У Грузіі збіраюцца прыняць закон пра замежных агентаў. Чаму айцішнікі супраць?

Апошнімі днямі ў Грузіі працягваюцца гарачыя дэбаты і пратэсты вакол праекта двух законаў пра замежных агентаў. Прадстаўнікі грузінскай ІТ-супольнасці лічаць, што законы могуць негатыўна паўплываць на галіну. Замежнымі агентамі могуць стаць і беларускія ІТ-кампаніі, якія актыўна адкрывалі офісы ў Грузіі летась. 

Сітуацыю вакол рэзанансных законаў разабраў тэлеграм-канал «Ты таксама ў Грузіі?».

42 каментарыя

Што за закон пра замежных агентаў?

Пры канцы лютага рух «Сіла народа» ініцыяваў законапраекты «Пра празрыстасць замежнага ўплыву» і «Пра рэгістрацыю замежных агентаў». Першы законапраект тычыцца толькі НДА і СМІ, а другі — як фізічных, так і юрыдычных асоб (з некаторымі выключэннямі).

Абодва законапраекты маюць разгледзець сёння, 7 сакавіка, на пленарным пасяджэнні парламента.

UPD. Парламент Грузіі зацвердзіў у першым чытанні законапраект «Пра празрыстасць замежнага ўплыву».

«Пра празрыстасць замежнага ўплыву»

У праекце закона «Пра празрыстасць замежнага ўплыву» агентамі замежнага ўплыву лічацца некамерцыйныя арганізацыі і СМІ, у якіх больш за 20% гадавога даходу складае замежнае фінансаванне. Гэта не закране арганізацыі, заснаваныя адміністрацыйнымі органамі, і спартыўныя федэрацыі.

Арганізацыі будуць абавязаныя зарэгістравацца як агенты і штогод падаваць фінансавую дэкларацыю. Інакш ім стане пагражаць штраф у памеры 25 тысяч лары (прыкладна $9,5 тысяч).

«Пра рэгістрацыю замежных агентаў»

А вось другі дакумент, «Пра рэгістрацыю замежных агентаў», прадугледжвае не толькі адміністрацыйную, але і крымінальную адказнасць.

Любая фізічная і юрыдычная асоба з замежным фінансаваннем будзе абавязаная зарэгістравацца ў якасці «замежнага агента». 

Выключэнне: дыпламаты, консулы і супрацоўнікі дыпламатычнай службы і консульскіх устаноў; службовыя асобы замежнай дзяржавы. А яшчэ — асобы, звязаныя з дабрачыннасцю, і асобы, якія «добрасумленна займаюцца рэлігійнай, адукацыйнай, навуковай, акадэмічнай або мастацкай дзейнасцю» (што гэта значыць, пакуль незразумела).

За невыкананне закона — штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў.

«Сіла народа» заяўляла, што законапраект «Пра рэгістрацыю замежных агентаў» быў цалкам скапіяваны з амерыканскага закона FARA (закон ЗША; прыняты ў 1938 годзе; патрабуе, каб замежныя агенты ў Штатах, якія прадстаўляюць інтарэсы замежных дзяржаў у «палітычнай або квазіпалітычнай якасці», раскрывалі свае адносіны з замежным урадам і інфармацыю пра адпаведную дзейнасць і фінансы).

Аднак грузінскія эксперты выявілі, што пры перакладзе амерыканскага закона быў прапушчаны важны пункт, згодна з якім не падлягаюць абавязковай рэгістрацыі партнёры і прадстаўнікі краін, важныя для абароны і бяспекі дзяржавы.

Якія аргументы «за» былі ў прадстаўнікоў дзейнай улады?

  • Спікер парламента Шалва Папуашвілі сцвярджае, што прыняцце закона пра замежных агентаў — адказ на запыт народа Грузіі пра доступ да інфармацыі.
  • Міністр юстыцыі Раці Брэгадзэ адказаў прадстаўнікам СМІ, што законапраект служыць «мэце празрыстасці».
  • Прэм’ер-міністр Грузіі Іраклій Гарыбашвілі заявіў, што «будучыня нашай краіны не належыць ані агентам, ані прыслужнікам замежных дзяржаў. Будучыня нашай краіны належыць патрыётам».

