У Мінску закрывае офіс яшчэ адзін топавы распрацоўшчык гульняў
Міжнародны распрацоўшчык і выдавец мабільных гульняў Playgendary ліквідуе кампанію ў Беларусі — ТАА «Плэйджэндары Дэвелапмент». Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце адзінага дзяржрэгістру. Паводле даных АДР, рашэнне прынятае 5 лютага ўласнікам.
Чуткі пра магчымае закрыццё мінскага офіса Playgendary з’явіліся яшчэ летам мінулага года. Тады па кампаніі прайшла хваля звальненняў. Прычым без працы засталіся не толькі супрацоўнікі мінскага офіса, але і іншых лакацый.
Паводле слоў былых супрацоўнікаў кампаніі, яшчэ ў маі ім паведамілі, што могуць узнікнуць праблемы з пераказам грошай з-за мяжы на заробкі. Каб гэтага пазбегнуць, трэба было звольніцца са штату ў Мінску і падпісаць дыстанцыйна дамову з кіпрскім офісам. У выніку частку супрацоўнікаў, якія падпісалі такую дамову, нібыта на працягу кароткага перыяду часу звольнілі (называлася лічба — ад 150 да 200 чалавек).
У кампаніі не адмаўлялі, што былі звальненні, але заявілі, што адначасова альбо ў кароткі прамежак адразу 200 чалавек не звальнялі. На пытанне пра кіпрскую ракіроўку прадстаўнік Playgendary тады коратка адказаў: «Няма сэнсу пераводзіць на Кіпр, а потым звальняць».
Днямі ў Playgendary зноў прайшлі звальненні, паведаміў dev.by адзін з чытачоў. Ён сцвярджае, што такое рашэнне кампаніі было нечаканым для супрацоўнікаў. Іншыя падрабязнасці расказаць адмовіўся.
Мы адправілі запыт кампаніі. Апублікуем адказ, калі атрымаем.
У Беларусі ў кастрычніку 2021 года ў Playgendary працавала каля 120 чалавек. Улетку 2022 года, як сцвярджалі былыя супрацоўнікі, штат скараціўся да 40 чалавек.
У лінкедзіне мы знайшлі профілі 300 чалавек, якія пазначылі Playgendary ў якасці актуальнага працадаўцы. Некалькі дзясяткаў спецыялістаў пазначылі ў якасці асноўнай лакацыі Беларусь. Ад восені 2022 кампанія стала прапаноўваць опцыю рэлакейту, у першую чаргу ў Расію, таксама ў Польшчу, Узбекістан, Грузію, Турцыю, Арменію.
На момант публікацыі на сайце Playgendary было 12 адкрытых вакансій.
Playgendary — міжнародны распрацоўшчык і выдавец мабільных гульняў. Кампанія была заснаваная Змітром Шалянгоўскім. Штаб-кватэра паблішара знаходзіцца на Кіпры.
Па выніках 2020 года кампанія ўвайшла ў топ-20 найпапулярнейшых мабільных паблішараў паводле версіі Sensor Tower, і ў топ-10 паводле версіі App Annie.
Па выніках 2021 Playgendary ўваходзіла ў топ-3 найпапулярнейшых мабільных распрацоўшчыкаў з беларускімі каранямі. На сёння агульная колькасць спамповак гульняў кампаніі перавышае 3 мільярды.
За 2021 год, паводле звестак Sensor Tower, гульні кампаніі набралі 433 мільёны спамповак — на 42% менш, ніж у 2020 годзе. Выручка кампаніі перавысіла 30 мільёнаў долараў — на 6+ мільёнаў долараў менш, ніж у 2020 годзе.
На сайце Playgendary сцвярджаецца, што ў кампаніі працуе 500 чалавек. Спамповак гульняў — 3+ млрд, а штомесячная аўдыторыя — 250+ мільёнаў актыўных карыстальнікаў.
Читать на dev.by