У OpenAI з’явілася новая CEO. Яна з Facebook
Былая топ-менеджарка Facebook Фіджы Сіма ўзначаліць напрамак распрацоўкі аплікацый у OpenAI. Пра гэта ў X паведаміў гендырэктар кампаніі Сэм Альтман.
Пасада Сіма афіцыйна гучыць як «ceo of applications». Пры гэтым Альтман застанецца ў ролі СЕO ўсёй OpenAI, а Сіма будзе падпарадкоўвацца яму. Увядзенне новай ролі дазволіць яму «засяродзіцца на даследаваннях, вылічальных магутнасцях і бяспецы» ШІ.
Сіма больш за дзесяць гадоў працавала ў Facebook, дзе з 2019 года кіравала аплікацыяй сацсеткі і курыравала функцыянал, які дапамог пабудаваць рэкламны бізнес кампаніі. Цяпер яна займае пасаду гендырэктара сэрвісу дастаўкі Instacart. Пад яе кіраўніцтвам ён выйшаў на IPO.
З мінулага года Сіма ўваходзіць у раду дырэктараў OpenAI, якая, дарэчы, таксама рыхтуецца да выхаду на біржу і вядзе перамовы з Microsoft пра перагляд стратэгічнага партнёрства ў сувязі з гэтым. Тым не менш, у найбліжэйшыя некалькі месяцаў яна працягне працу ў Instacart, пакуль кампанія не знойдзе пераемніка.
Аплікацыі з’яўляюцца важнай часткай бізнесу OpenAI. Так, аплікацыя ChatGPT даступнае на iOS, Android, Windows і macOS. Акрамя таго, OpenAI распрацоўвае фірмовы аналаг X.
Читать на dev.by