Якія аргументы «супраць» былі ў апазіцыі (і не толькі)?

  • Супраць прыняцця закона выступілі прадстаўнікі розных слаёў грамадства: ад грузінскіх вінакурняў і фестывалю Tbilisi Open Air да офіса ААН у Грузіі і Дзярждэпа ЗША.
  • Напрыклад, партыя «Адзіны нацыянальны рух» заявіла, што праект закона пра празрыстасць замежнага ўплыву «накіраваны на ўзмацненне дзяржаўнага кантролю над грамадзянскай супольнасцю і арганізацыямі, на знішчэнне свабодных СМІ і крытычнага меркавання, што з’яўляецца асновай для ўсталявання аўтарытарнага рэжыму».
  • А былыя дэпутаты «Грузінскай мары» распаўсюдзілі сумесную заяву, дзе гаворыцца, што «гэтая ініцыятыва супярэчыць асноватворным прынцыпам дэмакратыі і выклікае дэманізацыю дружалюбных і партнёрскіх краін, а таксама грамадзянскай супольнасці Грузіі».
  • Супраць выступіла прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі і паабяцала накласці вета. У прыватнасці, яна лічыць, што закон пра замежных агентах «абмяжуе свабоду няўрадавых арганізацый» і будзе «вельмі шкодным для дэмакратычнай трансфармацыі нашага грамадства». 
  • Еўрасаюз заявіў, што прыняцце такіх законаў несумяшчальнае з выкананнем рэкамендацый для атрымання Грузіяй статусу кандыдата ў Еўрасаюз, а таксама з нормамі і каштоўнасцямі ЕС. 
  • Абмеркаванне абодвух законапраектаў праходзіла на тле пратэстаў. На адным з іх, які прайшоў у Тбілісі 2 сакавіка, затрымалі 36 чалавек.

Як гэта можа пагражаць бізнэсу і інвестыцыям у Грузію? Прыватныя думкі

  • Як піша dev.ge, у выпадку прыняцця гэтага законапраекта агентамі замежнага ўплыву могуць лічыцца міжнародныя кампаніі, якія працуюць у Грузіі, напрыклад, Viber, EPAM, Exadel. І нават сам dev.ge.
  • Дырэктар агратэхналагічнага стартапа DG Systems Тарніке Мжаванадзе заявіў, што прыняцце гэтага закона прывядзе да адтоку інвестыцый. З ім салідарны Гуры Каіава, заснавальнік грузінскай сеткі інвестараў-анёлаў Axel, які бачыць тут перспектыву страты інвестыцый з ЕС.
  • Кіраўніца Цэнтра лічбавай трансфармацыі ўніверсітэта Альтэ Нана Дзіхамінджыа лічыць, што закон пра замежных агентаў акажа негатыўны ўплыў на сферу ІТ і тэхналогій (так як фінансаванне многіх праектаў у школах і ўніверсітэтах ажыццяўляецца міжнароднымі арганізацыямі).
  • Тэона Далакішвілі, кансультантка CDC Business, думае, што новы закон акажа вялікі негатыўны ўплыў на ІТ-сектар, паколькі лічбавыя прадукты ў Грузіі адаптаваныя да вонкавага рынку. Таксама сёння многія ІТ-кампаніі працуюць з такімі буйнымі донарамі, як, напрыклад, USAD. І прыняцце закона пра замежных агентаў стане для іх перашкодай. 
  • Стартаперы і прадпрымальнікі выпусцілі заяву, што яны катэгарычна супраць закона пра «агентаў замежнага ўплыву», бо той пазбаўляе Грузію «еўрапейскай будучыні і перспектывы развіцця».
Найбуйнейшы банк Грузіі пачаў масава блакаваць рахункі экспатам
Па тэме
Найбуйнейшы банк Грузіі пачаў масава блакаваць рахункі экспатам
Як (і нашто) атрымліваць дазвол на жыхарства ў Грузіі?
Па тэме
Як (і нашто) атрымліваць дазвол на жыхарства ў Грузіі?

Читать на dev.by