Толькі 26% кампаній цалкам кантралююць выдаткі на ШІ
Штучны інтэлект імкліва становіцца абавязковым інструментам для бізнесу, аднак яго кошт усё часцей аказваецца нечаканасцю для фінансавых дырэктараў.
Штучны інтэлект імкліва становіцца абавязковым інструментам для бізнесу, аднак яго кошт усё часцей аказваецца нечаканасцю для фінансавых дырэктараў.
Штучны інтэлект імкліва становіцца абавязковым інструментам для бізнесу, аднак яго кошт усё часцей аказваецца нечаканасцю для фінансавых дырэктараў.
Паводле дадзеных кансалтынгавай кампаніі KPMG, толькі 26% кампаній маюць поўнае ўяўленне пра свае выдаткі на ШІ. Яшчэ 50% кампаній бачаць такія выдаткі толькі часткова, а 22% амаль не кантралююць іх або даведваюцца пра рэальнае спажыванне ўжо пасля атрымання рахунку.
Галоўная прычына — пераход ШІ-сервісаў на аплату па фактычным выкарыстанні. Усё больш пастаўшчыкоў лічаць кошт не па фіксаванай падпісцы, а па токенах. Для фінансавых каманд гэта стварае новую праблему: выдаткі становяцца менш прадказальнымі, асабліва калі кампаніі ўкараняюць ШІ-агентаў і аўтаматызаваныя працоўныя працэсы.
«Гэта новы рэсурс, якім трэба кіраваць, і раней ён не існаваў у такім выглядзе. Мы назіраем экспанентны рост», — расказаў глабальны кіраўнік ШІ-напрамку KPMG Стыў Чэйз. Паводле яго, KPMG ужо працуе з кампаніямі, якія выдаткавалі гадавыя бюджэты на токены і воблачныя вылічэнні ўсяго за некалькі месяцаў. У аднаго з кліентаў KPMG спажыванне токенаў вырасла ў шэсць разоў.
Некаторыя кампаніі ўжо спрабуюць узяць выдаткі пад кантроль. Life360, сервіс для абмену геалакацыяй і лічбавай бяспекі, укараняе інструменты для зніжэння спажывання токенаў і перапрацоўвае сваіх ШІ-агентаў. Фінансавы дырэктар кампаніі Расэл Бёрк сказаў, што ў Life360 пакуль няма маніторынгу выдаткаў на токены ў рэжыме рэальнага часу, аднак кампанія разлічвае хутка яго атрымаць.

Выкарыстанне ШІ расце і ў распрацоўцы. У Affirm выдаткі на токены сталі асобнай тэмай гадавога бюджэтавання. Фінансавы дырэктар кампаніі Роб О’Хэйр расказаў, што пасля актыўнага ўкаранення ШІ-агентаў для напісання кода спажыванне токенаў рэзка вырасла амаль імгненна. Пры гэтым Affirm адсочвае выдаткі амаль у рэальным часе і штотыднёва паказвае дадзеныя кіраўніцтву.
Іншыя кампаніі дзейнічаюць асцярожней. Вытворца спажывецкіх тавараў Reckitt аналізуе, як супрацоўнікі выкарыстоўваюць ШІ, і карэктуе выдаткі пры неабходнасці. Напрыклад, пасля запуску ШІ-рашэнняў для маркетынгу кампанія заўважыла, што цікавасць да часткі інструментаў хутка знізілася: супрацоўнікі праз некалькі тыдняў вярнуліся да старых звычак. Адно з рашэнняў таксама аказалася недастаткова дакладным, таму яго ўкараненне запаволілі.
Аналітыкі параўноўваюць сітуацыю з воблачным бумам падчас пандэміі. Тады кампаніі рэзка нарасцілі выдаткі на воблачныя сэрвісы, а пазней пачалі скарачаць траты і аптымізаваць падпіскі. З ШІ можа адбыцца падобны цыкл: спачатку хуткія эксперыменты і рост спажывання, затым — ціск CFO, ліміты і спробы даказаць вяртанне інвестыцый.
Паводле слоў кіраўніка тэхналагічных даследаванняў D.A. Davidson Гіла Лурыі, мадэль аплаты па выкарыстанні перакладае частку рызыкі на кліентаў: цяпер менавіта кампаніі павінны сачыць, колькі токенаў спажываюць іх супрацоўнікі і ШІ-агенты. «Многія фінансавыя дырэктары ўбачаць рахунак ад Anthropic за квартал і перапалохаюцца», — сказаў Лурыя.



Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.