Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

«Тут я ў танку. Звонку — не». Як справы ў Wargaming пасля разрыву з Беларуссю і Расіяй

Мы вывучылі адкрытыя даныя і спыталі ў каманды.

Пакінуць каментарый
«Тут я ў танку. Звонку — не». Як справы ў Wargaming пасля разрыву з Беларуссю і Расіяй

Мы вывучылі адкрытыя даныя і спыталі ў каманды.

Арышт расійскіх актываў студыі «Леста Игры», верагодна, не прайшоў бясследна і для беларускага офіса. Але пакуль звонку заўважныя толькі ўскосныя эфекты — у Мінску скасаваны «танкавы фестываль», прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі і анансаваны яшчэ ў сакавіку на АНТ. Супрацоўнікі мінскай «Лесты» распавядаюць, што ў калектыве панікі няма, але з’явілася адчуванне нявызначанасці.

На гэтым трывожным фоне асабліва цікава паглядзець, як ідуць справы ў Wargaming — кампаніі, падраздзяленнямі якой раней былі і мінскі «Гейм Стрым», і расійская «Леста». Што цяпер з фінансамі ў былога лідара беларускага геймдэва, які ў 2022 годзе пакінуў Беларусь і Расію? І як зараз сябе адчуваюць яго супрацоўнікі-рэлакаты?

«Вялікі боль»: як аддзяляліся офісы і гульні

Уладальнік «Лесты» Малік Хатажаеў у сакавіцкім інтэрв’ю для АНТ назваў перыяд падзелу Wargaming у 2022 годзе «часам гарэння ў пекле»:

— Любая кампанія — гэта жывы арганізм са сваімі ўнутранымі органамі, якія адказваюць за вузкія спецыяльнасці. Калі ўсё разразаецца бензапілой па жывому, радасці гэта нікому не прыносіць. Боль вялікі. Мала таго, частка функцыяналу апынаецца дзесьці там, у іншых адрэзаных частках, і гэта вельмі складана і вельмі балюча.

З падобнымі цяжкасцямі сутыкнулася і тая частка былога «вялікага» Wargaming, якая засталася па-за межамі Беларусі і Расіі. Пры гэтым, калі «Леста» падчас «разводу» атрымала ключавыя расійскі і беларускі рынкі і даходы з іх, то «вонкавы» Wargaming іх страціў.

Па ацэнцы генеральнага дырэктара Wargaming.net Віктара Кіслага, у 2022 годзе ў Беларусі і Расіі знаходзілася амаль траціна ўсёй гульнявой аўдыторыі кампаніі.

Хто забраў карыстальнікаў

Карыстальнікам гульнявых прадуктаў Wargaming у Беларусі і Расіі дазволілі выбраць, у якую гульню яны будуць гуляць: у World of Tanks і World of Warships, якімі працягвае кіраваць Wargaming з галоўным офісам на Кіпры, або ў перайменаваныя «Мир танков» і «Мир кораблей», якія кантралюе «Леста».

Калі зыходзіць з афіцыйных заяў прадстаўнікоў «Лесты», практычна ўся беларуская і расійская аўдыторыя пасля гэтага падзелу дасталася расійскай кампаніі. У кастрычніку 2022 года дырэктар аднаго з прадуктаў «Лесты» Павел Сцяпанаў сцвярджаў, што «штодзённая аўдыторыя „Мира танков“, „Мира кораблей“ і Tank Blitz цяпер складае 1,5 млн. Гэта амаль 100% ад базавага паказчыка да перайменавання».

Праўда, у тым жа інтэрв’ю Сцяпанаў прызнаў, што нейкую частку беларускай і расійскай аўдыторыі Wargaming за сабой захаваў: «Аўдыторыя наўрад ці моцна змянілася, хутчэй, яна падзялілася. Tanks Blitz, „Мир танков“, „Мир кораблей“ — гэта расійска-беларускія версіі папулярных гульняў і, па сутнасці, новыя прадукты на гульнявым рынку. Гульцам давялося выбіраць, у якую гульню яны хочуць гуляць. Большая частка расійскай і беларускай аўдыторыі, як і чакалася, абрала гульні кампаніі Lesta Games. Такім чынам, гульцы выдалі нам крэдыт даверу, які мы цвёрда маем намер апраўдаць».

