«Сцярпіцца-злюбіцца — ненадоўга». Айцішнікі кэнсэляць оферы ў крызіс
Эйчарка адмовілася ад оферу ў буйной міжнароднай кампаніі і спытала ў сваіх падпісчыкаў у лінкедзіне, хто яшчэ паступаў так жа сама, не маючы альтэрнатывы.
Выявілася, хоць цяпер і крызісны час, айцішнікі па-ранейшаму не хапаюцца за першую-лепшую прапанову. Чытачы devby.io — не выключэнне, мы сабралі некалькі гісторый.
Чаму адмовілася ад оферу топікстартарка: «Працадаўца змаўчаў пра дзве важныя дэталі»
У каментарах у топікстартаркі спыталі, чаму яна не прыняла оферу, раз кампанія нядрэнная. Выявілася, дзяўчыну збянтэжыла фармулёўка «ненармаваны працоўны дзень».
— Я спакойна стаўлюся да таго, што на сваё жаданне перыядычна працую даўжэй, бо натхненне нахлынула, і вось гэта ўсё. Але мяне напружыла тое, што на ранейшых этапах [сумоўя] не агаворваўся такі рэжым працы і ў апісанні вакансіі гэта не было паказана.
Як адказная кандыдатка, я напісала эйчарцы, каб удакладніць, што яны маюць на ўвазе.
Мне сказалі: «Як ва ўсіх, стандартны офер праз галіну». З думкамі «…я ж не ў кансалтынгу буду працаваць, здаецца» я задала наступнае пытанне: «Ці правільна я разумею, што ў маёй дамове такой фармулёўкі не будзе?»
Не знайшоўшы адказу, эйчарка адышла гадзіны на 4, каб удакладніць у калег. Потым патэлефанавала, нагаварыла слоў, на маё пытанне не адказала, але заўважыла, што «гэта дэкрэтная стаўка». Чаго таксама не было ні ў апісанні [вакансіі], ні на этапах [сумоўя].
Топікстартарка падсумоўвае: будучы працадаўца змаўчаў адразу пра дзве важныя дэталі, што роўна — не быў сумленным з патэнцыйным супрацоўнікам. Хуткасць вырашэння пытанняў ёй таксама прыйшлася не даспадобы. «Былі і іншыя прычыны, але іх я пакіну пры сабе», — дадала яна.
Гісторыі кам’юніці: «Калі ўнутраны голас крычыць „не!“, не варта прымаць офер»
Кам’юніці накідала пад пастом сваіх гісторый, чаму хтосьці з іх адмовіўся ад офераў:
- Калі ўнутраны голас пры позірку на будучага кіраўніка крычыць страшным голасам «не!», не варта прымаць оферу.
- Адмовілася ад двух офераў, перш ніж знайшла сваё — і ні кропелькі не шкадую. У мінулым у мяне ўжо быў досвед паспешнага выбару, у выніку зарабіла дзікае выгаранне. Таму, калі ёсць сумневы, лепш пачакаць і паглядзець яшчэ.
- Адмовіўся нядаўна ад оферу: узяў невялікую паўзу і прааналізаваў праект — [у выніку] прыняў рашэнне, што лепей пашукаць нешта па душы, ніж цягнуць лямку.
- Калі прайшла выніковае тэхнічнае сумоўе, нарэшце даведалася больш пра праект, на які мяне возьмуць, і якія менавіта задачы будуць стаяць перада мной. Было пачуццё, што мае чаканні падманулі. Таму і адмовілася ад оферу.
-
- Нядаўна адмовілася [ад оферу], калі зразумела, што гэта тое ж самае, ад чаго я хачу сысці. А значыць, мне будзе нецікава і мяне надоўга не хопіць.
- Адмовілася пры канцы [мінулага] года ад двух офераў, бо разумела, што хачу ісці далей і спрабаваць новае, а не рабіць нешта падобнае.
- Адмовілася ад оферу на чацвёрты месяц пошукаў, і гэта пры тым, што я была трэйні без досведу, а мне прапаноўвалі нармальную зарплату. Але ў мяне ўсё ж была старая праца, таму я не мела патрэбы ў сродках. Што не спадабалася: стэк, пагадзінная аплата і графік працы ад 8:00 раніцы. Я зразумела, што мне стала б нецікава на праекце ўжо праз паўгода.
Пад пастом шмат каментароў у падтрымку аўтаркі і іншых карыстальнікаў — маўляў, правільна зрабілі. «Паўмеры — гэта заўсёды ўгода з самім сабой. Такі крывы кампраміс, які не прынясе карысці ні кампаніі, ні таму, хто пагадзіўся. Гісторыя „сцярпіцца-злюбіцца“, можа, і працуе, але як паказвае практыка — нядоўга».
