Айцішнікі згадваюць, чаму псіханулі і сышлі з выпрабавальнага

Спыталіся ў чытачоў, а ці бывала так, што яны не змаглі вытрымаць у кампаніі нават выпрабавальны тэрмін — сышлі. Вось некалькі гісторый: камусьці не падабалася, што іх таленты растрачвалі дарма, а хтосьці не вытрымаў напружанай працы без перапынкаў. Без падману таксама не абышлося.

9 каментарыяў

«Дырэктар будуе лецішча — паглядзі для яго платы»

— Каля 4 гадоў таму я прыйшла ў адную буйную, вельмі вядомую прадуктовую кампанію ўладкоўвацца на пасаду офіс-менеджаркі/HR-асістэнткі. 

Сумоўе з рэкруцёрам праходзіла ля самага ўваходу — на лаўцы пры гардэробе. Гэта ўжо павінна было насцярожыць мяне, але мне так хацелася памяняць працу, што я не заўважала відавочнага. Напрыклад, вельмі дзіўны дыялог з дырэктарам на апошнім этапе — перад оферам: 

— Курыш?
— Не.
— П’еш?
— Келіх віна максімум.
— Выдатна, а то я думаў, сумоўе скончыцца, не пачаўшыся.

У выніку мне зрабілі офер. А ў першы ж працоўны дзень сказалі: «Зараз задач па офісе няма, але дырэктар будуе лецішча — паглядзі для яго добрыя платы на сайтах». Майму здзіўленню не было краю.

Наступныя тры дні я перабірала мерч, прымала нейкія пасылкі… потым наступілі доўгія майскія святы — і чым бліжэйшы быў той дзень, калі трэба было выходзіць на працу, тым больш было слёз. Я нават стала падумваць, ці не вярнуцца назад на старое месца працы.

У першы ж працоўны дзень пасля святаў я сказала ліду офіс-менеджараў: «Дзякуй вам, але я чакала іншага, таму сыходжу». Яна ў адказ раскрычалася, што «тыя, хто сюды трапіў, злавілі птушку ўдачы за хвост» і мне трэба яшчэ 10 разоў падумаць.

Але ўжо назаўтра мяне разлічылі і адпусцілі. А яшчэ праз два тыдні я знайшла сваё цяперашняе месца працы, якое люблю — асабліва за неабыякавасць да людзей. Тут я вырасла да HR BP і кожны раз цікаўлюся ў навакоў, ці атрымалі яны тое, пра што ім расказвалі на гутарках, і ці спраўдзіліся іх чаканні.

«Падманулi: абяцалi, што будзе Spark, а быў толькі лайнакод»

Не вытрымаў на праекце i трох тыдняў. Звольнiўся, бо была багна ў кодзе — і не хацелася працягваць працу над iм. 

Фiрма, што мяне наняла, — польская, мае ўласны прадукт, звязаны з параўнаннем страхавых полiсаў. А я, перад тым як знайсцi гэтую працу, працаваў ў стартапе, які рабіў кэшбэк. I працаваў досыць доўга — каля 2 гадоў, — але ўладальнік стартапа ўцёк за мяжу, як толькі скончыліся грошы, і не заплаціў мне каля 2 тысяч долараў (а я сам тым часам рабіў рамонт у новай кватэры, якую набыў у крэдыт). Але ж я адxiлiўся ад тэмы.

У маім стэку ёсць такая мова як Scala (гэта функцыянальнае праграмаванне) — і калі код на ёй пішацца дрэнна, працаваць над праектам вельмі цяжка.

Плюс гэта быў маналіт, не разбіты на мікрапаслугі, — і гэта таксама прыносіла пакуты. Ну i яшчэ падчас інтэрв’ю мяне не насцеражыла, што ніхто з каманды не ведаў, што такое SOLID — i дарма.

Я не вытрымаў i сышоў з праекта. Іншую працу атрымалася знайсці вельмi хутка: у мяне застаўся нумар тэлефона аднаго менеджара — i я iм скарыстаўся.

