаў ад узроставых захворванняў. Пры паспяховай камерцыялізацыі сума ўгоды можа перавысіць $1 млрд, піша BioSpace.
Chugai атрымае эксклюзіўныя глабальныя правы на прэпараты-кандыдаты, створаныя з выкарыстаннем ШІ-платформы Gero. Яна выяўляе тэрапеўтычныя мішэні, звязаныя са старэннем. На аснове гэтых мішэняў Chugai будзе распрацоўваць антыцелы пры дапамозе ўласнай біяінжынернай платформы.
Паводле ўмоў пагаднення, Gero атрымае авансавы плацеж і да $250 млн пры дасягненні пэўных метрык распрацоўкі і продажаў. У выпадку паспяховага вываду прэпаратаў на рынак Gero будзе атрымліваць роялці, якія могуць давесці агульную суму ўгоды да больш чым $1 млрд.
Gero быў заснаваны ў 2012 годзе ў Маскве і базуецца ў Сінгапуры. Мэта — змагацца з першапрычынамі ўзроставых захворванняў і самім працэсам старэння, выкарыстоўваючы прасунутыя прэдыктыўныя мадэлі, навучаныя на медыцынскіх дадзеных. У 2019 годзе ў стартап уклаўся фонд Bulba Ventures Юрыя Мельнічка.
Гэта не першы буйны партнёрскі праект Gero: у 2023 годзе ён пачаў супрацоўнічаць з Pfizer, але ў накірунку фібратычных захворванняў. У тым жа годзе стартап правёў раунд A на $6 млн.
Читать на dev.by