Tesla замарозіла найманне і рыхтуе новыя звальненні
Tesla паведаміла супрацоўнікам пра прыпыненне наймання новых кадраў. Таксама кампанія правядзе новы раўнд звальненняў, расказалі Electrek «надзейныя» крыніцы.
Маск яшчэ ў чэрвені заклікаў менеджмент спыніць наймаць і скараціць 10% штату. Тады ён патлумачыў гэта «дрэнным прадчуваннем» з нагоды эканомікі. Замарозка наймання пагражала розным праектам Tesla — напрыклад, кампаніі патрэбныя тысячы людзей на новыя заводы ў ЗША і Германіі. Таму меру скасавалі і ў другім паўгоддзі пачалі зноў актыўна хайрыць.
Як стала вядома выданню, цяпер Tesla зноў замарожвае найманне і плануе скарачаць у першым квартале 2023 года. Закранутыя будуць розныя падраздзяленні.
Наколькі маштабнай будзе замарозка — з улікам таго, што Tesla плануе пашыраць вытворчасць у некаторых лакацыях, — невядома.
Нягледзячы на паспяховыя фінансавыя паказчыкі, акцыі Tesla сёлета ўпалі нашмат мацней за астатні рынак — напрыклад, так выглядае дынаміка біржы NASDAQ.
Аналітыкі з Уол-Стрыт панізілі рэйтынг аўтавытворцы на тле драмы вакол Twitter з удзелам Ілана Маска, а інвестары просяць бізнэсоўца дзеля Tesla сысці з сацсеткі.
Верагодна, праблемы ў Tesla не толькі з каціроўкамі — кампанія пачала прапаноўваць зніжкі на свае электракары ў ЗША і розныя бонусы аўтаўладальнікам, хаця раней цэны звычайна толькі павышаліся. Гэта можа сігналізаваць пра праблемы з продажамі, адзначае Electrek.
Читать на dev.by