У беспілотнага таксі Cruise адабралі ліцэнзію ў Каліфорніі праз пагрозу для жыхароў
Каліфарнійскі Дэпартамент транспартных сродкаў адклікаў дазвол беспілотнага таксі-сэрвісу Cruise, прызнаўшы яго небяспечным для грамадства, піша Insider.
Ліцэнзія адкліканая на нявызначаны тэрмін. У ведамстве палічылі, што аўтамабілі Cruise, якая належыць General Motors, «уяўляюць неапраўданую пагрозу грамадскай бяспецы».
Канкрэтных прычын такога рашэння ў Дэпартаменце не ўдакладнілі. Але апошнім часам на дарогах горада адбылося некалькі інцыдэнтаў з удзелам беспілотных аўто Cruise. У адным з іх робатаксі пераехала пешахода, якога збіў іншы кіроўца, і спынілася на ім.
Усяго два месяцы таму ўлады штата далі сэрвісу дабро на пашырэнне дзейнасці ў Сан-Францыска, другім па шчыльнасці насельніцтва горадзе ЗША. У прыватнасці, яму дазволілі працаваць кругласутачна. Гэта было зроблена на фоне пратэстаў, у тым ліку з боку мясцовых паліцэйскіх і пажарных, якія скардзіліся, што робатаксі блакуюць дарогу і перашкаджаюць праезду экстранных службаў.
У Cruise пацвердзілі, што прыпыняюць працу сэрвісу ў Сан-Францыска. Таксама кампанія супрацоўнічае з рэгулятарамі ў рамках расследавання па здарэнні з пешаходам. А яе інжынеры працуюць над удасканаленнем сістэмы кіравання робатаксі.
Між тым канкурэнт Cruise і дачка Alphabet — Waymo — працягвае працаваць у горадзе. Таксама яе беспілотны сэрвіс перавозкі пасажыраў ужо тры гады прысутнічае ў Фініксе (штат Арызона). У верасні Waymo заяўляла, што яе беспілотныя таксі бяспечнейшыя за жывых кіроўцаў.
Читать на dev.by