Цукерберг назваў адзін са сваіх самых спрэчных прынцыпаў кіравання
Гендырэктар Meta Марк Цукерберг распавёў аб адным са сваіх поглядаў на менеджмент, які наўрад ці падзяляюць усе яго калегі: ён не любіць дэлегаваць адказнасць.
«Я думаю, адзін з маіх самых спрэчных падыходаў да кіравання або менеджменту палягае ў тым, што я не вельмі веру ў дэлегаванне», — заявіў прадпрымальнік у нядаўнім падкасце Morning Brew Daily.
Цукерберг растлумачыў, што, на яго думку, фаўндар мае сам прымаць як мага больш рашэнняў і быць уцягнутым у максімальную колькасць працэсаў, у тым ліку каб разумець уласныя ліміты. Пры гэтым ён прызнаў, што цалкам пагрузіцца ва ўсё, чым займаецца кампанія, немагчыма, і што ёй, нягледзячы на ўдзел фаўндара, патрэбная куча таленавітых людзей, каб рабіць усе тыя важныя справы, на якія не можа разарвацца ён.
«З часам я стаў больш упэўнены ў пачуцці, што магу паглыбіцца ва ўсё гэта і накіраваць у той бок, у які лічу патрэбным. Не ўсё пойдзе як па масле ў бліжэйшай перспектыве, але так вы проста вучыцеся, выпраўляеце памылкі і так па крузе. У доўгатэрміновай перспектыве вы робіце добрую працу», — адзначыў Цукерберг.
Крыху больш як за год Meta скараціла больш за 20 тысяч супрацоўнікаў. Кампанія ў тым ліку прарэдзіла сярэдні менеджмент, каб спрасціць іерархію і стаць больш паваротлівай і эканомнай.
Читать на dev.by