Як айцішнікаў заганяюць назад у офіс. «Спачатку былі абурэнне і сум»
Мінулага тыдня кіраўнік Amazon разаслаў ліст з новымі правіламі: ад 1 мая практычна ўсім супрацоўнікам карпарацыі трэба з’яўляцца ў офісе мінімум тры разы на тыдзень. Працаўнікі Amazon не радыя.
Спыталіся ў нашых чытачоў, ці выганяюць іх у офіс, — і сабралі некалькі кейсаў.
«Наўзамен абяцалі павялічыць колькасць івэнтаў і офісныя «плюшкі»
— Працую ў мінскім Evolution. Пачынаючы ад канца мінулага года ў падраздзяленнях сталі хадзіць чуткі, што кіраўніцтва хоча ўвесці рэжым наведвання 3 дні — у офісе, 2 — на жаданне. У камандах многім гэта не падабалася, але дзе-нідзе вырашылі паспрабаваць хадзіць паводле такога графіка.
8-га лютага раптам нам абвясцілі пра сазвоны ва ўсіх падраздзяленнях. А 9-га на гэтых самых сазвонах паказалі спехам падрыхтаваную прэзентацыю, у якой гаварылася, што цяпер офісы наведваюць каля 20% супрацоўнікаў і трэба было б увесці схему 3-2, каб:
- умацаваць камандны дух;
- палепшыць зносіны паміж камандамі і наогул;
- пачаць шэрыць веды сярод калег;
- а таксама палепшыць нашую прадукцыйнасць.
Наўзамен са свайго боку менеджмент абяцаў павялічыць колькасць івэнтаў у офісе, ну і офісныя «плюшкі».
Супрацоўнікі, якія працуюць з гарадоў, дзе няма офісаў, і з якімі першапачаткова заключаўся кантракт на аддаленую працу, працягнуць працаваць, як і раней. А астатнія — ад 10 лютага па новай сістэме.
Вядома, паўстала шмат пытанняў, і многіх калег не задаволілі атрыманыя адказы. Але ў выніку новую схему прынялі і пачалі часцей хадзіць у офісы. Хоць у некаторых засталася магчымасць індывідуальна дамовіцца пра графік.
Меры кантролю пакуль няясныя, і штрафныя меры адсутнічаюць. Здаецца, гэта будуць абмяркоўваць у асабістым парадку, калі што.
Звычайна я хаджу ў офіс, але ўсё залежыць ад настрою: магу і 4 або 5 дзён на тыдзень быць на месцы, а магу і ні дня за тыдзень не зайсці. Я — за свабоду выбару; жорсткую фіксацыю і абавязалаўку ўспрымаю негатыўна, асабліва калі ніхто нармальна не тлумачыць, чым выкліканае такое рашэнне і якім чынам яно павіннае штосьці палепшыць.
Часам мне здаецца, што менеджары высокага ўзроўню проста хочуць закрыць праблемы ў арганізацыі і планаванні працы. Яны мяркуюць, што супрацоўнікі неэфектыўна працуюць па-за офісам, хоць для мяне відавочна: хто халтурыў дома аддалена — той знойдзе спосаб халтурыць і ў офісе.
«Кажуць, што гэта карысна для камунікацыі і цыркуляцыі ведаў»
— У польскім офісе Evolution таксама патрабуюць 3 разы на тыдзень быць у офісе, кажуць, што гэта карысна для камунікацыі і цыркуляцыі ведаў. Але многім гэта не падабаецца — у першую чаргу палякам на B2B. Што да мяне, дык мне як раз усё ок — я люблю ў офіс хадзіць.
Пакуль пра праверку наведвальнасці або нейкі кантроль гаворкі не вядзецца.
«Вырашаць праблемы прасцей: схадзіў за сценку — і дамовіўся»
Мая кампанія (ізраільскі прадуктавік-юнікорн) нікога не прымушае працаваць з офіса, але ставіць умову: калі хочаш у нас працаваць — трэба наведваць офіс.
Трэба адзначыць, што я сам прыйшоў у кампанію ўжо з такой умовай. Дый з такой палітыкай згодны — бо адчуў на ўласным прыкладзе: ёсць у гэтым рацыя.
У пандэмію я працаваў у камандзе, дзе сем чалавек былі на аддаленай працы, а двое, уключна са мной, — у офісе. Дык вось вырашыць праблему паміж намі двума было прасцей, ніж з аддаленымі, якія часта працавалі паводле свайго ўласнага графіка, напрыклад, увечары і ўначы, калі мы ўжо адпачывалі.
