Twitter пачне выдаляць акаўнты і адбіраць нікнэймы ў неактыўных карыстальнікаў
Уладальнік Twitter Ілан Маск заявіў, што сацсетка будзе выдаляць акаўнты, карыстальнікі якіх ужо некалькі гадоў не выяўлялі актыўнасці.
Ён дадаў, што ў сувязі з гэтым у карыстальнікаў платформы можа ўпасці колькасць падпісчыкаў.
Таксама бізнэсовец патлумачыў, што змесціва спячых акаўнтаў будуць не выдаляць, а «архіваваць».
Якімі будуць маштабы чысткі, Маск не ўдакладніў — як і тое, колькі часу мусіць бяздзейнічаць акаўнт, каб патрапіць у зону рызыкі, і ці можна будзе аднавіць яго.
Такую меру Маск растлумачыў неабходнасцю вызваліць занятыя нікнэймы, якія не выкарыстоўваюцца.
Згодна з цяперашняй палітыкай Twitter карыстальнікам трэба ўваходзіць ва ўліковы запіс хаця б раз на месяц, каб яе не выдалілі назаўжды. Аднак юзернэймы (якія пачынаюцца з @) звычайна не робяцца даступнымі іншым карыстальнікам.
Читать на dev.by