У Польшчы паведамілі, калі могуць быць адкрыты яшчэ два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю
Днямі з’явілася інфармацыя пра тое, што Польшча хутка можа аднавіць рух праз яшчэ два пагранпераходы з Беларуссю — Кузьніца Беластоцкая (Брузгі) і Баброўнікі (Бераставіца). Ва ўрадзе краіны ўдакладнілі, прыкладна калі.
Польскі міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервіньскі паведаміў, што калі гэта адбудзецца, то на некалькі тыдняў пазней, чым планавалася.
«Мы, верагодна, зрабілі б гэта значна раней, калі б не той факт, што Літва адначасова свае пераходы з Беларуссю зачыняе. Літоўцы — нашыя партнёры, мы з імі ў кантакце», — патлумачыў Кервіньскі. Яго намеснік Чэслаў Мрочак пацвердзіў, што Польшча будзе каардынаваць адкрыццё сваіх пунктаў пропуску на беларускай мяжы з Літвой.
Цяпер прадстаўнік польскага ўрада Адам Шлапка паведаміў агенцтву PAP, што прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск і яго літоўская калега Інга Ругіненэ дамовіліся аб адкрыцці згаданых КПП «прыкладна ў сярэдзіне лістапада». Дакладныя даты не названыя.
«Учора я размаўляла з прэм’ер-міністрам Польшчы па тэлефоне. Гэта была вельмі падрабязная, вычарпальная размова, і мы вырашылі, што прэм’ер-міністр Польшчы адкладзе адкрыццё межаў. Гэта азначае, што мы каардынуем нашыя дзеянні і на сёння межы будуць зачыненыя як у Польшчы, так і ў Літве, — цытуе Ругіненэ літоўскі партал lrt.lt.
На польскія планы паўплывала тое, што Літва зачыніла мяжу з Беларуссю да 30 лістапада. Праз Шальчынінкай (Беняконі) і Мядзінінкай (Каменны Лог) будуць прапускаць абмежаваны круг асоб. На гэтым фоне павялічылася колькасць транспарту, які чакае выезду з Беларусі праз мяжу з Польшчай.
Читать на dev.by