У той кампанii, з якой я сышоў, моцна абурылiся, адразу ж заблакавалi мяне ў GitHub i Jira, забралi доступ да пошты, i нават мая картка, якая адмыкала дзверы ў офісе, не працавала. Але ж яны мяне трошкі падманулi, бо паабяцалi, што будзе Spark (біблiятэка для апрацоўкі буйных даных), а яе фактычна не было — быў толькі лайнакод. І я сказаў, што знайшоў іншы праект, бо мяне цікавіць Spark.

«Англійская не патрэбная была, а я на яе змарнаваў палову жыцця»

— Прапрацаваў у Wargaming усяго тыдзень. Праўда, гэта было дзесьці 10 гадоў таму. Прычын, чаму сышоў, было некалькі:

  • я працаваў тады на PHP, і тое, чым даводзілася займацца ў Wargaming, не пасавала мне;
  • англійская зусім не патрэбная была ў працы, а я на яе змарнаваў на той момант больш за палову свайго жыцця.

Увогуле дык сам вінаваты, што не высветліў усіх нюансаў на сумоўі, — адбілася адсутнасць належнага досведу і высокі аўтарытэт кампаніі. Здавалася, што Wargaming у Беларусі на той момант быў чымсьці ідэальным.

Калі абвясціў у кампаніі, што сыходжу, пачаўся шухер: мяне сталі пытацца, што здарылася, казалі, што «ніколі такога не было». Але паколькі ў мяне быў выпрабавальны тэрмін, адпусцілі адразу ж.

«Праект быў наборам усяго таго, да чаго я не хацеў мець дачынення»

— Я адзін з тых, хто не дасядзеў да канца выпрабавальнага тэрміну — звольніўся (гэта было перад мінулым новым годам). Кампанія досыць вядомая, офісы не толькі ў Беларусі. Заробак прапанавалі добры, гатовыя былі дапамагчы з рэлакацыяй, калі будзе неабходнасць. Увогуле, пачыналася неяк занадта ідэальна…

Сумоўе праводзілі выдатныя людзі. Менеджар (ён жа мяне і анбордзіў) быў неблагі, але як быццам на яго зашмат узвалілі — у выніку анбордзінг быў слабы. Хоць не гэта адыграла галоўную ролю ў маёй гісторыі. 

Калі я толькі праходзіў сумоўе, выразна пазначыў, праз што сышоў з мінулага месца працы і з чым не змагу змірыцца на новым. І мяне як быццам пачулі. Толькі праект ніяк не маглі знайсці.

Месяца паўтара я сядзеў на бэнчы, а калі праект натрапіўся, мне сказалі: ідзі хоць на які-небудзь.

А гэты «які-небудзь праект» быў проста наборам усяго таго, да чаго я не хацеў мець дачынення — пачынаючы ад занадта састарэлых тэхналогій (сёмая Java, Карл!) і тон легасі кода і заканчваючы начнымі мітынгамі. 

Я спачатку падумаў быў, раптам усё не так страшна і з гэтым можна будзе працаваць. Даў сабе месяц на тое, каб альбо прывыкнуць і зразумець, што я памыляўся, альбо ўсвядоміць, што я сапраўды не гатовы так працаваць і не марнаваць на гэта час у будучыні. І праз месяц, за пару тыдняў да канца выпрабавальнага тэрміну я сказаў, што не хачу працаваць у той кампаніі. 

Што праўда, я трохі схітрыў: да канца тэрміну я ўсё ж дабыў, бо мяне вельмі папрасілі (нехта там быў у адпачынку і яго не хацелі тузаць лішні раз). З праекта мяне таксама знялі адразу. То-бок фармальна я лічыўся ў кампаніі, але фактычна ўжо не працаваў — і так аж да звальнення. 