Падаецца, што прыкметная частка геймераў унутры Беларусі дагэтуль аддае перавагу World of Tanks, а не «Миру танков». Інакш наўрад ці давялося б Маліку Хаджаеву актыўна пераконваць гледачоў АНТ адмовіцца ад набыцця прадуктаў Wargaming, што, на яго думку, можа трактавацца як «спансаванне УСУ». Нагадаем, што Wargaming займаецца дабрачыннасцю ва Украіне: так, у самым пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання кампанія накіравала 1 млн долараў на медыцынскую дапамогу, пазней перадала 100 тысяч долараў на дапамогу пацярпелым ад разбурэння Кахоўскай ГЭС, а ў кастрычніку–лістападзе 2023 года перавяла больш за 1 млн долараў на закупку машын хуткай дапамогі.

Сам Wargaming не паведамляе, якую частку беларускай і расійскай аўдыторыі, у тым ліку той, якая актыўна данаціць, ён змог утрымаць пасля разрыву з «Лестай». Наўрад ці такіх геймераў вельмі шмат: камфортна гуляць у анлайн-гульні з Беларусі ці Расіі на замежных серверах перашкаджае павялічаны пінг.

Судзячы па ўсім, утрымаць частку прыхільнікаў World of Tanks Wargaming дапамагла эміграцыя з Беларусі і Расіі, якая атрымала дадатковы штуршок пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Ўкраіну.

Ужо да верасня 2022 года рускамоўных гульцоў на еўрапейскіх серверах World of Tanks стала настолькі шмат, што распрацоўшчыкі дадалі для іх падтрымку рускай мовы (адначасова з украінскай). Былы супрацоўнік Wargaming Кірыл* сцвярджае, што ў той жа перыяд у еўрапейскія офісы кампаніі з Мінска перабралася як мінімум частка супрацоўнікаў, якія адказвалі за стварэнне рускамоўнага калягульнявога кантэнту і за сувязі з рускамоўнай гульнявой супольнасцю.

Зразумела, гэта толькі змякчыла цяжкія наступствы ад страты асноўнай часткі беларускай і расійскай аўдыторыі. Акрамя таго, Wargaming атрымаў дадатковую нагрузку ў выглядзе выдаткаў на рэлакацыю соцень супрацоўнікаў і адкрыццё новых офісаў.

У сукупнасці ўсе гэтыя падзеі не маглі не адбіцца на фінансавым стане Wargaming. Але ў якой ступені — ацаніць цяжка. Канкрэтныя лічбы або хаця б працэнты скарачэння даходаў прадстаўнікі кампаніі не называлі. Больш за тое, Wargaming як закрытае акцыянернае таварыства можа не раскрываць фінансавую інфармацыю публічна. І карыстаецца гэтай магчымасцю яшчэ з канца 2013 года, калі галоўная юрыдычная асоба кампаніі на Кіпры перастала публікаваць фінансавую справаздачнасць. Таму ацэньваць можна толькі становішча асобных падраздзяленняў кампаніі.

Мы сабралі даступную інфармацыю пра офісы кампаніі ў трох суседніх з Беларуссю краінах.

Wargaming Vilnius

Адзін з галоўных плацдармаў для рэлакацыі супрацоўнікаў мінскага офіса — Wargaming Vilnius. Спачатку яго існаванне цяжка было назваць безпраблемным: вясной 2022 года супрацоўнік віленскга офіса распавядаў, што ён і калегі не атрымалі звыклых гадавых прэмій.

Але з 2021 па 2023 фінансавыя гады гэтае падраздзяленне транснацыянальнай карпарацыі з беларускімі каранямі дэманстравала ўстойлівы рост выручкі (з 23,8 да 83,5 млн еўра), прыбытку (з 2,7 да 7 млн еўра), чыстага прыбытку (з 2,2 да 6,4 млн еўра), уласнага капіталу (з 2,2 да 9,8 млн еўра) і актываў (з 9,1 да 26,9 млн еўра). Цікава, што актывы павялічваліся і за кошт непрофільнага для кампаніі набыцця нерухомасці ў Вільне, дзе з 2021 года Wargaming набыў не менш за 100 кватэр. Частка з іх пазней была выстаўлена на продаж і ў арэнду.

http://www.a2sm.lt/index/wargaming

Рост адбываўся і ў колькасным саставе супрацоўнікаў літоўскага Wargaming. Са студзеня 2022 года да студзеня 2023-га (на гэты перыяд прыпаў «развод» з «Лестай») колькасць супрацоўнікаў павялічылася з 415 да 988 чалавек.

