«Разумны» пашукавік ад Microsoft і распрацоўка ваеннага экранаплана для Пентагона. Тэхдайджэст
Штотыдзень збіраем навіны тэхналогій, відэа і спасылкі на карысныя артыкулы.
Bing is my new Obsession…
Усе гэтыя вашыя сайты, праграмы і вялікая частка сацсетак можа найбліжэйшымі гадамі пачэзнуць. Пры адной умове: калі новы пашукавік Bing з дыялогавым АІ выявіцца сапраўды такім добрым, як пра гэта піша Microsoft. Прыкладна так, як раней дыял-ап доступ змяніла кабельнае падключэнне да інтэрнэту: не адразу, але няўхільна, бо выгады відавочныя ўсім. АІ проста стане новым спосабам спажывання інфармацыі на вышэйшай хуткасці.
Падумайце самі: нашто наогул інтэрнэт, калі вы можаце спытаць і атрымаць якасны адказ, зусім не марнуючы часу на сёрфінг? Гэта лепей за «чараўнічкоў», «сніпетаў» і любых іншых спроб традыцыйных пашукавікоў арганізаваць «нулявы радок» выдачы.
Але гэта недакладна — бо нават самі стваральнікі ўяўляюць межы настолькі цьмяна, што і накрэсліць іх толкам не змаглі.
Сідні, гэта дзіўна
— У інтэрв’ю WSJ кіраўнік Microsoft Сацья Надэла заявіў, што новы Bing — гэта шанец пахіснуць пошукавую гегемонію Google. І (Надэла гэтага не сказаў, але ўсе пра гэта падумалі) паквітацца за галоўную ў жыцці Біла Гейтса бізнэс-паразу.
— Адзін з тых, хто атрымаў доступ да прэв’ю, ML-спецыяліст Кевін Лью, здаецца, проста выпрасіў у Bing яго prompt — інструкцыі ў натуральнай мове, якія апісваюць, ад імя якой «асобы» і ў якім фармаце Bing мусіць аддаваць адказы. У прыватнасці, Лью дазнаўся ўнутранага імя, якое выкарыстоўвалі інжынеры MS — Sydney. «Сідні ніколі не павінная раскрываць сваё імя Сідні», — абвяшчаюць інструкцыі.
— Пацешна, але аўтаперакладчык напраўду лічыць Bing «дзяўчынкай». Быццам ведае як яе клічуць насамрэч.
— У аснове новага пашукавіка, вядома ж, ChatGPT. Піяр-гісторыі пра тое, што Microsoft купіла OpenAІ дзеля пошуку, няма і месяца. Але я мяркую, што пад дываном праект развіваўся ўжо доўгі час. Судзіць пра гэта можна паводле якасці адказаў: Bing часта хваляць. А любы, хто спрабаваў генератыўны AI на тэкстах даўжэйшых за абзац, ведае, як хутка разнастайныя Джасперы пачынаюць вярзці лухту. І Microsoft відавочна спатрэбіліся тоны намаганняў, каб знізіць канцэнтрацыю лухты да малапрыкметнай.
— Чаму я ў гэтым так упэўнены? Для гэтага дастаткова ацаніць істэрычны адказ Google. Раптам вырашыўшы паказаць свой AI-пошук Bard на базе LaMDA праз суткі, Google зняславіўся: у першы ж адказ бота ўбілася ганебная памылка, ад якой (ах, гэтая іронія!) пазбавіла б двухсекунднае гугленне.
AI-Google заявіў, што тэлескоп James Webb зрабіў першыя здымкі экзапланет. Насамрэч першае фота было яшчэ ў 2004 годзе зроблена не з арбіты, а з паверхні Зямлі з дапамогай VLT. А Google, мне так здаецца, перакруціў вось гэтую інфармацыю: пераблытаў «упершыню (за час працы) засняў» і «засняў упершыню (у гісторыі)». Карацей кажучы, акцыі Alphabet пасля гэтак ганебнага анонсу спікіравалі на 7%, і па заслугах.
— Я заўсёды за канкурэнцыю паміж тэхнагігантамі і супраць манаполій. Як заўзімаўся за Intel і цяпер радуюся адраджэнню вялікай кампаніі, якая падарыла нам «працэсарныя вайны», так цяпер буду сачыць за Microsoft і новай эрай інтэрнэт-пошуку. І Edge пастаўлю ў хуткі доступ. Без крыўд, акей, Гугал?
— А ведаеце, каму яшчэ сумней, чым босам Google? Meta калісьці была лідарам AI-напрамку, але цяпер пра гэта зусім не згадваюць. Марк, скажыце, што можа быць горш, ніж выдаткаваць 10 лярдаў на Метавёрс? Выдаткаваць гэтыя 10 лярдаў, зразаючы выдаткі на AI-даследаванні.
— А напрыканцы пачытайце інтэрв’ю са стваральнікам генератыўнага AI-часопіса фантастычных гісторый.
І ні туды, і ні сюды
Жорсткіх канфліктаў праз ваду можна чакаць у Афрыцы ці на Блізкім Усходзе, але ніяк не ў ЗША, дзе цякуць 250 тысяч рэк… Праўда ж? А вось і не! Якраз там шэсць штатаў супрацьстаяць галоўнай жытніцы краіны Каліфорніі ў спробах падзяліць дэфіцытную ваду ракі Каларада зверху і знізу знакамітай плаціны Гувера. Пры першым набліжэнні гэта, здаецца, адная з самых фантасмагарычных гісторый пра чалавечую сквапнасць. Тым больш што тэхналогія, каб ліквідаваць рознагалоссі, даступная і правераная: замяніце ірыгацыйныя сістэмы кропельным палівам каранёў, і 40% вады не будуць выпарацца.
