«У офіс больш не загнаць». Пандэмія сышла — айцішнікі вернуцца?
Выбух кавіду ўпершыню зафіксавалі ва Ухані ў снежні 2019 года. Ужо праз тры месяцы, 11 сакавіка, Сусветная арганізацыя аховы здароўя абвясціла пандэмію каранавіруса, а супрацоўнікі кампаній пва ўсім свеце перайшлі з офіса на дыстанцыю. Праз тры гады пандэмія афіцыйна скончылася.
devby.io пагутарыў з некалькімі беларускімі айцішнікамі, якія працуюць у кампаніях рознага памеру. Даведаліся, як яны і іх калегі пераходзілі на аддаленую працу, што ў ёй любілі і ненавідзелі, на якіх умовах гатовыя вярнуцца ў офіс і ці прымушаюць іх так рабіць.
Змест
EPAM: ад 100% офіса да hotelling і свабоды выбару
Андрэй, 30 гадоў, распрацоўшчык у EPAM Poland, Гданьск
30-гадовы Андрэй працуе ў EPAM больш за сем гадоў. Прыгадвае, што да пандэміі варыянту аддаленай працы ў яго і калег не было. Таго часу распрацоўшчык быў часткай мінскага офіса. Працу на дом можна было ўзяць на дзень ці два, але «фактычна ўсе хадзілі ў офіс».
У першыя дні пандэміі, у сакавіку 2019, кампанія перайшла на аддаленую працу.
— Была вялікая праблема з тым, што многія супрацоўнікі не мелі ноўтаў, стаялі кампы з сістэмнымі блокамі. Пасля пачатку пандэміі сталі толькі ноўты выдаваць. Тыя, хто не захацеў мяняць, проста забіралі дадому [стацыянарныя камп’ютары]. Поўная аддаленая праца здарылася гады на два, — кажа айцішнік.
Андрэй згадвае, што рашэнне пра пераход на аддалены фармат прымалася на ўзроўні country head у EPAM Belarus. Змены тычыліся ўсіх праектаў, акрамя тых, «якія складана было перавесці».
— Напрыклад, чувакі, якія сапорцяць нейкае жалеза ў дата-цэнтры. І былі яшчэ праекты, якія працавалі ў закрытых перыметрах праз сек’юрыці, — тлумачыць ён. — Напрыклад, заказчык вельмі баіцца, што што-небудзь выцеча, таму працуеш у закрытым перыметры з адмысловым ключом на паверх, з камерамі, ёсць ноўт са спецыяльнай віндой, прашытай пад праект, смарт-ключ, па якім ноўт разблакоўваецца.
Акрамя працы, у анлайн пачалі пераводзіць і ўсе карпаратыўныя трэнінгі: заняткі англійскай мовай, ёгай.
Пры канцы 2021 EPAM пачаў адкрываць офісы ў фармаце hotelling. Кампанія зрабіла ўнутраную праграму, у якой супрацоўнік можа забраніраваць сабе офіснае месца.
— Сёння ты працуеш у адным офісе, заўтра ў другім, паслязаўтра ў трэцім. Паралельна ты можаш працаваць з дому. Здарыўся пераход на гібрыдны рэжым працы, — кажа Андрэй. — І некаторыя людзі пачалі ездзіць у офіс. Я, напрыклад, ездзіў не штодня, але ездзіў.
Паралельна, кажа распрацоўшчык, кампанія стала адмаўляцца ад офісаў, якія арандавала: «Калі на піку было 15-17 офісаў, то цяпер, можа, 3-5».
Каманды сталі больш размеркаванымі — офіс страціў сэнс
У Польшчы, дзе цяпер жыве Андрэй, hotelling EPAM працуе так жа сама. Ён расказвае, што ў офіс ходзіць «даволі шмат людзей».
