У 2024 у паловы айцішнікаў даходы раслі, кожны пяты зарабіў больш за $40K. Анкета
Мы спыталі чытачоў, як прайшоў у іх 2024-ы. Адказалі 350 чалавек.
Мы ўжо пісалі пра самаадчуванне беларускіх айцішнікаў летась, пра іх пераезды і працу, а цяпер пра самае цікавае — пра заробкі і выдаткі.
Больш за палову апытаных айцішнікаў сцвярджае, што іх заробак у 2024-м рос. У 40% стаяў на месцы, а ў кожнага 10-га наогул упаў.
Але цікавыя абсалютныя лічбы. Кожны чацвёрты за год зарабіў ад 20K да 40K у. е. нета. Крыху ніжэйшая доля тых, хто ўпісаўся ў калідор 40-60K — гэта кожны чацвёрты-пяты. Агулам 45% апытаных атрымалі на рукі ад 20K да 60K.
Цікава: групы ўмоўна бедных айцішнікаў (ад 6K да 15K) і ўмоўна багатых (ад 60K да 100K) колькасна прыкладна роўныя — 12%. Пры гэтым ніжэй за «мяжу беднасці» ў 6K (мы прарысавалі яе наўздагад, трымаючы ў галаве міфічную стартавую зп джуна ў 500 баксаў) знаходзіцца кожны шосты. А ў раёне «шкляной столі» (прыпусцім, столь — 10K на месяц, значыць, тыя, хто зарабіў 100K на год, да яе ўжо наблізіліся) або вышэй — каля 6%.
Больш як у паловы айцішнікаў самым буйным артыкулам выдаткаў у 2024 годзе была арэнда жытла. Гэта нядзіўна, улічваючы міграцыйныя працэсы апошніх гадоў.
У той жа час амаль 30% адзначыла сярод выдаткаў таямнічую буйную пакупку (можа быць, нават жытла), 40% прасаджвалі грошы ў падарожжах. У кожнага пятага ў структуры выдаткаў важнае месца заняло лячэнне. На адукацыю трацілі, здаецца, менш чым на рэстарацыі.
А вось на што яшчэ трацілі:
— Аплата за крэдыт па жытле.
— Рамонт машын.
— Бытавыя страты (жытло сваё): харчаванне, бытавая хімія і гэтак далей.
— Іпатэка.
— Паставіў помнік з упарадкаваннем.
— Мэбля ў дзіцячыя пакоі.
— Аплата садка для дзяцей.
— Пры пераездзе шмат грошай укінула на ўсё спадарожнае: новыя валізкі, квіткі, гатэлі, часовую арэнду, дэпазіт за доўгатэрміновае жытло, нейкія штукі для ўладкавання побыту. Шмат данаціла на розныя важныя ініцыятывы.
— Не было вялікіх трат.
— Каршэрынг.
— Абавязковая медстрахоўка.
— Ашчаджанні на пенсію, прыкладна €8000 на месяц.
— Крэдыты і рамонт машын.
Читать на dev.by