Калі рэзюмаваць: мне не спадабаліся працэсы і аўтсорсінгавая мадэль, а гэты праект проста стаў апошняй кропляй. Нават нягледзячы на тое, што мой заробак быў нават трохі вышэйшым за цяперашні. Хоць у цэлым умовы там былі неблагія, проста не патрапілі пад мае прыярытэты.

«Гадзіну абеду лепей скараціць — і лішнія 30 хвілін таксама папрацаваць»

— Гады 3-4 таму мяне ўзялі ў кампанію як другога дызайнера — з іншым досведам, хацелі каб я прыўнёс у працу нешта новае. 

Спачатку я працаваў вельмі шмат, бо маёй працай былі незадаволеныя — хацелі, каб рабіў усё як першы дызайнер. Хоць здавалася б, нашто тады на сумоўі казалі, што ім патрэбны іншы падыход.

Праз месяц сітуацыя стала выпраўляцца. Але я зразумеў, што мне зусім не падабаецца атмасфера ў кампаніі, дзе ты мусіш працаваць усе 8 гадзін у шалёным рытме, а гадзіну абеду лепей скараціць да 30 хвілін — і лішнія 30 хвілін таксама папрацаваць.

А яшчэ камунікацыя толькі на працоўныя тэмы і наконт працы. Мы знаходзіліся ў атмасферы татальнага дыктату працы — усе адпрацоўвалі кожную хвіліну, без адпачынку і перапынку.

Як вынік: пры канцы другога месяца я сам трохі запаволіў свой тэмп. Так, вынікі сталі пагаршацца, але я ўжо знайшоў, куды сысці. Два дні чакаў эйчара, каб паведаміць пра сваё жаданне звольніцца, а калі мы сустрэліся, ён сам пачаў з таго, што са мной не хочуць больш працаваць. Я так узрадаваўся! Эйчар, здаецца, не чакаў такой рэакцыі — прыйшлося тлумачыць, што я і сам хацеў сысці. 

«Сумовілі і бралі як QA-ліда, а па факце я быў PM і аналітык»

— Не вытрымаў у S. — прапрацаваў там 3 месяцы і сышоў, а дакладней адмовіўся заставацца па выніках выпрабавальнага тэрміну. 

Што было не так: памяшканне — гіганцкі ангар, цішыня ў ім можа толькі сніцца. Там працавалі супрацоўнікі дзвюх ІТ-кампаній.

З пазіцыяй мяне падманулі: сумовілі і бралі як QA-ліда, а па факце я быў PM і аналітык.

Далі мэту, каманду, агучылі тэрміны, а магчымасцей уплываць на памер каманды і тэрміны — не далі. Проста камусьці да галавы прыйшло, што 3 месяцы і 7 чалавек будзе нармальна, а што зрабіць у дэталях — «падладжвайся пад каманду і тэрміны».

У цэлым у мяне на той момант былі мінімальна неабходныя веды пад пазіцыю, але толькі на базе курсаў.

У паралелі таксама набралі яшчэ чалавек 6-10, бо прадукт быў агульны. Але галавы ў прадукту не было, і кожны цягнуў, куды яму захочацца. Часам заходзіў СЕО, укідваў пару «хацелак», не ўдаючыся ў дэталі праекта, і сыходзіў. Я паглядзеў, што з гэтага выходзіць — і сышоў у кампанію, дзе цяпер працую ўжо больш як тры гады.

А той праект у выніку загнуўся праз паўгода, і ўсіх паказальна звольнілі.

«Узнаём, почему ушёл с каждого предыдущего места». Беларуские HR о «кузнечиках»
По теме
«Узнаём, почему ушёл с каждого предыдущего места». Беларуские HR о «кузнечиках»
Как быть успешным джуном и не завалить испытательный срок
По теме
Как быть успешным джуном и не завалить испытательный срок
HR: шаг за шагом. Испытательный срок
По теме
HR: шаг за шагом. Испытательный срок

Читать на dev.by