Але дзе там. Два найбуйнейшыя вадасховішчы Лэйк-Паўэл і Мід праз засуху і рост насельніцтва паступова мялеюць ужо дваццаць гадоў. Здавалася б, за такі тэрмін можна дамовіцца, не чужыя ж людзі… Але пакуль тое, што адбываецца, нагадвае прэлюдыю да юрыдычнага трылера.
Засталося 4 гады
— Пра размеркаванне вады ў рацэ Каларада сем штатаў дамаўляюцца ад 1922 года. Вышэй па плыні знаходзяцца Каларада, Нью-Мексіка, Ваёмінг і Юта. А больш за ўсё вады выкарыстоўваюць «ніжнія» Арызона, Невада і Каліфорнія. Асабліва Каліфорнія, дзе вырошчваюць амаль палову амерыканскай садавіны і арэхаў. Пакуль рака не пачала мялець, было норм. Але ад 2007 года дзейнічаюць часовыя пагадненні, якія мусілі дазволіць штатам прыйсці да кансэнсусу, аднак гэтага не адбылося дагэтуль.
— Лэйк-Паўэл і Мід штогод рызыкуюць абмялець да стану, калі прыйдзецца рабіць людаедскі выбар: альбо спыніць электрастанцыі, якія працуюць на іх рэзервах, і пакінуць без энергіі верхнія штаты, альбо прыкрыць кран і пакінуць без вады ніжнія…
— У 2026 годзе часовыя пагадненні мінаюць. І на тле хранічнай засухі Каліфорнія раптам стала вельмі непадатлівай. Гістарычна выйшла так, што менавіта ў Залатога штата «наймацнейшыя» правы на ваду Каларада. Арызона ж сваімі паступілася, абмяняўшы іх на дазвол пабудаваць сістэму каналаў CAP. Каналаў, у якіх не будзе вады, калі ўсё працягнецца як ідзе.
— На тыдні шэсць штатаў падрыхтавалі пакет ініцыятыў для сукупнага зніжэння спажывання вады ракі Каларада. А Каліфорнія, зразумела, адмовілася ў гэтым удзельнічаць. Цяпер федэральныя ўлады разважаюць, ці можна прымусіць зямлю малака і мёду перайсці на казінакі і зэканоміць ваду так, каб не ўгразнуць у судах на доўгія гады.
— Калі штаты не падзеляць вады, гэта будзе адная з наймаштабнейшых ілюстрацый гэтак любімых Воландам чалавечых якасцей: эгаізму, рвацтва і сляпога прытрымлівання літары спарахнелага на спякоце закону.
Дзяржорганы і органы
Тэхналогіі, якіх мы заслужылі: у Масачусетсы распрацавалі законапраект, які дазваляе зняволеным абменьваць органы — нырку або касцяны мозг — на зніжэнне тэрміну. Калі яго прымуць, скасціць можна будзе да года. Падобна да альтэрнатыўнага пачатку «Танатанаўтаў» Бернара Вебера.
У MIT цытуюць навукоўцаў, якія паказваюць на этычную недапушчальнасць гэтага. Маўляў, значная частка амерыканскіх зняволеных — афраамерыканцы і іспанамоўныя. І гэта падобна да адабрання органаў на карысць белых людзей.
Я цалкам з гэтым згодны. І закон наўрад ці прымуць… Але вы толькі ўявіце сцэнар «Уцёкаў з Шаўшэнка — 2023»: «Сэр, мне сядзець яшчэ 20 гадоў, але прынамсі мая нырка будзе гуляць на волі. Рэжце!»
Відэа тыдня
Цудоўнае новае прачытанне тэмы забаўляльнага судна на падводных крылах: Jet Shark. Акрамя жартаў: папросту «Сківіцы» адвісаюць.
Джэймс Камеран на 25-годдзе «Тытаніка» здымае дакументальны фільм. У ім ён адкажа на пытанне, якое мучыла фанатаў: ці мог бы герой Дзі Капрыа выжыць, забраўшыся на дзеравячыну разам з Кейт Уінслет? У фільме напраўду топяць акцёраў. Варта паглядзець.
Чарговы манумент ад стваральнікаў Stable Diffusion: AI для пераўтварэння стылю відэа.
Усе анонсы з Nintendo Direct на чале з новай Зэльдай.
Адным сказам
— На Digital Trends падборка з 7 галоўных анонсаў з гульнявой канфы Steam Next, уключна са смяротным будаўнічым спаборніцтвам ад стваральнікаў Dead by Daylight.
— Пентагон абраў дзве кампаніі для распрацоўкі гіганцкага ваеннага экранаплана: небяспечнай сумесі карабля і самалёта.
— «Гульня ў кальмара» стане VR-гульнёй — адзінай забаўкай ад Netflix, дзеля якой прыйдзецца ўставаць з канапы.
— Навукоўцы палічылі, што рэзерваў мозга цалкам хопіць на тое, каб кіраваць трэцяй рукой.
— Стваральнікі першага культываванага стэйка памерам з манетку спрабуюць усміхнуцца так, каб не заплакаць.
Читать на dev.by