— [Акрамя гібрыднага фармату,] Тут можна было перайсці на офісны. У гэтым выпадку месца ў офісе за табой рэзервуецца. Пакуль такога не падпісаў, за табой месца няма, можаш не ездзіць, — тлумачыць распрацоўшчык. — Ёсць знаёмыя, якія кажуць, што ў офіс больш не вернуцца і іх туды не загнаць сілай. Іх няшмат, але яны ёсць. Ёсць людзі, якія ездзяць у офіс штодня. Ёсць такія, як я — у сярэднім раз на тыдзень, для сацыялізацыі.
Сам Андрэй «не супраць вярнуцца ў офіс». Адзіная ўмова — там мае быць каманда.
— А з камандамі цяпер дзве праблемы. Яны сталі значна больш размеркаванымі пасля кавіду і пачатку вайны. Раней стараліся стафаць у рамках адной/дзвюх/трох лакацый. Цяпер бываюць праекты з 10 лакацыямі, 100500 гарадоў, каша поўная. На маім праекце дзесяць чалавек. Быццам бы шмат. Але хтосьці не ездзіць на офіс, хтосьці зарэзерваваў месца на іншым паверсе. У выніку каб сабрацца ў офісе кавы папіць, трэба прыехаць, вылавіць таго, хто там ёсць, сказаць: «Пайшлі на кухню», — кажа ён.
Ёсць і тыя, хто ездзіць у офіс пастаянна. Робяць яны гэта з трох прычын.
— Першая: у людзей дома сям’я, дзеці і проста шум-гам і цяжка. Другая: няма нармальнага працоўнага месца [дома]. Трэцяя: для сацыялізацыі. Ёсць калегі, якім сумна дома, яны па-дзедаўску ездзяць. Часта бывае, што чалавек адзін пераехаў [у іншую краіну], сядзіць дома 24/7 адзін. Калі перастане ў офіс ездзіць, то можа з дому і не выходзіць тыдзень, — кажа Андрэй.
Тыя, хто ўладкоўваецца праз EPAM Anywhere, калі хайрынг ідзе ў лакацыях без фізічнага памяшкання кампаніі, «першапачаткова каміцяцца, што ўладкоўваюцца без офіса».
Мінусы: фармальныя адносіны з калегамі і працоўны дзень без межаў
На асабістую прадукцыйнасць распрацоўшчыка аддаленая праца не паўплывала, упэўнены ён. Але адносіны ў камандзе сталі больш фармальнымі.
— Калі ты на праекце больш за палову людзей ні разу не бачыў у вочы, вядома, гэта праблема. Але на прадукцыйнасці гэта не асабліва адбіваецца. Размаўляеш толькі суха, на працоўныя тэмы, мінімальны смол-ток, і пагналі. Часам прадукцыйнасць і вышэйшая.
Ёсць людзі, якія не адказваюць на працягу дня, незразумела дзе ён і што з ім. Але ён і на офісе будзе лоўперформерам.
А так людзі могуць працаваць і больш: марнуюць менш часу на дарогу туды і назад, межы працоўнага дня расплываюцца. Прачнуўся і можаш стартаваць, у піжаме ўлез у чат і пайшоў штосьці рабіць. А ў офісе навокал пагасілі святло, і адзін сядзіш, як прыдурак. Дома менш адцягваючых фактараў, як «пайшлі пакурым, на каву сходзім». Абед часта поўны трэш. Я часта абедаю за мітынгамі, у мяне яго наогул няма. Ясі падчас кола. Гэта таксама фактар. Межы моцна сціраюцца. Менавіта таму мне падабаецца часам з’ездзіць у офіс. Пачатак, канец, абед — усё гэта мае межы.
NybleCraft: супрацоўнікаў хацелі вярнуць у офіс, але не выйшла
Антон Барысаў, 22 гады, Senior JS developer у NybleCraft
22-гадовы senior JS developer Антон Барысаў прыйшоў у NybleCraft за некалькі месяцаў да пачатку пандэміі. На той момант уся каманда кампаніі працавала з офіса. Як толькі пачаўся кавід, кіраўніцтва дазволіла супрацоўнікам самім вырашаць, ці хадзіць у офіс, ці не. Барысаў згадвае, што большасць калег сышлі на аддаленую працу.
