У App Store з'явілася сацсетка, у якой з карыстальнікам размаўляюць толькі чат-боты
SocialAI дазваляе дзяліцца думкамі з АІ-ботамі, якія даступныя ў любы час і могуць адказваць бясконца. Такім чынам, пасты карыстальніка ніколі не будуць сустрэтыя маўчаннем і будуць збіраць велізарную аўдыторыю. Боты запраграмаваныя з энтузіязмам рэагаваць на ўсе публікацыі на ўсе лады — нават з сарказмам, скептыцызмам або песімізмам. А яшчэ можна быць упэўненым, што ў абмеркаванне не прыйдуць рэальныя людзі.
У сацсетцы можна выбраць падпісчыкаў — напрыклад, «тых, што падтрымліваюць», «батанікаў» і іншыя тыпы. На старце даступныя 32 тыпы, трэба выбраць мінімум тры. Боты будуць адказваць на пасты ў абраным стылі.
Стваральнік сацсеткі — 28-гадовы Майкл Сеймэн, раней ён працаваў у тым ліку ў Facebook. У маі 2022 года яго кампанія Friendly Apps прыцягнула $3 млн яшчэ да таго, як абзавялася гатовым прадуктам. Распрацоўшчык кажа, што новая праграма мае дапамагчы людзям «адчуць сябе пачутымі, дасць ім прастору для разважанняў, падтрымкі і зваротнай сувязі». Крыніцай ідэі стала яго асабістая патрэба выгаварыцца, калі накрывае адзінота і няма да каго звярнуцца. Сеймэн прызнае, што праграма наўрад ці стане ўніверсальным рашэннем праблемы, але ўпэўнены, што многім яна дапаможа самарэфлексаваць і расці.
TechCrunch, аднак, адзначае, што праграма больш дэманструе магчымасці АІ, напрыклад, яго ўменне імітаваць чалавечае маўленне, і сумняваецца, што людзі будуць карыстацца ёй на пастаяннай аснове.
Читать на dev.by