Цяпер усе супрацоўнікі кампаніі наведваюць офіс — і вырашаць праблемы нашмат прасцей: умоўна, схадзіў за сценку і дамовіўся.
Плюс in-person камунікацыя заўсёды звязаная з мімікай і жэстамі, і калі імі валодаць, то дамаўляцца нашмат прасцей і хутчэй.
«Проста спаслаліся на Apple і Google, дзе выкарыстоўваецца гібрыдны метад»
— Viber абавязаў супрацоўнікаў наведваць офіс у Мінску мінімум 2 разы на тыдзень. Такі графік працы ўвялі яшчэ ў верасні 2022 — каб павысіць нашую прадуктыўнасць.
Шмат людзей незадаволеныя такім рашэннем: гэта асабліва дзіўна, калі твая каманда размеркаваная паміж трыма краінамі — Беларуссю, Грузіяй і Ізраілем — бо камунікацыя ўсё роўна праходзіць анлайн. І такіх каманд вельмі шмат.
Вядома, ніхто не прыводзіў лічбаў, што гэта дасць нашай кампаніі, — менеджары проста спаслаліся на карпарацыі накшталт Apple і Google, дзе таксама выкарыстоўваецца гібрыдны метад працы.
Асабіста я стаўлюся да рашэння кіраўніцтва негатыўна: я лічу, што аддаленая праца за 2-3 гады давяла сваю эфектыўнасць як фармат, не бачу неабходнасці працаваць з офіса, калі гэта не апраўдана.
«Начальства кажа, што жывыя зносіны садзейнічаюць творчай працы»
— У нас (кампанія на 350 чалавек, рэлакаваліся з Мінска ў Вільню) добраахвотна-прымусова ўводзяць office first.
Першыя званочкі пачуліся паўгода таму — начальства стала казаць, што жывыя зносіны садзейнічаюць творчай працы, і нам бы трэба больш гутарыць адно з адным.
Цяпер нам кажуць, што пару дзён на тыдзень нам абавязкова трэба бываць у офісе.
Пра праверкі і штрафы гаворкі не вядзецца, але я асабіста стаўлюся да такой ініцыятывы з негатывам — часам мне зручней працаваць з дому, плюс аддалена я працую прадукцыйней.
«Адразу былі абурэнне і сум, цяпер ужо стадыя «прыняцця»
— У нас усё як у Amazon — 2-3 месяцы таму кампанія (міжнародная, прадуктовая, агульны штат 15 000+ чалавек) увяла абавязковае наведванне офіса: маўляў, у свеце крызіс, трэба павышаць прадукцыйнасць, якая да кавіду і аддаленай працы была лепшай. Ну і наогул «ва ўсім свеце буйныя кампаніі пачынаюць вяртацца ў офіс».
Пра праверкі і штрафы нічога не казалі. Новыя правілы ўводзілі плаўна: спачатку было проста «трэба хадзіць», потым «ну цяпер дакладна трэба», а цяпер «усім абавязкова без выключэнняў і патуранняў». Але што будзе, калі не хадзіць, — ніхто не ведае.
Вядома, ёсць незадаволеныя такой палітыкай.
У польскім офісе адразу ж пасля навін прайшла хваля звальненняў <з ініцыятывы супрацоўнікаў>, у Мінску ўсё не так сумна — для большасці 3 дні яшчэ прымальна, але чуваць размовы: «Вось калі 5 дзён скажуць хадзіць, то дакладна буду новую працу шукаць».
Асабіста я да рашэння кіраўніцтва стаўлюся нармальна. Адразу былі абурэнне і сум, як і ва ўсіх, але цяпер ужо стадыя «прыняцця». Хаця хадзіць у офіс 2 дні на тыдзень усё ж было б лепш.
«Некаторыя ліды ледзь не з біноклямі сядзяць»
З’яўляюся працаўніком прадуктовай ІТ-кампаніі. Ад сярэдзіны лютага патрабуюць 3 дні на тыдзень хадзіць у офіс. Незразумела, ці сочыць за гэтым хтосьці з высокага начальства, ці не, але некаторыя ліды ледзь не з біноклямі сядзяць, выглядаючы, хто прыйшоў, а хто — не.
Кажуць, можна з менеджарам узгадніць меншую колькасць дзён, але пра паспяховыя кейсы я не чуў. Прычыну а-ля «з выхадам у офіс прыйдзецца мяняць лад жыцця» не лічаць паважнай.
Супрацоўнікі, натуральна, незадаволеныя, нібыта была нават пара выпадкаў, калі сыходзілі з кампаніі праз тое, што не згодныя падпарадкоўвацца гэтаму правілу. Але гэта было не ў Беларусі.
Читать на dev.by