Але ў 2024 годзе гэта пазітыўная тэндэнцыя «зламалася». Сярэдняя колькасць супрацоўнікаў Wargaming Vilnius за апошнія 12 месяцаў скарацілася на 10%, і на пачатак мая 2025 года тут працавалі толькі 787 чалавек. Аднак экстрапаляваць гэтую сітуацыю на ўвесь Wargaming у цэлым было б памылкай. Па-першае, віленскі офіс працягвае набор супрацоўнікаў. Па-другое, скарачэнне ў віленскім офісе як мінімум часткова можа тлумачыцца не звальненнямі, а рэлакейтам у падраздзяленні кампаніі ў іншых краінах.

Адзначым, што і многія іншыя ІТ-кампаніі з беларускімі каранямі ў 2024 годзе скарацілі штаты літоўскіх офісаў і рэлакавалі частку супрацоўнікаў у іншыя краіны. Адна з прычын — непаслядоўная міграцыйная палітыка Літвы ў дачыненні да грамадзян Беларусі, з-за якой многія баяцца анулявання ВНЖ ў гэтай краіне.

Фінансавая справаздачнасць віленскага Wargaming за мінулы год яшчэ не была апублікаваная (фінансавы 2024 год скончыўся толькі 31 сакавіка). Але ўскосна меркаваць пра паказчыкі кампаніі можна па дадзеных літоўскай Дзяржаўнай падатковай інспекцыі. У 2024 годзе літоўская дачка Wargaming пералічыла ў бюджэт Літвы 13,3 млн еўра — на 1,6 млн менш, чым у 2023 годзе. То бок падатковыя адлічэнні скараціліся больш чым на 10%. А за першы квартал 2025 года Wargaming Vilnius заплаціў усяго 2,94 млн еўра падаткаў — антырэкорд за апошнія два гады.

Wargaming Kyiv

Яшчэ адной пляцоўкай для масавай рэлакацыі беларусаў з Wargaming стаў Кіеў, куды ўжо ў першыя месяцы пасля выбараў 2020 года пераехалі каля 300 супрацоўнікаў мінскага офіса. Кампанія «Перша студія девелопмент» (яна ж Wargaming Kyiv), у якой да 2021 года працавала больш за 500 чалавек, у 2023 годзе ўзначаліла першую пяцёрку ўкраінскіх ІТ-кампаній па памеры эфектыўнай стаўкі падатку на прыбытак у 2022 годзе. Паводле аналітыка Вячаслава Чаркашына, гэта можа сведчыць пра тое, што Wargaming Kyiv — звышпрыбытковая кампанія з нізкім узроўнем выдаткаў.

https://wargaming.com/en/news/work-at-wargaming-kyiv/
https://wargaming.com/en/news/work-at-wargaming-kyiv/

На жаль, больш канкрэтнай інфармацыі пра сучасныя фінансавыя паказчыкі Wargaming Kyiv у адкрытым доступе няма: Дзяржаўная падатковая служба Украіны з мая 2022 года абмежавала доступ да сваіх электронных рэестраў у сувязі з ваенным становішчам.

Wargaming Warsaw

У польскім офісе Wargaming Warsaw да восені 2023 працавала 88 супрацоўнікаў. Пры гэтым цяпер тут адкрыта 18 вакансій (больш, чым у літоўскім офісе, дзе іх 16). За 2022–2023 фінансавыя гады даход польскага «Варгеймінга» вырас з 12,6 да 33,5 млн злотых. Памер выплачанага падаходнага падатку за той жа перыяд павялічыўся з 318 тысяч да 1,57 млн злотых.

Рэсурс Growjo, які сочыць за самымі хуткарослымі прыватнымі кампаніямі і стартапамі ў свеце, сцвярджае, што ў кампаніі Wargaming па ўсім свеце цяпер працуе 3926 супрацоўнікаў. Паводле інфармацыі Growjo, гэта на 6% больш, чым летась. А яшчэ годам раней, у 2023 годзе, Віктар Кіслы распавядаў пра 3500 супрацоўнікаў.

