У ЗША прайшоў турнір па кодынгу паміж людзьмі і ШІ. Здагадайцеся, хто перамог
У Сан-Францыска прайшлі спаборніцтвы праграмістаў «Man vs. Machine», дзе больш за сотню ўдзельнікаў правяралі, хто хутчэй і эфектыўней справіцца з кодынгам — людзі ці каманды з падтрымкай ШІ.
Арганізатары выпадковым чынам падзялілі 37 камандаў на «чалавечыя» і «ШІ-асіставаныя». Змагаліся за $12 500 і крэдыты на API ад OpenAI і Anthropic.
Хакатон правялі даследчыкі з METR, якія раней паказалі, што ШІ-інструменты могуць запавольваць дасведчанных распрацоўшчыкаў на 19%. На гэты раз умовы былі іншымі: удзельнікам далі восем гадзін і магчымасць прапанаваць новыя праекты. У фінал выйшлі шэсць камандаў — тры без ШІ і тры з яго падтрымкай.
Сярод прапаноў былі інструмент для піяністаў са зваротнай сувяззю ад ШІ, аплікацыя для адсочвання прачытаных кніг і нават сэрвіс для сувязі суседзяў. Спаборніцтва ацэньвалася па чатырох крытэрыях: крэатыўнасць, практычная карысць, тэхнічная складанасць і якасць выканання.
Па выніках галоўным пераможцам стаў праект рэвью-кода з цеплавымі картамі, дзе крытычныя памылкі падсвечваліся чырвоным, а менш важныя змены — зялёным. Гэты інструмент быў створаны з дапамогай ШІ. Другое месца заняў «чалавечы» праект — сэрвіс для пісьменнікаў, які аўтаматычна адсочвае персанажаў, іх характарыстыкі і ўзаемаадносіны, дапамагаючы пазбегнуць сюжэтных нестыковак.
Нягледзячы на перамогу машыннага боку, вынікі камандаў аказаліся амаль роўнымі. Многія ўдзельнікі прызнаваліся, што хацелі апынуцца «па іншы бок» і сыграць ролю Давіда супраць Галіяфа. Як прызналі самі пераможцы, «у такім фармаце чалавек заўсёды хоча верыць у сябе, але на справе камбінацыя чалавек плюс машына амаль заўсёды перамагае».
Читать на dev.by