— І ў офісе вызваліўся кабінет. І, як выявілася, мне падабаецца адзінота. Я тады больш прадукцыйны, мне гэта спадабалася, — кажа ён. — Калі людзі прыходзілі, мне гэта не падабалася. Знаходжанне ў офісе, размовы з калегамі пачалі мяне трохі адцягваць ад працы. І праз паўгода я сам сышоў на аддаленую працу, хадзіў у офіс рэдка: раз ці два на месяц.
Незадоўга да заканчэння пандэміі кампанія паспрабавала вярнуць супрацоўнікаў у офіс, але «хтосьці ўжо раз’ехаўся, хтосьці проста не захацеў».
— Адзінкі прыходзілі, — кажа айцішнік. — Я паспрабаваў вярнуцца, але ў мяне каманда ўся размеркаваная. Пахадзіў пару дзён, зразумеў, што проста марную час. Мне камфортней працаваць з хаты або з кавярні, каб змяніць пейзаж вакол. Так я магу быць супер прадукцыйным.
Магчыма, калі б у мяне была каманда, якую можна было б сабраць у офісе, я б хацеў, каб нейкае ўзаемадзеянне было ўжывую. Калі каманда раскіданая, мяне офіс адцягвае. Я спецыяльна здымаў кватэру бліжэй да офіса, каб у офіс не хадзіць, як выявілася.
Кампанія не сыходзіла на аддаленую працу ў пандэмію, але потым усё роўна прыйшлося
Марыя (імя змененае на просьбе суразмоўніцы), 25 гадоў, канцэпт-мастачка
Кампанія 25-гадовай канцэпт-мастачкі Марыі, якая распрацоўвае VR- і AR-экспірыенсы, на пачатку пандэміі на аддаленую працу не перайшла. Кіраўніцтва баялася, што парушыцца камунікацыя, кажа айцішніца.
— У VR-і AR-кампаніі патрэбныя дэвайсы, шлемы, каб тэсціраваць прадукт. Кіраўніцтва баялася, што больш часу на адпраўку таго ж білда будзем марнаваць, на каміт. І тады ў нас не было такога пісьменнага пайплайну. Але, безумоўна, пры найменшым захворванні чалавека адпраўлялі дадому, — кажа яна. — Адная пасада ў нас заўсёды была аддаленай — гукач.
Праз тры месяцы пасля пачатку пандэміі кампанія Марыі прапісала ў policy, што раз на тыдзень супрацоўнік можа ўзяць аддалены дзень.
— Але ў нас мала хто гэтым карыстаўся. Хтосьці казаў, што аддаленая праца ім не заходзіць. Магчыма, таму што яны з дзецьмі, сям’я, нешта іх адцягвае. Адсоткаў 40-50% калектыву лічылі, што хадзіць у офіс акей. Калі ўвялі гэтае правіла пра адзін дзень аддалена, усе такія: «Клас, можна ганяць дадому». Але не тое каб яны моцна карысталіся, — кажа яна. — Тыя, хто больш за ўсё тапіў за аддаленую працу, гэта і выкарыстоўвалі. Астатнім гэта як быццам і не трэба было. Я карысталася, старалася браць як мага часцей, калі была магчымасць такая.
«Хочацца хадзіць у офіс. Але дурныя варшаўскія коркі…»
Улетку 2022 года кампанія мастачкі вырашыла рэлакавацца ў Польшчу. Марыя пераехала адной з першых. Офіса ў кампаніі яшчэ не было, і айцішніца працавала з дому. Калі супрацоўнікаў у Варшаве стала больш, кампанія арандавала адзін з варшаўскіх каворкінгаў.
— У самім каворкінгу было вельмі шмат цікавых мерапрыемстваў. Там можна завесці шмат прыяцеляў, з іншымі кампаніямі пазнаёміцца, штосьці абмеркаваць — усе размаўляюць на англійскай. Дзесьці кіно паглядзець, дзесьці святы, Хэлаўін, напрыклад, — кажа Марыя. — Наогул хочацца хадзіць у [такі] офіс. Але дурныя варшаўскія коркі… Нейкі час працавалі паралельна і мінскі, і польскі офісы, і розніца была ў дзве гадзіны: у Мінску 10, а тут 8. Часам дабірацца было цяжкавата, марнавала гадзіну на дарогу.