Аб’ём гадавога даходу ўсяго «Варгеймінга» Growjo ацэньвае ў 1,1 млрд долараў. Пасля сыходу з беларускага і расійскага рынкаў у Wargaming ёсць сродкі на распрацоўку новых буйных гульнявых праектаў кшталту Steel Hunters і Project CW. Праўда, наколькі яны стануць паспяховымі — пакуль незразумела.

Wargaming Belgrad

У чэрвені 2022 года, адначасова з адкрыццём офіса ў Варшаве, Wargaming заснаваў падраздзяленне ў Сербіі. Значная частка рэлакаваных супрацоўнікаў кампаніі адправілася ў Wargaming Belgrad (прычым як з Беларусі, так і з Расіі).

Першапачаткова меркавалася, што ў Бялградзе і Варшаве будзе працаваць да 400 супрацоўнікаў, але сербскі офіс значна выйшаў за гэтыя межы. Паводле дадзеных LinkedIn, цяпер у Бялградзе жыве амаль столькі ж карыстальнікаў сацсеткі, якія працуюць у Wargaming, колькі і ў Вільне (каля 700 чалавек). А згодна з апублікаванай у красавіку справаздачай Сербскай гульнявой асацыяцыі Serbian Gaming Industry Report 2024, аддзяленне Wargaming у Бялградзе з’яўляецца найбуйнейшай геймдэв-кампаніяй Сербіі з больш чым 800 супрацоўнікамі (усяго ў сербскай гульнявой галіне занята каля 4500 чалавек). Для параўнання: сербская каманда Playrix налічвае прыблізна 600 чалавек.

Фінансавых паказчыкаў бялградскага аддзялення Wargaming знайсці не ўдалося. Аднак са справаздачы вядома, што сербскі геймдэв развіваецца досыць дынамічна — у 2024 годзе яго выручка вырасла на 22%. Улічваючы буйныя адносныя памеры мясцовага офіса Wargaming, можна выказаць здагадку, што і яго дзейнасць істотна паўплывала на станоўчыя тэндэнцыі ў галіне.

Што пра настроі ўнутры кажа каманда?

Адкрытая інфармацыя пра фінансавыя паказчыкі Wargaming выглядае вельмі фрагментарна, таму на яе падставе цяжка рабіць высновы пра агульны стан кампаніі.

Таму мы сабралі ўражанні пра становішча ў Wargaming ад некалькіх супрацоўнікаў. Усе яны раней працавалі ў Мінску і пакінулі Беларусь у розны час, пачынаючы з 2020 года.

Сяргей*, супрацоўнік віленскага офіса, сцвярджае, што «з фінансамі ўсё выглядае нядрэнна. Асабліва калі ўлічыць, што галоўнаму „кіту“ — танкам — сёлета спаўняецца 15 гадоў. Кампанія застаецца прыбытковай. Падрабязнасцяў у мяне няма, але агульная карціна хутчэй пазітыўная, чым „заняпад“. Ідуць інвестыцыі ў новыя прадукты. А вось што да стафу / супрацоўнікамі — тут выразна скарачэнні апярэджваюць набор».

Пры гэтым Сяргей падкрэслівае, што такая карціна бачная толькі з яго асабістага досведу і просіць не пераносіць яе на ўвесь офіс, тым больш на ўсю кампанію.

Ганна* працуе дыстанцыйна і лічыць, што не можа ацэньваць фінансавы стан кампаніі — проста не ў курсе. Яна не заўважыла істотных ваганняў у заробку пасля рэлакейту і не адчула зменаў у праграме бенефітаў — паколькі з-за дыстанцыйнай працы амаль не карыстаецца імі.

Іван* адзначае, што пасля рэлакейту з Беларусі яго заробак прыкметна вырас — «то бок казаць пра масавы фрыз няправільна. Але дакладна магчымасць павелічэння фінансавага ўзнагароджання залежыць не толькі ад тваёй карысці, але і ад поспеху прадукту, над якім працуе каманда».

