У расійскіх джуноў скарачаюцца заробкі — усе грошы перацякаюць кіраўніцтву
«Камерсант» расказаў пра зарплатныя трэнды ў расійскім ІТ: сярод іх — узмоцненае зарплатнае расслаенне і агульнае зніжэнне ўзнагароджання мясцовых айцішнікаў.
Паводле даных «Хабр Кар’еры», сярэдняя зарплата ІТ-спецыялістаў у Расіі за другое паўгоддзе 2023 года скарацілася на 15%, да 141 тысячы RUB ($1540) на месяц. У асноўным падзенне прыйшлося на рэгіёны і кранула сегменты распрацоўкі, дызайну і тэсціравання. У Маскве і Санкт-Пецярбургу за ліпень–снежань сярэдняя зарплата знізілася на 7% (да 187 тысяч RUB) і 14% (да 150 тысяч RUB) адпаведна. Эксперты «Хабр Кар’еры» лічаць такую тэндэнцыю «адным з сігналаў перанасычэння рынку з панаваннем малодшых спецыялістаў, якія ў першую чаргу шукаюць досвед, а не высокі аклад».
Паводле даных HeadHunter, на некаторых пазіцыях падзенне сярэдняй зарплаты дасягнула амаль чвэрці. Напрыклад, сярод прадуктовых аналітыкаў яно склала 24% год да года. Тут пацвярджаюць, што ў асноўным падзенне заробкаў «прысутнічае ў тых вакансіях, на якія прэтэндуюць суіскальнікі без досведу», але на «больш патрабавальных вакансіях» стаўкі растуць: сярэдняя зарплата кіраўніка групы распрацоўкі за год павялічылася на 36%, да 205 тысяч RUB ($2240), тэхнічнага дырэктара — на 19%, да 140 тысяч RUB. У HeadHunter удакладняюць, што тэндэнцыя можа быць скажоная методыкай: напрыклад, малодшыя спецыялісты пачалі больш актыўна даваць даныя пра свае заробкі, што знізіла паказчык.
У кампаніі Promo IT адзначаюць, што сярэдні заробак спецыялістаў пачатковага ўзроўню «ў пэўных групах ІТ-сектара ў некаторых рэгіёнах» краіны за год скараціўся больш як на 25%, таму «многія вымушаныя шукаць працу аддалена ў іншых рэгіёнах». Тут мяркуюць, што ў 2024 годзе колькасць джуноў і мідлоў працягне расці праз адукацыйныя курсы ў ІТ, таму заробак працягне падаць.
Прычынай зніжэння заробкаў таксама мог стаць масавы сыход заходніх вендараў з расійскага рынку ў 2022 годзе, паколькі замежныя кампаніі прапаноўвалі вышэйшы заробак, ніж мясцовыя.
І ў «Хабр Кар’еры», і ў HeadHunter адзначаюць самае моцнае падзенне даходаў у сферы распрацоўкі гульняў. Паводле даных «Хабр Кар’еры», у распрацоўшчыкаў гульняў у другім паўгоддзі 2023 года сярэдні даход знізіўся на 28% адносна першага. Паводле ацэнак HeadHunter, заробак гейм-дызайнераў за год паменшыўся на 13%.
Читать на dev.by