У Расіі хочуць стварыць кантрактныя «кібервойскі»
Кіраўнік расійскага Мінлічбы Максут Шадаеў падтрымаў планы стварэння расійскіх «кібервойскаў» падчас выступу на CNews Forum 2023, піша vc.ru. Кантрактная служба «працуе», а значыць, можна абмеркаваць аналагічны фармат службы і ў «войсках спецвіду», адзначыў ён.
Шадаеў удакладніў, што ідэя не павінна паўплываць на выдачу адтэрміновак спецыялістам, якія працуюць у акрэдытаваных ІТ-кампаніях. Ад 1 студзеня 2024 года атрымаць яе змогуць грамадзяне да 30 гадоў.
Сфармаваць «кібервойскі», якія будуць працаваць з кіберзабеспячэннем ваенных аперацый і інфармацыйнымі атакамі, і адпраўляць туды прызыўнікоў з ліку распрацоўшчыкаў прапанаваў намеснік кіраўніка Мінпрамгандлю Васіль Шпак у сакавіку 2022 года. Паводле ягоных слоў, служба ў такіх войсках магла б стаць для айцішнікаў «альтэрнатывай адтэрміноўцы ад службы ў войску».
Дэпутат Дзярждумы Антон Гарэлкін выказаў здагадку, што гэта падраздзяленне маглі б разгарнуць пры Расгвардыі, каб нарошчваць «лічбавыя кампетэнцыі» сілавога ведамства.
Прапанову Шпака хвалілі ў ІБ-кампаніі Infowatch. «Высокакваліфікаваныя айцішнікі — рэдкасць. Каб вырабляць тэхналогіі ў кіберсферы, трэба шмат вучыцца, і адпраўляць гэтых людзей на перадавую — не самы эфектыўны спосаб іх выкарыстання», — разважала прэзідэнтка Infowatch Наталля Касперская. Паводле яе слоў, замест гэтага можна мабілізаваць такіх спецыялістаў у «кібервойскі».
Читать на dev.by