Хоць не ўсе згодныя з такім меркаваннем.
Кейсы чытачоў: «Быў сумны досвед, калі я пагадзілася на «тыпавыя ўмовы»
Спыталі ў чытачоў (імёны змененыя), з якой прычыны яны адмаўляліся ад офераў.
Сяргей, распрацоўшчык:
— У мяне 2 гады досведу ў .NET-распрацоўцы. Кантракт з апошняй кампаніяй не стаў падаўжаць — цяпер спрабую знайсці новую працу.
Некалькі месяцаў таму адгукнуўся на вакансію Цэнтра банкаўскіх тэхналогій. Добра зрабіў тэставае заданне, прайшоў сумоўе — і мне прапанавалі офер. Але я на яго не пагадзіўся, бо мой заробак склаў бы 1500 беларускіх рублёў. Гэта ў 2 разы менш, ніж я мог чакаць.
На папярэдняй працы я атрымліваў больш. Чаму сышоў — пул задач за апошні год не змяніўся, плюс мяне не падвышалі.
Падобную гісторыю расказаў і Ігар — яму прапанавалі не тую суму, якую ён для сябе пазначыў. У выніку малады чалавек адмовіўся.
Андрэй, распрацоўшчык:
— У лістападзе пазбавіўся працы. З тых часоў шукаю новую. Праходзіў сумоўе ў адную расійскую кампанію. Быццам бы ўсё было нядрэнна, але калі гаворка зайшла пра зарплату, рэкруцёрка раптам спытала, а што калі адзін ці два разы «ў выглядзе выключэння» мне заплацяць у крыпце — «калі сітуацыя запатрабуе». Я пераварваў яе словы, а яна ўсё тлумачыла, што, маўляў, у іх «такога не бывае», але «выключаць нельга» і «на ўсялякі выпадак трэба ведаць»…
Я адказаў, што не хацеў бы, паколькі не ўмею выводзіць крыпту ў фіят. Рэкруцёрка запэўніла, што і не спатрэбіцца, а яе пытанне — «чыста тэарэтычнае».
Але калі праз некалькі дзён яна даслала мне офер, я адмовіўся. Вырашыў, што не хачу на сваім досведзе праверыць, як хутка кампанія пяройдзе ад тэарэтызавання да практыкі.
Вольга, тэсціроўшчыца:
— Шукаю аддаленую працу. Прайшла два этапы сумоўяў у адную кампанію — інтрадакшан з эйчаркай і тэхнічнае інтэрв’ю. У фінале абмеркавала з эйчаркай дэталі, у тым ліку і графік — 1-2 дні на тыдзень трэба з’яўляцца ў офісе, астатні час можна працаваць з дому.
І раптам прыходзіць офер, а там прапісаная праца ў офісе 5 дзён на тыдзень. Спытала эйчарку, як гэта разумець. Яна адказала, што на гэта не варта звяртаць увагу. Але ў мяне ўжо быў сумны досвед раней, калі я пагадзілася на «тыпавыя ўмовы», а потым вымушана была па іх і працаваць. Так што я адмовілася — і не страшна, што іншай працы ў мяне пакуль няма.
А ці адмаўляліся вы ад офераў у складаны час, калі іншых варыянтаў не было? Раскажыце ў каментарах.
Чытачы, што для вас dev.by?
- Месца сустрэчы з супольнасцю?
- Крыніца навін пра ІТ Беларусі?
- Крыніца любых навін?
- Месца для дыскусіі?
- Пляцоўка для адукацыі і абмену досведам?
- Кар’ерны кансультант?
- Можа, усё пералічанае вышэй? А, можа, нешта іншае?
А хто вы для dev.by?
Супольнасць людзей, якая развівае беларускую ІТ-індустрыю і робіць яе поўнай таленавітых праектаў, цікавых дыскусій і навін. Мы тут, каб трымаць вас у курсе гэтых прыгод. dev.by для нас — гэта ўсё пералічанае вышэй, а яшчэ — праца. Падтрымайце нашую рэдакцыю!
Вашыя грошы даюць нам магчымасць выплачваць заробкі журналістам, менеджарам, распрацоўшчыкам, прадзюсарам — усім тым, хто робіць dev.by. Засапорціць нас можна:
— Праз Patreon
— Праз Donorbox (калі вы ў Беларусі)
— Крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй!
Читать на dev.by