Пры гэтым, на думку Івана, бенефітаў у параўнанні з Мінскам стала менш: «Па разнастайнасці бенефітаў у Беларусі з Wargaming мала хто мог спаборнічаць, таму з улікам мясцовых рэалій іх заканамерна стала менш. Але галоўныя „плюшкі“ захаваліся. У маёй лакацыі гэта: медстрахоўка з добрымі сумамі пакрыцця для ўсіх членаў сям’і, 60 еўра ў месяц на кампенсацыю абедаў, доступ да сэрвісу са зніжкамі, доступ да сэрвісу вывучэння англійскай, прысмакі на кухні. Ёсць і офісныя мерапрыемствы: турніры па настольным тэнісе і покеры, штомесячны тэматычны „смачны чацвер“ з пачастункамі».

Паводле Івана, які папрасіў не ўказваць канкрэтнае месца яго працы, у ягоным офісе «апошнім часам назіраецца пэўны адток у суседнія лакацыі, што пацвярджаецца адкрытымі афіцыйнымі дадзенымі. Пры гэтым невялікі найм усё ж застаецца, ён не замарожаны».

Хранічнай перапрацоўкі ў ягоным офісе не назіраецца: «у „гарачыя сезоны“ часам даводзіцца працаваць больш, але ў звычайныя перыяды нагрузка меншая, для кампенсацыі». Атмасферу ў сваёй і сумежных камандах Іван ацэньвае як «цалкам пазітыўную і спрыяльную для прадуктыўнай працы». У бліжэйшай будучыні Іван не бачыць пагроз для сваіх перспектыў, тым больш што падобныя пазіцыі, «калі што», можна будзе знайсці ў іншых прадуктах/праектах кампаніі.

Аляксандр*, які працуе ў Вільні, мяркуе, што «нельга сказаць, што кампанію штарміць. Трэба аддаць належнае фінансаваму кіраўніцтву, яны трымаюць курс, і турбулентнасці не адчуваецца. Канешне, не абыходзіцца без аптымізацыі, але гэта часам неабходна, нельга ж кожны дзень есці цукеркі, выдаткі трэба скарачаць».

Па адчуваннях Аляксандра, гадавыя прэміі пасля рэлакейту ў сярэднім зменшыліся: «але я, напрыклад, добра разумею, што бонус — гэта бонус. І падчас „дзіўнай сусветнай вайны“ не варта за яго асабліва гандлявацца — гэта проста нерацыянальна. Што да заробкаў — яны ў тым дыяпазоне, які дазваляе не зніжаць узровень жыцця».

А вось бенефіты, паводле Аляксандра, сапраўды сталі сціплейшыя. Змены асабліва прыкметныя ў сферы медыцыны — хаця ён тлумачыць гэта перш за ўсё сістэмнымі адрозненнямі паміж сістэмамі аховы здароўя Беларусі і Літвы.

Сціплейшымі сталі і магчымасці для ўнутрыкарпаратыўнага навучання. Напрыклад, для вывучэння замежных моў супрацоўнікам цяпер прапануюць зніжкі на вонкавыя курсы (у мінскім офісе былі бясплатныя ўнутраныя курсы англійскай). З іншага боку, кампанія аказвае ўсебаковую падтрымку супрацоўнікам пры легалізацыі ў Літве і выступае пасярэднікам у кантактах з органамі ўлады. Аляксандр лічыць гэта вельмі карыснай часткай бенефітаў ва ўмовах, што змяніліся.

Што да змены колькасці супрацоўнікаў, па меркаванні Аляксандра, віленскі офіс цяпер выйшаў на плато: «Канечне, нехта сыходзіць, але і набор працягваецца. Справа ў тым, што ў кожным рэгіёне свае лічбы, а я імі не валодаю. Але па мясцовых уражаннях — плато».

На сваёй пазіцыі Аляксандр даволі часта сутыкаецца з неабходнасцю перапрацоўкі. Але, паводле яго слоў, «яшчэ ні разу за маёй памяццю кампанія гэтага не забыла і заўсёды як-небудзь кампенсавала».

Аляксандр сцвярджае, што атмасфера ў яго калектыве цяпер цалкам здаровая, няма адчуванняў няпэўнасці ў заўтрашнім дні: «У мяне выдатны калектыў, на які я магу разлічваць у той жа ступені, у якой і яны могуць разлічваць на мяне. Інакш тут проста нічога б не працавала. Упэўненасць у заўтрашнім дні ёсць, але толькі ў межах кампаніі. Тут мне ўсё зразумела: куды ісці і што рабіць. Мяне палохае тое, што адбываецца ў свеце, і якія сюрпрызы могуць узнікнуць звонку. А ў карпарацыі я — як за каменнымі сценамі. Тут я ў танку. Звонку — не».

