Берлінскі стартап Vay робіць тое, ад чаго большасць кампаній у сферы робатаксі імкнуцца трымацца далей — адкрыта выкарыстоўвае аддаленых кіроўцаў.
Кампанія заснавана двума інжынерамі і былым супрацоўнікам Zoox Томасам фон дэр Оэ. Замест таго, каб будаваць класічнае робатаксі, якое складана і дорага маштабаваць, стваральнікі Vay вырашылі пераасэнсаваць кароткатэрміновую арэнду аўтамабіляў. Ідэя ў тым, што кліенту дастаўляюць машыну без кіроўцы ўнутры, ён сам на ёй ездзіць, а потым проста выходзіць — паркоўкай займаецца кампанія.
Фон дэр Оэ прыйшоў да гэтай мадэлі пасля працы ў Zoox, дзе, па яго словах, аўтаномная будучыня ўвесь час «адсоўвалася на тры гады наперад». Ён вырашыў рабіць прадукт, які можна запусціць хутчэй і з меншымі інвестыцыямі, не чакаючы поўнага аўтапілота.
Працуе гэта так. Карыстальнік замаўляе машыну праз аплікацыю — як Uber — і загружае правы кіроўцы з фота. Калі чалавек знаходзіцца ў зоне абслугоўвання, аўтамабіль пад’язджае да яго пад кіраваннем аддаленага аператара. Далей ён садзіцца за стырно і едзе куды патрэбна. Калі паездка скончана, машыну можна проста пакінуць — яе забяруць дыстанцыйна.
Зараз сэрвіс працуе ў Лас-Вегасе. У Vay там аўтапарк з прыкладна 100 электрычных Kia Niro, аснашчаных чатырма камерамі — без лідараў і складаных сэнсараў. Аддаленыя кіроўцы сядзяць у офісе за сімулятарамі, падобнымі на гульнявыя ўстаноўкі: некалькі экранаў, крэсла і вялікая чырвоная кнопка экстранага прыпынення. Каб стаць такім аператарам, трэба прайсці сур’ёзную падрыхтоўку, у тым ліку аддалена наездзіць каля 1000 км. Аддаленае кіраванне выкарыстоўваецца толькі на лакальных дарогах і на хуткасці да 40 км/г. На шашы машына выязджае ўжо пад кіраваннем кліента.
Галоўныя аргументы Vay — цана і гнуткасць. Паводле слоў CEO, сэрвіс прыкладна на 50% таннейшы за Uber. Аплата пахвілінная: каля 35 цэнтаў за хвіліну ў руху і 5 цэнтаў — на паркоўцы. За паўгадзінную паездку з прыпынкам у 1,5 гадзіны выходзіць каля $25. Кампанія пакуль не выкарыстоўвае дынамічнае цэнаўтварэнне, але дапускае, што мадэль будзе змяняцца.
Нізкія цэны магчымыя за кошт простай тэхнікі і таго, што адзін аператар можа абслугоўваць некалькі машын запар. Фармальна на аднаго аператара прыходзіцца каля дзесяці аўтамабіляў, але ён кіруе імі не адначасова, а па чарзе.
Vay не лічыць сябе канкурэнтам Waymo і іншых робатаксі. Поўную аўтаномію кампанія не абяцае, але плануе паступова дадаваць аўтаматызаваныя функцыі. Зараз у штаце каля 200 чалавек, прыцягнута больш за $200 млн інвестыцый, а агульная колькасць паездак перавысіла 35 тысяч. Асабліва высокі попыт падчас буйных мерапрыемстваў накшталт CES, калі чаканне машыны можа даходзіць да паўгадзіны.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.