Міністр чакае вучняў прыватных школ з-за мяжы: «Сустрэнем іх у нашых школах»

Больш за 90% навучэнцаў прыватных школ перайшлі ў дзяржаўныя, паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

4 каментарыя

— У нашай краіне не працуюць усе прыватныя школы, якія не маюць акрэдытацыі або сертыфіката гатоўнасці. Больш за 90% навучэнцаў такіх школ ужо перайшлі ў дзяржаўныя ўстановы адукацыі. Частка дзяцей знаходзіцца за мяжой, пасля іх вяртання ў краіну мы сустрэнем іх у нашых школах, — цытуе міністра БЕЛТА.

Учора быў падпісаны закон аб ліцэнзаванні, нагадаў міністр. Раздзел, прысвечаны сістэме адукацыі, ужо набыў моц. 

— У двухдзённы тэрмін мае быць прынятая пастанова Савета міністраў аб зацвярджэнні парадку правядзення працэдуры ліцэнзавання, а таксама планы і графікі, пасля чаго абласныя і раённыя аддзелы адукацыі пачнуць рэалізацыю сваіх функцый і паўнамоцтваў, — сказаў Іванец.

Сёння ж пракуратура Мінска справаздачылася аб праверцы прыватных устаноў адукацыі. Сярод парушэнняў — непрыстасаваныя памяшканні, супрацьпажарныя парушэнні, нестатутная дзейнасць і інш.

І вось яшчэ што «Выяўленыя шматлікія факты дыстанцыйнага навучання малалетніх дзяцей, у тым ліку з-за мяжы, што негатыўна ўплывала на якасць адукацыі і стан здароўя дзяцей».

У выніку праверкі «пракуроры для забеспячэння якаснага і бяспечнага адукацыйнага працэсу абвясцілі кіраўнікам 14 прыватных устаноў адукацыі афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства ў дзейнасці ўстаноў». Акрамя таго, прынятае рашэнне пра ліквідацыю ПУА «Сярэдняя школа ПРАЙМ» «у сувязі з істотнымі парушэннямі закону».

Дыстанцыйнае навучанне, якое ставіць у віну прыватным школам пракуратура, было фактычна адзінай магчымасцю для дзяцей рэлакантаў атрымліваць адукацыю ў Беларусі. У тых сем’яў, што заставаліся ў краіне, таксама былі важкія прычыны для выбару прыватнай навучальнай установы. Вось што расказвалі айцішнікі ў верасні аб тым, як перажываюць тое, што адбываецца. Тады шмат у каго яшчэ была ўпэўненасць, што ўсё абыдзецца, але ўжо праз колькі дзён стала зразумела, што не. У новай порцыі бацькоўскіх аповедаў — пераход у дзяржаўныя школы і нават пагрозы сацыяльна-небяспечным становішчам.

Большасць прыватных школ Беларусі прыпыніла працу ў другой палове верасня. Тлумачэнне ўладаў: няма пасведчанняў аб акрэдытацыі, няма сертыфікатаў гатоўнасці.

Татальныя праблемы ў прыватнікаў супалі са здарэннем у мінскай школе «Смарт скул», дзе вучань стрэліў у твар дзяўчынцы з пнеўматычнай зброі. На дырэктара Наталлю Базанаву завялі крымінальную справу паводле артыкула аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Пазней стала вядома пра затрыманне настаўніка Дзмітрыя Юртаева — ён нібыта хадзіў на несанкцыянаваныя мерапрыемствы і пакідаў абразлівыя каментары на адрас сілавікоў.

«Дырэктар прыехаў дадому». Вучняў прыватных школ клічуць у дзяржаўныя
Па тэме
«Дырэктар прыехаў дадому». Вучняў прыватных школ клічуць у дзяржаўныя
Закрываюць прыватныя школы. Вось што кажуць айцішнікі, чые дзеці там вучацца
Па тэме
Закрываюць прыватныя школы. Вось што кажуць айцішнікі, чые дзеці там вучацца

Читать на dev.by