У выніку, кажа айцішніца, кампанія прыйшла да аддаленай працы, але «ўводзілася яна паступова».
— На такі рэжым я перайшла тры месяцы таму, незадоўга да сыходу з кампаніі. Сама кампанія пераехала на іншы офіс, прыехала яшчэ больш калег. І мяне можна было адправіць працаваць з дому. Усім тады ўжо стала зразумела, што з нармальна выбудаваным пайплайнам праблем не будзе, — расказвае яна.
— Цяпер, калі шчыра, я б спакойна пайшла працаваць у офіс. Калі гэта будзе нейкая фул-тайм праца, то моцна носам круціць не буду. Магчыма, я буду пакутаваць праз коркі, мне, безумоўна камфортней працаваць з дому, але калі трэба будзе хадзіць у офіс, я спакойна да гэтага буду ставіцца.
Ці задаволіў бы большасць гібрыд?
У сухім астатку, знайсці радыкальных прыхільнікаў офіса або, наадварот, фул-рэмоўту ў нашай выпадковай выбарцы не атрымалася. Усе нашыя суразмоўцы — плюс-мінус за гібрыдны фармат. Нават тыя, каму сыход на аддаленую працу даўся з цяжкасцю — вось яшчэ адное меркаванне:
Вікторыя, 29 гадоў, Project manager
Да кавіду, расказвае 29-гадовая проджакт-менеджарка Вікторыя, мінскае падраздзяленне яе кампаніі працавала толькі з офіса. Калі хтосьці адчуваў сябе блага, то можна было напісаць свайму менеджару і застацца на дзень дома, «але ў цэлым была 100% праца ў офісе».
Пасля пачатку кавіду кампанія перайшла на аддаленую працу.
— Я пайшла на пачатку сакавіка ў адпачынак, з яго ўжо ў офіс не выйшла. Ад тых часоў у цэлым нічога не памянялася, працуем цяпер з дому, — кажа проджакт-менеджарка.
Першы час, згадвае айцішніца, ёй «было некамфортна».
— Даводзілася адаптавацца, бо прывыкла быць у калектыве. А тут адная цэлы дзень сядзіш, адная працуеш. Першы час такая жорсткая сацыяльная ізаляцыя адчувалася. Год, пэўна, прывыкала. Было цяжка. А потым нармальна, прывыкла. Ужо не ведаю, шчыра кажучы, ці хачу я назад у офіс, — кажа яна.
Вікторыя расказвае, што яе калегі па-рознаму ўспрынялі аддалены фармат працы, але ўсім не хапала камунікацыі.
— З іншага боку, калегі казалі, што сталі больш прадукцыйнымі: сядзіш дома і ад раніцы да ночы працуеш. У мяне тая ж гісторыя, — расказвае айцішніца.
Вікторыя кажа, што цяпер «выйшла б у офіс», але не на поўны працоўны тыдзень.
— У гібрыдны фармат. Жорсткі пераход на пяць дзён на тыдзень будзе цяжкі для ўсіх. На аддаленую працу было выгнаць цяжка, а тут калі выгнаў, перавесці назад… З задавальненнем бы выйшла на 2-3 дні, — кажа яна.
Рэсёрч devby.io: большасць працавала «ў асноўным аддалена» ў 2022
Амаль 70% беларускіх бізнэсаў увялі аддалены рэжым працы пасля пачатку пандэміі. Пра гэта кажа апытанне анлайн-сэрвісу «Бітрыкс24», якое правялі летам 2022 года і ў якім удзельнічалі 237 кампаній. Дзве траціны ўдзельнікаў апытання казалі, што эфектыўнасць іх аддаленай працы не зніжаецца ў параўнанні з офісам, а гібрыдны фармат большасць рэспандэнтаў лічыла найбольш прыдатным.
