Tesla запусціла беспілотнае таксі (калі гэта можна так назваць)
Праз дзесяць гадоў пасля таго, як Ілан Маск пачаў з года ў год абяцаць свету фірмовы сэрвіс робатаксі, Tesla запусціла паездкі на самакіраваных Model Y, паведамляе TechCrunch. Пакуль скарыстацца імі могуць жыхары тэхаскага Осціна.
Бізнесмен зрабіў анонс у сваёй сацсетцы X у нядзелю. Паездка каштуе фіксаваную — і не дзіўную для яго — суму: $4,20.
Сэрвіс Маска адрознівае тое, што яго працу забяспечваюць толькі ўсталяваныя на машынах камеры і ШІ. Іншыя гульцы галіны, напрыклад Waymo, выкарыстоўваюць лідары і радары для арыентацыі і навігацыі. Робатаксі «дачкі» Alphabet працуюць у Фініксе, Лос-Анджэлесе, Сан-Францыска і Осціне.
На мінулым тыдні Tesla рассылала запрашэнні выбраным карыстальнікам. Ужо 22 чэрвеня яны маглі ўсталяваць аплікацыю і замовіць паездку.
Сэрвіс будзе працаваць штодзённа з 6 гадзін раніцы да 12 гадзін дня, але толькі ў добрае надвор’е. І на ўсялякі выпадак на пярэднім пасажырскім сядзенні будзе знаходзіцца супрацоўнік Tesla.
Пачаць кампанія вырашыла з малога — пакуль парк сэрвісу складзе каля 10 кросавераў 2025 года выпуску. Абслугоўваць яны будуць выразна абмежаваны раён у паўднёвай частцы горада.
Інфармацыі аб новым сэрвісе Маск і сайт Tesla даюць вельмі мала — значна актыўней падрабязнасцямі дзеляцца фанаты кампаніі. Як адзначае TechCrunch, яна нават спрабавала перашкодзіць медыа атрымаць звесткі аб сэрвісе ў мясцовых транспартных органаў.
Якую ролю будуць адыгрываць дзяжурныя і ў якой ступені кантраляваць працу сістэмы, незразумела. Відавочна, яны павінны будуць умяшацца, калі софт паспрабуе зрабіць нешта небяспечнае. Waymo і Cruise, які прыпыніў дзейнасць пасля шэрагу інцыдэнтаў, таксама тэставалі свае тэхналогіі пад наглядам інжынераў — за стырном і на пасажырскім месцы. Але не на этапе паўнавартаснай камерцыйнай дзейнасці.
Ужо ў нядзелю адзін з карыстальнікаў Tesla расказаў, што падчас яго паездкі спатрэбілася ўмяшанне аддаленых аператараў. Што здарылася, ён не ўдакладніў, але сказаў, што ў астатнім паездка прайшла гладка.
Читать на dev.by