«Леста» можа страціць бізнес ужо праз тыдзень калі не дакажа сваю недатычнасць да экстрэмізму і фінансавання УСУ
«Леста» можа страціць бізнес ужо праз тыдзень, калі не дакажа сваю недатычнасць да экстрэмізму і фінансавання УСУ
Па тэме
«Леста» можа страціць бізнес ужо праз тыдзень, калі не дакажа сваю недатычнасць да экстрэмізму і фінансавання УСУ
У Мінску чамусьці скасавалі танкавы фестываль ад Lesta на 9 мая. Хатажаеў абяцаў «мегападзею»
У Мінску чамусьці скасавалі танкавы фестываль ад Lesta на 9 мая. Хатажаеў абяцаў «мегападзею»
Па тэме
У Мінску чамусьці скасавалі танкавы фестываль ад Lesta на 9 мая. Хатажаеў абяцаў «мегападзею»
«Занадта смачны і ўразлівы актыў». Расійская Lesta ў апале. Што будзе з мінскім офісам?
«Занадта смачны і ўразлівы актыў». Расійская Lesta ў апале. Што будзе з мінскім офісам?
Па тэме
«Занадта смачны і ўразлівы актыў». Расійская Lesta ў апале. Што будзе з мінскім офісам?
За тры гады вайны выручка найбуйнейшых расійскіх ІТ-кампаній падвоілася. «Леста» таксама ў топе
За тры гады вайны выручка найбуйнейшых расійскіх ІТ-кампаній падвоілася. «Леста» таксама ў топе
Па тэме
За тры гады вайны выручка найбуйнейшых расійскіх ІТ-кампаній падвоілася. «Леста» таксама ў топе
Чытайце таксама
Крутые курсы по геймдеву: подборка для начинающих
Крутые курсы по геймдеву: подборка для начинающих
Крутые курсы по геймдеву: подборка для начинающих
Собрали для вас курсы, которые помогут освоить с нуля геймдев и геймдизайн, а также систематизировать свои знания и прокачать навыки начинающим гейм дизайнерам и разработчикам игр. Игровая индустрия — одно из самых динамично развивающихся направлений ИТ-сферы. Работа в геймдеве доступна и новичкам, и тем, кто не обладает глубокими техническими знаниями.   
Мечтаете создать собственную игру? Собрали классные курсы по геймдеву всего за 9,99$
Мечтаете создать собственную игру? Собрали классные курсы по геймдеву всего за 9,99$
Мечтаете создать собственную игру? Собрали классные курсы по геймдеву всего за 9,99$
Як распрацоўшчык у Польшчы працаваў кур'ерам (але потым усё атрымалася)
Як распрацоўшчык у Польшчы працаваў кур'ерам (але потым усё атрымалася)
Як распрацоўшчык у Польшчы працаваў кур'ерам (але потым усё атрымалася)
@dzikpic, канал для айцішнікаў у Польшчы, расказаў гісторыю Аляксандра. Перад тым, як патрапіць у польскую кампанію, ён два месяцы дастаўляў ежу ў Glovo. Як гэта — ездзіць на ровары па 10-12 гадзін на дзень і чаму манікюршчыца зарабляе больш за распрацоўшчыка.
15 каментарыяў

Айцішнік купіў дом у Польшчы. Як атрымаць дазвол у 2022, калі адмоў большае
Айцішнік купіў дом у Польшчы. Як атрымаць дазвол у 2022, калі адмоў большае
Айцішнік купіў дом у Польшчы. Як атрымаць дазвол у 2022, калі адмоў большае
@dzikpic, канал для ІТ-экспатаў у Польшчы, расказвае гісторыю беларускага айцішніка, які купіў дом у Гданьску, з каментарамі эксперта. Абмеркаваць гісторыю можна ў чаце.
13 каментарыяў

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Абмеркаванне
Каментуйце без абмежаванняў

Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.

Каментарыяў пакуль няма.