Дэталёвай статыстыкі па тэме пра тэхналагічную сферу ў Беларусі няма. Паводле слоў міністра працы Ірыны Касцевіч, на пачатак 2022 года ў ІТ-галіне «100% перайшлі на дыстанцыйную працу».
А вось даныя з нашага вялікага рэсёрчу за 2022-і (палова ўдзельнікаў — у Беларусі). 56 адсоткаў рэспандэнтаў паведамілі, што іх кампаніі зыходзяць з жаданняў супрацоўніка:
А вось тое ж пытанне, але ўжо пра саміх ІТ-спецыялістаў. На практыцы гібрыдны фармат ужывалі 15 адсоткаў (супастаўная колькасць — офісны), большасць жа (67 адсоткаў) працавалі аддалена (нават калі і з невялікімі офіснымі ўкрапінамі).
Экспертка: «Аддаленая праца нікуды не знікне»
—Для HR-кам’юніці пераход на аддаленую працу стаў адным з самых складаных чэленджаў за ўсю кар’еру, — кажа Віёла Капская, CEO hr.MOOD Journal & YOU HR Academy, Senior IT Recruiter & HR Business Partner. — Адначасова трэба было перайсці ў аддалены фармат, перабудаваць усе працэсы і паралельна не страціць сувязі з камандай, менеджментам, уплываць на іншыя працэсы, звязаныя са стрэсам, які з’явіўся ў людзей. Цяпер гэта ўсё адпрацавана. Ужо не так страшны гэты звер.
Senior IT Recruiter кажа, што пандэмія прынесла два новыя фарматы працы: гібрыдны і аддалены.
— Ад гэтага змяняецца і бізнэс-мадэль. Кампанія, якая падладжвае бізнэс-мадэль пад аддалены фармат працы, пачынае хайрыць людзей у розных рэгіёнах, пашырае геаграфічную здольнасць наймаць. Гібрыдны фармат даюць, каб паказаць супрацоўнікам вялікую лаяльнасць, даваць больш flexibility, камфорту. З працай з офіса ўсё досыць зразумела. У IT гэта, хутчэй за ўсё, flexible пачатак і заканчэнне працоўнага дня, — кажа яна.
Айцішнікі, кажа Капская, пасля пачатку пандэміі таксама падзяліліся на два лагеры: тыя, хто за дыстанцыю, і тыя, хто за офіс.
— Хацелі наведваць офіс тыя, у каго дома ёсць дзеці або бытавыя задачы, якія могуць адцягваць. Або калі няма арганізаванага працоўнага месца. Некаторыя кампаніі дазвалялі браць тэхніку дадому, дапамагалі фінансава арганізаваць працоўнае месца, — кажа яна. — Цяпер меркаванні крыху памяняліся. Ёсць людзі, якія досыць доўга працавалі аддалена, яны ўжо хочуць вярнуцца ў офіс. Але не на 100%, а мець такую магчымасць.
На думку Капскай, змяненне можна прасачыць у паводзінах бігтэх кампаній. Meta, напрыклад, ад восені пераводзіць аддаленых працаўнікоў на тры працоўныя дні на тыдзень у офісе.
— А ўсе маленькія рыбкі вакол глядзяць, што там адбываецца [у бігтэх кампаніях], і паціху прыраўноўваюцца. Але нельга ўсе кампаніі пад адзін грэбень. Хтосьці выбудаваў сваю бізнэс мадэль у рэмоўт-фармаце, хтосьці не выбудоўваў. Але аддаленая праца нікуды не знікне. Гэта ўжо фармат, які адбыўся і які хтосьці будзе выкарыстоўваць. Хтосьці будзе будаваць сваю бізнэс-мадэль вакол яго. А хтосьці будзе казаць, што гэта ўсё крынж, людзі не працуюць эфектыўна, гэта дрэнна ўплывае на карпаратыўную культуру, эфектыўнасць, — кажа яна.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.
У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by